Алькеніцкая пастанова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Алькеніцкая пастанова («Генеральная пастанова станаў ВКЛ, вечная і ніколі непарушная, на вальным з’ездзе ваяводстваў і паветаў, паспалітым рушэннем пад Алькенікамі ўхваленая») — заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, прыняты 24 лістапада 1700 года рэспубліканцамі на з’ездзе паспалітага рушэння пасля перамогі над войскам Сапегаў у Алькеніцкай бітве ў тым жа годзе.

З’езд адбыўся 20 — 24 лістапада 1700 года ў Алькеніках пад дырэкцыяй мсціслаўскага ваяводы Міхала Сясіцкага, у выніку чаго была ўтворана шляхецкая канфедэрацыя і прынята Алькеніцкая пастанова. У адпаведнасці з ёю было арганізавана новае войска Вялікага Княства Літоўскага (7900 чал.), на ўтрыманне якога прызначаўся шэраг падаткаў і пабор з «нойбургскіх удаданняў» у памеры 300 тыс. злотых штогод. Войска на 2 гады перадавалася пад камандаванне генеральнага палкоўніка Міхала Сервацыя Вішнявецкага, улада над ім вялікага гетмана К. Я. Сапегі і польнага гетмана Я. Б. Слушкі касавалася. Пры Вішнявецкім ствараўся дарадчы орган з камісараў — прадстаўнікоў паветаў, асобных сенатараў і цэнтральных ураднікаў княства. Збор мытных паступленняў на 2 гады перадаваўся ў арэнду троцкаму кашталяну М. К. Коцелу і жмудскаму старасту Р. А. Агінскаму. Быў скасаваны Скарбовы трыбунал Вялікага Княства Літоўскага 1700 і адменены ўсе яго дэкрэты, зняты абвінавачванні ў фінанасавых злоўжываннях з Коцела і Агінскага, якія павінны былі зрабіць справаздачу аб сваёй дзейнасці вызначанай на з’ездзе камісіі. Больш таго, абодва атрымалі «за заслугі» па 100 тыс. злотых са скарбу ВКЛ. На ўсе злоўжыванні паспалітага рушэння была абвешчана амністыя.

Галоўныя рашэнні Алькеніцкая пастанова датычылі Сапегаў і іх прыхільнікаў. Вялікі гетман К. Я. Сапега, вялікі падскарбі Б. П. Сапега, стольнік Ю. С. Сапега, вялікі маршалак А. П. Сапега і польны пісар М. Я. Сапега асуджаліся на выгнанне, пазбаўляліся гонару, тытулаў, пасад і старостваў. Іх маёнткі канфіскоўваліся на карысць дзяржавы і перадаваліся ў пасесію генеральнаму палкоўніку Вішнявецкаму. Апошні прызначаў там адміністратараў, якія павінны былі рабіць справаздачы камісарам, а таксама прызначаў сваіх намеснікаў у сапегаўскія староствы. У маёнтках размяшчалася войска. Іўе перадавалася параненым і нашчадкам забітых у Алькеніцкай бітве. Чарэя за мытныя махінацыі Б. П. Сапегі пераходзіла ў іпатэку да скарбу ВКЛ, пасланыя камісары павінны былі сабраць там 300 тыс. злотых. «Нойбургскія ўладанні» перадаваліся пад апеку К. С. Радзівіла, які абавязваўся не спрабаваць іх выкупіць. Правы канцлера на гэтыя маёнткі абгрунтоўваліся т.зв. варшаўскім запісам 1669 — падробленым завяшчаннем Багуслава Радзівіла. Не падлягалі канфіскацыі маёнткі Е. Ф., Ю. Ф. і Я. К. Сапегаў, а таксама прадстаўнікоў коданскай лініі роду, пры ўмове прынясення прысягі прытрымлівацца Алькеніцкай пастановы і не дапамагаць асуджаным сваякам. Маёнткі канфіскоўваліся і ў прыхільнікаў Сапегаў, калі яны ў 2-тыднёвы тэрмін не выканаюць аналагічнай прысягі (не датычыла сапегаўцаў, якія «за відавочныя здрады супраць Рэчы Паспалітай асобнымі пастановамі ад ваяводстваў і паветаў асуджаны»).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]