Аляксандр Сафронавіч Доўбік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аляксандр Сафронавіч Доўбік
Род дзейнасці: праваабаронца
Дата нараджэння: 6 ліпеня 1921(1921-07-06)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 30 сакавіка 2015(2015-03-30) (93 гады)
Альма-матар:
Партыя:
Член у

Аляксандр Сафронавіч Доўбік (6 ліпеня 1921, х. Сеніца, Слуцкі павет, Мінская губерня, БССР) — 30 сакавіка 2015) — праваабаронца, палітычны вязень у СССР, настаўнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзед Доўбіка Яўтроп Іванавіч быў асуджаны ў 1933 годзе на тры гады зняволення, а ў 1937 годзе паўторна арыштаваны і ў 1938 годзе расстраляны. Бацька Сафрон Яўтропавіч, які ўцёк у 1920-я гады ў Польшчу, быў арыштаваны ў Клецку ў 1939 годзе і расстраляны ў 1940 годзе. Маці Зося Усцінаўна ў 1930-я гады была выслана ў Караганду (Казахстан), куды і выехалі за ёй у 1937 годзе Аляксандр Доўбік з сястрой Ганнай. Паступіў на вучобу ў Горны тэхнікум, праз 2 гады перавёўся на курсы падрыхтоўкі настаўнікаў для няпоўных сярэдніх школ пры Карагандзінскім педагагічным інстытуце, якія скончыў у 1940 годзе. 16 верасня 1940 года мабілізаваны. Служыў на караблях Чарнаморскага флоту. Паранены, кантужаны. Выехаў да маці ў Казахстан. Працаваў у калгасе. У чэрвені 1943 года зноў мабілізаваны. Служыў на Чорным і Балтыйскім морах. Пасля дэмабілізацыі з ВМФ у снежні 1945 года вярнуўся ў Беларусь. З 1946 па 1947 працаваў настаўнікам у Жухавіцкай няпоўнай школе Мірскага раёна, з 1947 настаўнічаў у Мядзвядскай няпоўнай школе Мірскага раёна. У 1950 годзе завочна скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1954 года загадчык навучальнай часткі пачатковай школы ў вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, пазней стаў яе дырэктарам. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

У лістападзе-снежні 1956 года паспрабаваў праз амбасады ў Маскве накіраваць лісты прэзідэнту ЗША Д. Эйзенхаўэру, прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Э. Ідэну і прэм'ер-міністру Індыі Дж. Нэру. У гэтых лістах ён крытыкаваў камуністычную партыю і М. Хрушчова, называў імёны вядомых яму ахвяр рэжыма, прасіў звярнуць увагу, што СССР з'яўляецца сябрам ААН, а «дэкларацыю арганізацыі па правах чалавека не выконвае». У ліпені 1957 года накіраваў ананімны ліст В. Молатаву ў яго падтрымку (у чэрвені Молатаў быў зняты з усіх пасад за спробу змясціць Хрушчова)[1]. Лісты былі перахопленыя КДБ. Арыштаваны 15 кастрычніка 1958 года. 22 лістапада 1958 года асуджаны Гродзенскім абласным судом за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» (частка «а» артыкула 72 КК БССР) да 10 гадоў папраўча-працоўнага лагера. Этапаваны ў Дубраўлаг (Мардоўская АССР). Пастановай Прэзідыўма Вярхоўнага суда БССР ад 17 ліпеня 1959 г. тэрмін зніжаны да 5 год[2]. Вызвалены 15 кастрычніка 1963 года. Працаваў настаўнікам у Навагрудскім раёне. Неаднаразова зазнаваў ціск з боку спецслужбаў СССР. У 1972 годзе вымушаны звольніцца з працы. Працаваў у калгасе, на сваёй гаспадарцы.

Рэабілітаваны Вярхоўным Судом Беларусі 20 снежня 1991 года. Асабістая справа Д. № п-13359 захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобласці.

У 1990-я гады ўдзельнічаў у грамадска-палітычнай дзейнасці. Быў дэлегатам 1 з'езду ТБМ. У 1994 годзе ўвайшоў у БНФ, агітаваў за Зянона Пазняка на прэзідэнцкіх выбарах. Абіраўся старшынём Карэліцкай раённай суполкі Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій (БААПР), быў сябрам Рады БААПР. Выяўленыя ім імёны ахвяр палітычных рэпрэсій увайшлі ў кнігу «Памяць» Карэліцкага раёна. У гэты час жыў у вёсцы Уша Карэліцкага раёна.

Са студзеня 2003 года пасля цяжкай хваробы і траўмы жыў у Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Аўтар мемуараў.

Зноскі

  1. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 486.
  2. База данных «Жертвы политического террора в СССР».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]