Ару
Ару | |
---|---|
індан. Aru | |
Выгляд з космасу | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 95 |
Найбуйнейшы востраў | востраў Транган |
Агульная плошча | 8 563 км² |
Насельніцтва | 34 000 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 3,97 чал./км² |
Размяшчэнне | |
6°10′ пд. ш. 134°30′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Арафурскае мора |
Краіна | |
![]() |
Ару (індан.: Aru) — архіпелаг на захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Малуку. Плошча — 8563 км². Насельніцтва (2010 г.) — 34 000 чал.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Астравы Ару месцяцца ў Арафурскім моры ў 116 км ад вострава Новая Гвінея, у 476 км ад мацерыка Аўстралія, у 3012 км ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. З'яўляюцца працягам мацерыка Аўстралія. Да заканчэння апошняга ледавіковага перыяда складалі частку сушы паміж сучасных Новай Гвінеяй і Аўстраліяй.
Геалагічная пабудова архіпелага даволі складаная. Вылучаюць раёны, складзеныя пераважна алювіяльнымі пародамі, і вапняковыя скалістыя фарміраванні каралавага паходжання.
Усяго налічваецца 95 астравоў. 89 з іх населены. Найбуйнейшы востраў Транган займае плошчу 2149 км². Усе астравы Ару нізкія, адасобленыя вузкімі пралівамі і пратокамі. На захадзе сустракаюцца пагорыстыя раўніны.
Клімат трапічны мусонны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +25°C да +27,4°C.
Архіпелаг знаходзіцца ў зоне частых землятрусаў.
Прырода[правіць | правіць зыходнік]
Прырода астравоў Ару блізкая да суседніх Новай Гвінеі і Паўночнай Аўстраліі. Трапічныя лясы займаюць 730 000 га. Цэнтральныя часткі буйных астравоў пакрыты саваннамі. На ўзбярэжжы сустракаюцца мангры.
Распаўсюджаныя расліны: сагавая пальма, тэрміналія, хваёвыя, папараці і інш. Астравы Ару славяцца рэдкімі птушкамі. Іх насяляюць драўняныя кенгуру, казуары, райскія птушкі, чарапахі, яшчаркі і г. д.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Астравы Ару маглі быць населены продкамі сучасных папуасаў і абарыгенаў Аўстраліі ўжо 40 тысяч гадоў таму. Пазней Ару былі заняты аўстранезійцамі. Дакладны час прыходу аўстранезійцаў не вядомы. Гэта магло здарыца ў 2 - 1 тысячагоддзях да н. э. або толькі ў 1 тысячагоддзі н. э. Ускосным сведчаннем апошняга меркавання з'яўляецца частковае выміранне мясцовых відаў жывёл ў дадзены перыяд. У выніку на астравах склалася 14 этна-моўных груп, блізкіх да народаў Малукскіх астравоў і Тымора.
Сталыя кантакты абарыгенаў астравоў Ару з еўрапейцамі, а таксама мараходамі Вялікіх Зондскіх астравоў пачаліся толькі ў XVI ст. Адсюль вывозілі жэмчуг, пер'е райскіх птушак, малюскаў і чарапахавыя панцыры, якія мелі высокі кошт у Кітаі. У XVII ст. манаполія ў гандлі з астравіцянамі паступова перайшла да прадстаўнікоў Нідэрландаў. Галандцы стваралі на Ару камерцыйныя плантацыі, куды ўвозілі ў якасці рабоў або рабочых папуасаў з Новай Гвінеі і тубыльцаў Малукскіх астравоў, што ў выніку паўплывала на развіццё мясцовай культуры.
У 1857 г. астравы Ару наведаў Альфрэд Расэл Уолес.
У 1955 г. архіпелаг быў далучаны да Інданезіі.
У 2014 - 2015 гг. на астравах Ару адбываліся масавыя хваляванні супраць вытворцаў цукровага трыснягу, якія планавалі пашырыць плантацыі за лік амаль паловы лясных тэрыторый. Выступленні мясцовых жыхароў былі падтрыманы грамадскімі палітычнымі і экалагічнымі арганізацыямі ў самой Інданезіі і за яе межамі.
Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]
Астравы Ару складаюць асобную адміністрацыйную вобласць з цэнтрам у вёсцы Доба ў складзе інданезійскай правінцыі Малуку. Яна падзяляецца на 7 раёнаў.
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Традыцыйнымі галінамі эканомікі астравоў Ару з'яўляюцца сельская гаспадарка, лясная гаспадарка, вырошчванне і лоў жэмчугу, рыбалоўства. У 2013 г. агульны ВУП склаў амаль 376 млрд інданезійскіх рупій.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ару
- Kabupaten Kepulauan Aru
- Indonesia Maluku Aru Islands Архівавана 8 красавіка 2016.
- Western portion of the island of New Guinea
- East Indonesia: Plays and Prospectivity of the West Aru, Kai Besar and Tanimbar Area - Identified from New Long Offset Seismic Data
- Alfred Russel Wallace, On the Natural History of the Aru Islands
- Kisah Tragis di Balik Keindahan Kepulauan Aru Архівавана 4 мая 2016.
- Sugar Cane Expansion Continues, Aru Islands Community’s Lives Threatened Once Again