Арцём Кавалеўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Арцём Кавалеўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 18 сакавіка 1979(1979-03-18) (40 гадоў)
Месца нараджэння:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: перакладчык, паэт, журналіст

Арцём Кавалеўскі (18 сакавіка 1979, Мінск) — беларускі паэт, перакладчык, журналіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 2001 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2004—2005 гадах навучаўся на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў, Польшча) у рамках стыпендыяльнай праграмы Урада Польшчы для маладых навукоўцаў. У 2005 годзе скончыў аспірантуру БДУ. У 2009—2011 гадах працаваў рэдактарам аддзела мастацкай літаратуры ў часопісе «Бярозка». Выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ, супрацоўнік кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, займаецца даследаваннем праблем інтэрпрэтацыі і аналізу сучаснай паэзіі. Рэдактар аддзела крытыкі ў часопісе «Маладосць». Жыве ў Мінску.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пачынаючы з 1996 г. рэгулярна публікаваў свае творы ў літаратурных выданнях Беларусі («Першацвет», «Маладосць», «Беларусь», «Полымя», «Літаратура і мастацтва» і інш.). Мае досвед працы рэдактара і сцэнарыста дакументальнага кіно ў РУП «Беларускі відэацэнтр».

Аўтар вершаў да зборніка літаратурна-мастацкіх паштовак «Горад. Шпацыр. Словы», 2001, кніг «АдмыСЛОВЫя гульні», 2003 (паэзія), «Аддаленасць і Адданасць», 2008 (паэзія і лірычная проза), «Мой сябра анёлак», 2010 (паэзія для дзяцей), «АКРЫ», 2013 (візуальна-паэтычны праект, супольна з дызайнерам Русланам Найдзеным). Вершы з кнігі «Мой сябра анёлак» былі пакладзеныя на музыку Змітра Вайцюшкевіча і сталі асновай аднайменнага супольнага музычнага праекта з удзелам салістаў і музыкантаў з гуртоў «Дзецідзяцей», «Босае сонца», «Маўзер», «Дыліжанс», «Серебряная свадьба», «RockFolk» і інш.

Удзельнік нефармальнага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ», стваральнік і тэарэтык логафармізму, творчага метаду сучаснай візуальнай паэзіі. Займаецца літаратурным перакладам з польскай і рускай моў, неаднаразова браў удзел у перакладчыцкіх майстэрнях і семінарах Міжнароднай гуманітарнай школы ў Варшаве. У 2000 г. атрымаў прэмію Саюза беларускіх пісьменнікаў «Супервобраз XXI стагоддзя — гук, колер, форма» за цыкл вершаў. Узнагароджаны Ганаровай граматай РВУ «Літаратура і Мастацтва» за лепшую публікацыю ў часопісе «Маладосць» у намінацыі «Паэзія» за 2007 год і за плённую дзейнасць у развіцці беларускай літаратуры і мастацтва, дыпломам РВУ "Выдавецкі дом «Звязда» і часопіса «Маладосць» за адмысловую паэзію і асабістыя заслугі. Аўтар канцэпцыі і старшыня журы конкурсу літаратурна-гістарычнага эсэ «Вацлаў Ластоўскі і Лаздзіну Пяледа: крыўскія міфы і гістарычныя лёсы», зладжанага ў 2008 г. Саюзам пісьменнікаў Літвы і Інстытутам гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ). У 2004 г. прадстаўляў Беларусь на Міжнародным літаратурным фестывалі «Vilenica» (Славенія).

Творы Арцёма Кавалеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, шведскую, славенскую, польскую і літоўскую мовы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]