Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх (Арэхаўна)
Сядзібна-паркавы комплекс | |
Арэхаўнянская сядзіба | |
---|---|
55°12′15,9″ пн. ш. 28°40′42,10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Арэхаўна |
Дата пабудовы | 1840 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000783 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх, Арэхаўнянская сядзіба — помнік сядзібна-паркавага мастацтва на паўночнай ускраіне аграгарадка Арэхаўна (называлася таксама Лютава або Запалевічы) ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, над возерам пры старым гасцінцы з Лепеля на Полацк.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню паселішча згадваецца пад 1583 годам у пацвярджэнні каралём Стэфанам Баторыям прывілея караля Жыгімонта Аўгуста ўладальнікам гэтай мясцовасці Рагозам. На пачатку XVII ст. Арэхаўна належала Марыяне Корсак з Рагозаў, ад якой перайшло да Сушынскіх, у 1642 годзе маёнтак набыў Тадэвуш Кмітыніч Сялява. Ад гэтага роду маёнтак трапіў да Рыпінскіх. Полацкі крайчы Ян Рыпінскі ў 1745 годзе прадаў маёнтак Антонію і Ядвізе Грабніцкім.
Антоній і Ядвіга ўжывалі прозвішча Дактаровічы, якое ў канцы XVII ст. змянілі на Грабніцкія, але захавалі ранейшае як прыдомак. Гэты роду валодаў маёнткам да кастрычніцкай перавароту 1917 года.
У Антонія і Ядвігі было два сыны: Мікалай і Станіслаў[1]. Адзіны сын Мікалая — Отан (Антон), быў кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у 1863-1864 гадах[1], за што асуджаны да 6 гадоў катаргі і памёр дарогай у Сібір у студзені 1865 года[2]. Імаверна, у сувязі з гэтым, «па рашэнні Віцебскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда ад 4 мая 1872 года»[3], Арэхаўну набыў стрыечны брат Отана — Адам Станіслававіч[1].
Адам Дактаровіч-Грабніцкі і яго два сыны Юстын (нар. 1875) і Ян Тадэвуш (нар. 1879) былі апошнімі ўладальнікамі Арэхаўны. Пасля 1917 года сядзіба заняпала. У былым сядзібным доме ў час Другой сусветнай вайны з 9 ліпеня 1943 да 15 красавіка 1944 года размяшчаўся шпіталь 2-й Ушацкай імя П. К. Панамарэнкі партызанскай брыгады. У памяць пра гэта ў 1958 годзе на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Пазней тут размяшчалася школа.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Сядзібны комплекс быў пабудаваны ў 1840 годзе на паўночнай ускраіне вёскі Арэхаўна.
Сядзібны дом
[правіць | правіць зыходнік]Сядзібны дом — мураваны П-падобны ў плане аднапавярховы будынак з двухпавярховай цэнтральнай часткай, вылучанай балконам і завершанай трохвугольным франтонам. Сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасада парушана бакавым размяшчэннем увахода, аформленага 4-калонным атыкавым порцікам. Дваровы фасад вырашаны сіметрычна: у цэнтры выступае 2-павярховы акруглы эркер і кароткія бакавыя крылы. У аздабленні фасадаў выкарыстаны рустоўка, дэнтыкулы, прафіляваныя карнізы, ліштвы і сандрыкі ў абрамленні акон. Планіроўка анфіладная. У цэнтры вылучаецца вялікая авальная зала з вітай лесвіцай.
У сядзібе мелася вялікая бібліятэка, карцінная галерэя, у якой былі сабраны творы Дэлакруа, Вато, Фраганара, каштоўныя зборы фарфору, срэбра, венецыянскай бронзы, старадаўняй зброі.
Капліца
[правіць | правіць зыходнік]Побач з гаспадарскім домам у 1875 годзе архітэктарам Віткоўскім была пабудавана мураваная фамільная капліца-пахавальня.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс уключаў рэгулярны парк плошчай 20 га з возерам, у якім раслі кедры, лістоўніцы, таполі і інш., сядзібны дом, флігель, шмат гаспадарчых пабудоў (часткова захаваліся). Ад уязной брамы да параднага двара-курданёра ішла цэнтральная алея.
Зноскі
- ↑ а б в Дневники Города Дождей: Шепот камней или мое открытие сезона, Бегомль, Бобцы, Ушачи, Ореховна...(недаступная спасылка). Дневники Города Дождей (воскресенье, 12 июля 2015 г.). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2019. Праверана 22 студзеня 2024.
- ↑ Грабницкий Отан Николаевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 168. — 737 с.
- ↑ За четверть века до катастрофы (Василий Азоронок) / Проза.ру . proza.ru. Праверана 22 студзеня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Арэхаўнянская сядзіба // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 174—175.
- Сядзіба. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 425—426.
- Кулагін А. М. Арэхаўнянская сядзіба // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 1. А капэла — Габелен / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. — С. 158. — 727 с. — 10 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх (Арэхаўна) на сайце Radzima.org
- Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх (Арэхаўна) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх (Арэхаўна) на сайце «Архіварта»