Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч
польск.: Adam Hrebnicki-Doktorowicz
Дата нараджэння 25 снежня 1857 (6 студзеня 1858)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 кастрычніка 1941(1941-10-13) (83 гады)
Месца смерці
Род дзейнасці батанік
Навуковая сфера cадаводства
Месца працы
Альма-матар
Commons-logo.svg Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч на Вікісховішчы

Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч (польск.: Adam Hrebnicki-Doktorowicz; 6 студзеня 1858, Цётча Лепельскага павета Віцебскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці Беларусі — 13 кастрычніка 1941, Роюс паблізу Ігналіны, цяпер Ігналінскі раён Літвы) — біёлаг, батанік, навуковец-садавод і памолаг. Прафесар (1918).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З шляхецкага роду Грабніцкіх герба Астоя. Нарадзіўся ў маёнтку свайго дзядзькі.

У 1972 годзе набыў маёнтак Арэхаўна «па рашэнні Віцебскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда ад 4 мая 1872 года», верагодна, у выніку сумнага лёсу былога ўладальніка — стрыечнага брата Адама Отана Грабніцкага[1].

Вучыўся ў Віцебскай класічнай гімназіі і Дынабургскім рэальным вучылішчы. У 1883 годзе скончыў Лясны інстытут у Санкт-Пецярбургу (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны лесатэхнічны універсітэт), атрымаў дыплом вучонага лесніка I-га класу. Спецыялізацыю праходзіў пад кіраўніцтвам батаніка І. П. Барадзіна.

У 1884—1891 — працаваў асістэнтам, у 1902—1922 гадах быў прафесарам пладаводства і агародніцтва, на заснаванай ім кафедры садаводства Ляснога інстытута.

Магіла А. С. Грабніцкага ў Дукштах Ігналінскага раёна.

У 1895 годзе стаў членам Бюро па прыкладной батаніцы Вучонага камітэта Міністэрства земляробства і дзяржаўных маёмасцяў (цяпер Усерасійскі інстытут раслінаводства ім. М. І. Вавілава, Санкт-Пецярбург). Да работ у Бюро яго і лепшых батанікаў Санкт-Пецярбурга прыцягнуў А. Ф. Баталін, галоўны батанік і дырэктар Імператарскага Батанічнага саду ў Санкт-Пецярбургу. Членамі Бюро без забеспячэння, якія бралі пасільны ўдзел у працах Бюро ў гэты перыяд, былі прызначаныя ў 1894 годзе — асістэнт па кафедры батанікі Імператарскай Ваенна-медыцынскай акадэміі В. К. Варліх і прафесар Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Х. Я. Гобі, у 1895 годзе — выкладчык пладаводства Ляснога інстытута А. С. Грабніцкі і ардынатар Клінічнага інстытута Вялікай княгіні Алены Паўлаўны А. В. Пель; у 1896 годзе — малодшы кансерватар Імператарскага Санкт-Пецярбургскага батанічнага саду Г. І. Танфільеў.

У 1886 годзе апісаў, забяспечыўшы ўласнымі малюнкамі, яблыкі сорту Edelbohmer і ў тым жа годзе апублікаваў працу ў пецярбургскім штомесячніку «Веснік садоўніцтва».

Разам з прафесарам А. Ф. Рудзскім пераклаў на рускую і браў актыўны ўдзел у першым рускім выданні шырока вядомай двухтомнай працы нямецкага садавода М. Гашэ «Кіраўніцтва па пладаводстве» (Пецярбург, 1889).

У 1890 годзе на хутары Рай (цяпер Дукштаская сянюнія Літвы) на плошчы 15 га заклаў гадавальнік і вялікі калекцыйны сад з 512 сартоў яблыні і 256 сартоў грушы і вёў за імі падрабязныя назіранні. У 1922 годзе ў яго памалагічным садзе было ўжо 1197 сартоў яблыні, грушы, слівы, вішні і чарэшні.[2] У 1894 годзе знаходзіўся з навуковымі мэтамі ў Паўночнай Амерыцы.

Увайшоў у гісторыю расійскага садоўніцтва вядомай працай «Атлас пладоў», які выдадзены (1903) пад яго рэдакцыяй і з удзелам у апісанні 46 з 114 распаўсюджаных у Расіі сартоў яблыні і іншых пладовых парод. Выданне «Атласа пладоў» прафінансаваў імператар Мікалай II.

У 1900 годзе ў Пецярбургу пад яго рэдакцыяй выйшла кніга А. Ц. Болатава «Выявы і апісанні розных парод яблыкаў і груш, якія пладаносяць у Дваранінаўскіх, а таксама і ў іншых садках».

Супрацоўнічаў у многіх часопісах, дзе апублікаваў каля 100 артыкулаў па садоўніцтву, у Энцыклапедыі сельскай гаспадаркі, выдадзенай А. Ф. Дэўрыенам у 1900—1906 гадах. Шмат увагі надаваў пошуку і апісанню мясцовых сартоў яблыні.

Помнік Адаму Грабніцкаму ў Роюсе.

Галоўныя навуковыя працы прысвечаны сортавывучэнню, выяўленню і апісанню каштоўных сартоў пладовых культур народнай селекцыі, вывучэнню біялогіі апылення і апладнення пладовых культур.

Быў кавалерам многіх ордэнаў Расійскай імперыі.

Пасля далучэння Прыбалтыкі да СССР у 1939 годзе стаў кансультантам Літоўскага агранамічнага інстытута. Памёр ад цяжкай хваробы.

У Роюсе Адаму Грабніцкаму пастаўлены помнік.

Выбраныя працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Уход за плодовым садом. — СПб, 1893;
  • Атлас плодов (вып. 1-4). — СПб, 1903—1906 (редактор и соавтор);
  • К вопросу о перекрестном опылении плодовых деревьев. — Петроград, 1915.

Зноскі

  1. Василий Азоронок. За четверть века до катастрофы (руск.) 
  2. У 1956 годзе на гэтай тэрыторыі створаны апорны пункт Віценайскай плодагародніннай вопытнай станцыі (цяпер Літоўскі НДІ плодаагародніцтва).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Выдающийся садовод Адам Гребницкий (1857—1941). — Вильнюс. 1962.
  • Садоводы учёные России. — ВНИИСПК Орёл. 1997.
  • Асветнікі зямлі Беларускай, Х-пачатак ХХ ст. : энцыкл. давед. — Мн., 2001. — С. 121.
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. давед. — Мн., 1995. — С. 398.
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 18. Кн. 1. — Мн., 2004. — С. 373.
  • «Рай» в белорусских Дукштах (К 150-летию со дня рождения А. С. Гребницкого) / В. А. Ермоленко // Біялогія : праблемы выкладання. — 2008. — № 5. — С. 62-63.