Перайсці да зместу

Асабняк Мірэнбурга (Бабруйск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Асабняк Мірэнбурга
53°08′26″ пн. ш. 29°13′18″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль класіцызм, ампір і мадэрн
Дата пабудовы 1912 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000066шыфр 513Г000066
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Асабняк — будынак у Бабруйску, размешчаны па вуліцы Пушкіна, 211. Мае элементы стыляў класіцызму, ампіру і мадэрн. Дом — адзін з лепшых узораў беларускай жыллёвай архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачатку XX ст[1].

Пабудаваны ў 1912 годзе бабруйскім лесапрамыслоўцам Мірэнбургам. З 1921 года там быў адкрыты першы радзільны дом, які праіснаваў у гэтым будынку да 1927 года. Да 1922 года тут было 15 коек. У будынку знаходзілася і гінекалагічнае аддзяленне. Потым, верагодна, дом ізноў быў жылым. У далейшым у будынку размяшчаліся яслі-сад, аддзел аховы здароўя Бабруйска[2].

У пачатку 1990-х гадоў гарадскім аддзелам аховы здароўя праведзена рэстаўрацыя будынка. Кладкай печаў займаўся майстар гэтай справы Мацвей Зубараў, прадстаўнік дынастыі бабруйскіх печнікоў, кафляй — камастакі-керамісты мастацка-творчых майстэрняў рэспубліканскага мастацкага фонду на чале з В. А. Калтыгіным[2].

У наш час тут размяшчаецца прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у г. Бабруйску[3].

Порцік

Аднапавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак на высокім цокалі, накрыты вальмавым металічным дахам. На атынкаваным галоўным фасадзе засяроджаная галоўная архітэктурная аздоба. Кампазіцыя фасада сіметрычная: у цэнтры ганак з порцікам на дзвюх канеліраваных калонах кампазітнага ордара, завершаны складаным па форме франтонам. Абодва бакі фланкіраваны несапраўднымі рызалітамі, утворанымі дзвюма пілястрамі з антаблементам і прамавугольным атыкам над імі[1].

Арка ў інтэр'еры
Адзін з зялёных камінаў

У дэкаратыўным аздабленні інтэр’ера галоўная роля належыць шасці маёлікавым з раслінным арнаментам камінам, завершаным складанымі карнізамі і франтонамі. Тры каміны светла-зялёныя, два — белыя з размалёўкай золатам; дэкаратыўнай насычанасцю мастацкай формы вылучаецца камін з кафлі цёмна-кававага колеру, упрыгожаны расліннымі трохкветкавымі сюжэтамі. Ён мае завяршэнне ў выглядзе цэнтральных і бакавых акратэрыяў, антаблемент з раслінным фрызам. Камінны праём фланкіруюць дзве карыятыды, над імі — развіты пояс фрыза з нішамі і прамавугольнымі ўстаўкамі з выявамі матылькоў, расліннымі матывамі і інш[1].

Зноскі