Атака мерцвякоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Атака мерцвякоў
Асноўны канфлікт: Усходні фронт Першай сусветнай вайны
Ход баявых дзеянняў на Сосненскай пазіцыі ў дзень атакі мерцвякоў.
Ход баявых дзеянняў на Сосненскай пазіцыі ў дзень атакі мерцвякоў.
Дата 6 жніўня 1915
Месца Асавецкая крэпасць, Царства Польскае, Расійская імперыя
Вынік перамога расійскай арміі
Праціўнікі
 Расійская імперыя  Германская імперыя
Камандуючыя
Уладзімір Котлінскі
Уладзіслаў Стшамінскі
Рудольф фон Фрайдэнберг
Сілы бакоў
каля 60 чалавек (у контратацы) 7 000 чалавек (усяго)
Страты
~20-30 забітых (у контратацы) невядома

Атака мерцвякоў (руск.: Атака мертвецов, ням.: Kampf der toten Männer) — распаўсюджаная[1] публіцыстычная назва контратакі 13-й роты 226-га Зямлянскага палка Рускай імператарскай арміі 24 ліпеня (6 жніўня) 1915 года пры адбіцці нямецкай газавай атакі. Эпізод абароны крэпасці Асавец на Усходнім фронце падчас Першай сусветнай вайны.

Крэпасць[правіць | правіць зыходнік]

Крэпасці Асавец і Новагеоргіеўск былі важнымі вузламі абароны «Польскага мяшка», так на ваенным жаргоне таго часу называўся выступ на тэрыторыі Царства Польскага.

Крэпасць Асавец (Ossowitz на германскіх картах) была сістэмай злучаных траншэямі чатырох фартоў у лукавіне ракі Бобр. Праз гэта месца замыкалася чыгунка Лык — Граева — Беласток і шаша на Беласток, важны рэгіянальны транспартны вузел.

Асноўныя ўмацаванні і артылерыя размяшчаліся на ўсходнім беразе ракі. На балоцістым заходнім беразе пад прыкрыццём гармат крэпасці размяшчалася вынесеная на 2—2,5 км перадавая Сосненская пазіцыя, якая праходзіла з поўначы на поўдзень па лініі Бялагранды — Сосня (польск.: Białogrądy — Sojczynek). Менавіта гэтая пазіцыя была асноўным напрамкам папярэдняга генеральнага штурму крэпасці ў лютым—сакавіку 1915 года. На ёй жа разгарнуліся падзеі «атакі мерцвякоў»[2].

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Для новай генеральнай атакі немцы накіравалі 11-ю дывізію ландвера. На асноўным напрамку ўздоўж шашы і чыгункі быў разгорнуты ўзмоцнены маршавымі часцямі 18-ы полк. Больш на поўдзень павінен быў атакаваць 76-ы полк. Для поспеху аперацыі па фронце абодвух палкоў вырашылі прымяніць масіраваную газабалонную атаку хлорам у сумесі з бромам. Іншыя часці дывізіі на поўнач і паўночны ўсход павінны былі падтрымаць атаку дэманстратыўнымі дзеяннямі.

Досвіткам у 4:00 раніцы 24 ліпеня (6 жніўня) 1915 года са спадарожным ветрам па ўсім фронце атакі пачаўся выпуск газаў з загадзя разгорнутых 30 балонных батарэй. Паводле ацэнак, баявыя хімікаты пракраліся на агульную глыбіню да 20 км[3].

Пры адсутнасці якіх-небудзь эфектыўных сродкаў абароны ў расійскіх войск, вынік атакі газамі быў зруйнавальным: 9-я, 10-я і 11-я роты Зямлянскага палка былі фактычна знішчаны, ад 12-й роты ў цэнтральным сектары ў страі засталося каля 40 чалавек; усяго ад трох рот — каля 60 чалавек. Першая і другая лініі абароны Сосненскай пазіцыі практычна засталіся без байцоў. Услед за газамі германская артылерыя адкрыла агонь па крэпасці і загараджальны агонь для сваіх пяхотных атрадаў, якія ўжо накіраваліся да пазіцый праціўніка. Артылерыя крэпасці на пачатковым этапе не магла эфектыўна весці агонь, бо таксама трапіла пад газы[2]. Сітуацыя для расійскіх войск пагаршалася адначасовым абстрэлам крэпасці як звычайнымі снарадамі, так і снарадамі з хлорпікрынам. У крэпасці са строю выбыла звыш 1600 чалавек, у цэлым увесь гарнізон атрымаў атручванні той ці іншай ступені цяжкасці[4].

Душачы адзіночны супраціў, байцы 18-га палка хутка пераадолелі першую і другую лінію калючага дроту, занялі тактычна важны ўмацаваны пункт двор Лявонава і сталі прасоўвацца ўздоўж палатна чыгункі да Рудскага моста. Адзіным рэзервам на Сосненскай пазіцыі заставалася рота апалчэнцаў, але і ў яе было атручана да 50 % асабістага складу, а дэмаралізаваныя рэшткі падраздзялення эфектыўнай контратакі правесці не змаглі[2].

Трохі лепш склалася сітуацыя на поўдні пазіцыі. 76-ы полк ландвера хутка заняў пакінутую людзьмі Сосню, але наступаў занадта імкліва і трапіў пад уласныя газы, панёс значныя страты і быў часова спынены агнём рэшткаў 12-й роты ля цэнтральнага рэдута[2].

Узнікла сапраўдная пагроза захопу германцамі Рудскага моста, што азначала б рассяканне ўсёй абароны на захад ад крэпасці і страту Сосненскай пазіцыі. У гэтай сітуацыі камендант крэпасці генерал-лейтэнант Мікалай Бржазоўскі загадаў нанесці артылерыйскі ўдар па ўжо занятых праціўнікам участках Сосненскай пазіцыі і контратакаваць у штыкі «ўсім, чым можна». У контратаку пайшлі рэшткі 8-й і 13-й рот (каля паловы ад зыходнага складу) і перакінутая з крэпасці трохі менш пацярпелая 14-я рота[2].

13-я рота пад камандаваннем падпаручніка Уладзіміра Котлінскага контратакавала часці 18-га палка ўздоўж чыгункі і звярнула іх ва ўцёкі. Падчас атакі Котлінскі быў смяротна паранены і перадаў камандаванне падраздзяленнем падпаручніку 2-й Асавецкай сапёрнай роты Уладзіславу Страмінскаму, які, нягледзячы на моцнае атручванне газамі, з рэшткамі даручанай яму роты давёў атаку да канца, авалодаўшы 1-м і 2-м участкамі Сосненской пазіцыі[5][1].

Адносна атакі рускіх журналіст Уладзімір Воранаў у сваім артыкуле 2009 года, падрыхтаваным да 95-й гадавіны пачатку Першай сусветнай вайны, пісаў[6]:

" Але калі германскія ланцугі наблізіліся да акопаў, з густа-зялёнага хлоркавага туману на іх абрынулася... контратакуючая руская пяхота. Відовішча было жахлівым: байцы ішлі ў штыкавую з тварамі, абматанымі анучамі, скалынаючыся ад жудаснага кашлю, літаральна выплёўваючы кавалкі лёгкіх на скрываўленыя гімнасцёркі. Гэта былі рэшткі 13-й роты 226-га пяхотнага Зямлянскага палка, крыху больш за 60 чалавек. Але яны кінулі праціўніка ў такі жах, што германскія пяхотнікі, не прыняўшы бою, рынуліся назад, затоптваючы адзін аднаго і павісаючы на ўласных драцяных загародах. <...> Гэтая бітва ўвойдзе ў гісторыю як «атака мерцвякоў». "

У гэты ж час 8-я і 14-я роты разблакавалі цэнтральны рэдут і сумесна з байцамі 12-й роты выбілі праціўніка на зыходныя пазіцыі. Да 8 гадзін раніцы ўсе наступствы германскага прарыву былі ліквідаваны. Да 11 гадзін раніцы спыніўся абстрэл крэпасці. Фармальна штурм немцы прыпынілі[2].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнік атакі 13-й роты падпаручнік Уладзімір Котлінскі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені. Пазней яго прах быў забраны маці і перапахаваны на радзіме ў Пскове[1].

Падпаручнік Страмінскі быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй[7].

Неўзабаве расійскія войскі былі вымушаны пакінуць Асавец: крэпасць аказалася пад пагрозай акружэння пасля захопу германскай арміяй Коўна і Новагеоргіеўска. Вайскоўцы расійскай арміі разбурылі большую частку крэпасці і адступілі 18 жніўня.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У навуковай і публіцыстычнай літаратуры існуе пункт гледжання, што ўзнікненне крылатай фразы «рускія не здаюцца» звязана з падзеямі абароны крэпасці Асавец[8]:71[9].

Падзеям у Асавецкай крэпасці прысвечаны песні «The Attack Of The Dead Men» (гурт Sabaton[10], альбом The Great War) і «Атака мертвецов» (Арыя[11]).

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Черкасов А. А., Рябцев А. А., Меньковский В. И. «Атака мертвецов» (Осовец, 1915 г.): миф или реальность // Былые годы : журнал. — 2011. — № 3-4. — С. 5—11. Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2018.
  2. а б в г д е Хмельков С. А. Штурм крепости 6 августа 1915 г. с применением отравляющих газов; действия атаки и обороны, результаты действия газов // [militera.lib.ru/h/hmelkov_sa/04.html Борьба за Осовец]. — М.: Воениздат НКО СССР, 1939. — С. 76—80. — 96 с.
  3. Де Лазари А. Н. Газобаллонная атака германцев в районе Осовца 6 августа // Химическое оружие на фронтах Мировой войны 1914—1918 годов. — М.: Госвоениздат, 1935.
  4. Смольянинов М. М. В окопах под Сморгонью: Газовые атаки на территории Беларуси в годы Первой мировой войны // Беларуская думка : журнал (русская версия). — 2012. — № 4. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
  5. Свечников М. С., Буняковский В. В. Оборона крепости Осовец во время второй, 6½ месячной осады её. — Пг.: Николаевской военной академии, 1917. — С. 49—50. — 59 с. Архівавана 9 лістапада 2018 года.
  6. Воронов В. Русские не сдаются // Совершенно секретно : журнал. — 2009. — № 8. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2011.
  7. Июля 25 дня 1915 года // Высочайшие приказы о чинах военных. — СПб., 1—31 июля 1915 года. — С. 13.
  8. Мокшин Г. Н. 226-й пехотный Землянский полк: история и современность Архівавана 24 красавіка 2021. // История: факты и символы. — № 1 (14). — 2018 — С. 69—75.
  9. Анненкова И. В. Система медиатопосов современного медиадискурса России как отражение и трансформация русских культурных архетипов Архівавана 16 красавіка 2021. // Медиаскоп. — 2017. — № 4.
  10. Sabaton:Pre-order of The Great War have started!. Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2019. Праверана 25 красавіка 2019.
  11. Обнародован трек-лист нового альбома группы «Ария». Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2014. Праверана 2 кастрычніка 2014.