Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі
польск.: Władysław Strzemiński
Фатаграфія
Уладзіслаў Страмінскі (1932)
Імя пры нараджэнні Władysław Strzemiński
Дата нараджэння 21 лістапада 1893(1893-11-21)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 26 снежня 1952(1952-12-26)[4][5][6] (59 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Сцяг Польшчы Польшча
Дзеці Ніка Страмінская
Род дзейнасці мастак, дызайнер, фатограф, кнігадрукар, тэарэтык мастацтва, публіцыст, настаўнік
Жанр канструктывізм
Вучоба
Мастацкі кірунак Унізм
Член у
Узнагароды
Ордэн Святога Георгія IV ступені
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Уладзіслаў Максімілянавіч Страмінскі (Стшамінскі, Стрэмінскі) (польск.: Władysław Strzemiński; руск.: Владислав Максимилианович Стржеминский; 21 лістапада 1893, Мінск — 26 снежня 1952, Лодзь) — беларускі і польскі мастак, прадстаўнік авангарднага мастацтва, заснавальнік унізму.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і, старэйшым сынам Максіміляна Бенедыкта Страмінскага (1847—1919) і Эвы Разаліі з Аляхновічаў, якія ўзялі шлюб у 1886 годзе. Бацька быў дваранінам Гродзенскай губерні, падпалкоўнікам 120-га Серпухаўскага пяхотнага палка. Маці паходзіла з беларускага шляхецкага роду Аляхновічаў, якія жылі ў Мінску і Мінскім павеце, мелі некалькі дамоў у Мінску на рагу Губернатарскай і Ніжне-Ляхаўскай вуліц[8]. Уладзіслаў ахрышчаны 25 снежня 1893 года ў Мінскім кафедральным Марыінскім касцёле. Таксама ў сям’і была дачка Яніна і сын Валяр’ян. Дзяцінства Уладзіслава прайшло ў Мінску ў «доме сярод саду» па вуліцы Гарбарнай, 21[9].

У 1904 годзе адзінаццацігадовым хлопчыкам Уладзіслаў паступіў у Маскоўскі трэці кадэцкі корпус, які скончыў у 1911 годзе. Добрая ваенная адукацыя была першым этапам у ваеннай кар’еры Страмінскага, пра якую марылі бацькі. У 1911 годзе паступіў у Ваеннае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, якое скончыў у 1914 годзе з воінскім званнем інжынернага падпаручніка. У сярэдзіне ліпеня 1914 года, неўзабаве пасля атрымання дыплома, ён быў накіраваны сапёрным афіцэрам у Асавецкую крэпасць паблізу Беластока. Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна.

З пачаткам ваенных дзеянняў у раёне крэпасці Асавец працягвалася будаўніцтва новых і ўмацаванне старых пазіцый. Падпаручнік Страмінскі прызначаны ў 2-ю роту. Апынуўшыся на выступе фронту, з верасня 1914 года гарнізон крэпасці жыў пад бамбёжкамі і атакамі праціўніка, у тым ліку адбіў два генеральныя штурмы ў верасні 1914 і лютым-сакавіку 1915 года. 19 ліпеня 1915 года Страмінскі ўзнагароджаны ордэнам Св. Станіслава 3-й ступені з мячамі і бантам.

24 ліпеня (6 жніўня) 1915 года немцы пачалі трэці генеральны штурм крэпасці, якому папярэднічала масіраваная газабалонная атака хлорам. У самаадданай контратацы абаронцаў крэпасці вызначылася 13-я рота пад камандаванне падпаручніка Катлінскага. За падзеямі таго дня ў публіцыстыцы пазней замацавалася назва «Атака мерцвякоў». Ротны журнал баявых дзеянняў за той дзень у тым ліку пазначае: «Пад канец гэтай зухаватай атакі падпаручнік Катлінскі быў смяротна паранены і перадаў камандаванне 13-й ротай падпаручніку 2-й Асавецкай сапёрнай роты Стрэжамінскаму, які завяршыў і скончыў, гэтак слаўна пачатую падпаручнікам Катлінскім, справу»[10]. 8 лістапада 1915 года ўзнагароджаны ордэнам святога Георгія 4-га класа.

У сувязі з перамяшчэннем лініі фронта гарнізон крэпасці Асавец 17 жніўня 1915 года быў эвакуіраваны. Падпаручнік Стрэмінскі разам з 2-й Асавецкай сапёрскай ротай праз Гародню адступіў у ваколіцы Налібоцкай пушчы, дзе да сакавіка 1916 года браў удзел у зацяжных пазіцыйных баях. У чэрвені 1916 года эвакуіраваны ў маскоўскі вайсковы шпіталь.

Ёсць пашыраная версія траўматычнага раннення Страмінскага, пасля якога яму ампутавалі праваю нагу і левае перадплечча, што яно здарылася ў баі паблізу мястэчка Пяршаі, на тэрыторыі цяперашняга Валожынскага раёна, у акопах выбухам гранаты. Адзіная крыніца такой версіі — успаміны дачкі мастака Нікі Страмінскай, але ў іх паблытаны нават год, бо ў ноч з 6 на 7 мая 1915 года Страмінскі быў у яшчэ Асавецкай крэпасці. Польскія даследчыцы Івона Люба і Эва Паўліна Вавер знайшлі дакументы, якія пацвярджаюць, што летам 1917 года Страмінскі быў кваліфікаваны для вяртання на фронт, адпаведна, ампутацыя мусіла адбыцца пазней. Паводле дакументальных пацверджанняў і кансультацый з медычнымі экспертамі, праўдападобней, што ампутацыі ў маскоўскім шпіталі прычыніўся постэфект атручэння хлорам у Асаўцы, узмоцнены цяжкімі ўмовамі акопнай вайны ў ваколіцах Налібоцкай пушчы[11].

Шлях да мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

У Прохараўскім шпіталі ў Маскве Уладзіслаў пазнаёміўся з Кацярынай Кобрай (1898—1951), будучай жонкай і скульптарам, а тады сястрой міласэрнасці, якая клапацілася параненымі афіцэрамі. Тым часам яна ўжо практыкавалася ў лепцы гліны, збіралася вывучаць скульптуру.

У 1916—1917 гадах Страмінскі, верагодна, правёў шмат часу ў бальніцы, адзначае даследчыца яго творчасці Зянобія Карніцка[12]. Ён не мог карыстацца пратэзамі з-за жахлівага болю. Хадзіць змог толькі на мыліцах, якія не кінуў да канца жыцця. У Маскве яго зачаравала прыватная калекцыя мастацтва фабрыканта Шчукіна, у якую ўвайшлі самыя разнастайныя прыклады французскага жывапісу ад імпрэсіянізму да кубізму. Магчыма ад таго часу Страмінскі пачаў вывучаць гісторыю і тэорыю мастацтва. Яго мастацкая адукацыя дапаўнялася самым сапраўдным вывяржэннем мастацкіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рэвалюцыйнай Маскве.

У 1917 годзе Страмінскі паехаў у Мінск да бацькоў, дзе таксама прайшоў курс рэабілітацыі.

Пасля шпіталя Страмінскі захапіўся сучасным выяўленчым мастацтвам і ў 1918—1919 гадах пачаў вучыцца ў Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях, якія былі створаны ў былым Строганаўскім мастацка-прамысловым вучылішчы ў Маскве. Пасябраваў з Казімірам Малевічам і Уладзімірам Татліным. Прымаў удзел у стварэнні выставачнага і музейнага бюро Наркампрасветы, у фарміраванні калекцыі Музея жывапіснай культуры ў Маскве. Паказвае свае працы на VII дзяржаўнай выстаўцы ў Маскве.

У 1919 годзе Страмінскі вярнуўся ў Мінск, працаваў у Народным камісарыяце асветы ССРБ, падрыхтаваў афармленне горада да свята 1 мая 1919 года, удзельнічаў у Першай дзяржаўнай выставе рамеснікаў і мастакоў у Бабруйску[8].

У 1919 годзе Страмінскі ўдзельнічае ў першай выставе карцін мясцовых і маскоўскіх мастакоў-авангардыстаў у Віцебску. Праца Страмінскага экспанаваліся на Трэцяй выставе карцін у Разані ў 1919 годзе («Рэльеф») і Першай дзяржаўнай мастацкай выставе ў Смаленску ў 1920 годзе.

З 1920 года працаваў у мастацка-агітацыйнай майстэрні РОСТА палітупраўлення Заходняй арміі і Захфронта. Акрамя таго, у Смаленску з 4 красавіка 1920 года ўзяў на сябе кіраўніцтва секцыяй выяўленчых мастацтваў аддзела народнай адукацыі Смаленскага губернскага выканаўчага камітэта. З чэрвеня 1921 года ў Палацы Працы на Пушкінскай (Вялікай Савецкай) вуліцы, пад крылом Страмінскага арганізуюцца маладзёжныя мастацкія студыі Пралеткульта.

З успамінаў А. Корабавай:

«Сам апалагет новага мастацтва быў інвалідам Першай імперыялістычнай вайны, на якой ён страціў руку і нагу: ён хадзіў на мыліцах. Асунуты, тонкі, парослы шчаціннем твар. Пярэчанняў ён цярпець не мог, вельмі ўзбуджаўся і горача даводзіў асуджанасць рэалістычнага мастацтва, прадказваў незвычайныя гарызонты, перспектывы канструктывізма. Тонкі блакітнаваты дымок махоркі вісеў, кратаючы ў паветры. Таямніча паблісквалі канструкцыі мудрагелістых форм, які стаялі на скрынях. Так выглядала выяўленчая студыя, кіраваная Стжэмінскім»[13].

Сярод яго вучаніц у Смаленску — мастачка Надзея Хадасевіч-Лежэ.

Разам з жонкай Кацярынай Кобра узначаліў у Смаленску творчую майстэрню — філіял віцебскага УНОВИС. 17 кастрычніка 1920 года на абласную канферэнцыю УНОВИСа з Віцебска прыехаў камітэт у складзе Казіміра Малевіча, Эля Лісіцкага, Іллі Чашніка, Ніны Коган, Лазара Хідэкеля. Праз чатыры дні Малевіч выступае з лекцыяй «Пра новае мастацтва».

У 1921 годзе выехаў у Польскую Рэспубліку, спачатку жыў і працаваў у Вільні. Выкладаў на Сярэдніх вайсковых курсах імя маёра Лукасевіча.

У 1923 годзе першым крокам да прапаганды авангарднага мастацтва ў Вільні стала выстава «Новае мастацтва». Разам з Кобра і Страмінскім на ёй выстаўляліся польскія мастакі Генрык Стажэўскі, Мячыслаў Шчука і іншыя.

У 1923—1924 гадах Страмінскі жыў і працаваў у Вілейцы, дзе выкладаў малюнак у мясцовай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча[14]. Менавіта тут Страмінскі пачаў маляваць свае сінтэтызаваныя вобразы.

У 1924 годзе Страмінскія бяруць ужо касцёльны шлюб і пасяляюцца ў Шчэкацінах, пасля часта пераязджаюць з месца на месца. Разам яны ствараюць міжнародную суполку кубістаў, канструктывістаў і супрэматыстаў «Блок» (1924). У часопісе гэтай суполкі Страмінскі зрабіў першыя тэарэтычныя выкладкі ўнізму. У 1926 годзе Страмінскія засноўваюць новую суполку «Прэзенс» (Praesens). Гэта час плённай, няспыннай працы. Творы мастака выстаўляюцца ў Варшаве, Нью-Йорку, Бельгіі, Галандыі, на парыжскім восеньскім салоне 1929 года. У 1927 годзе арганізуе сустрэчу з Казімірам Малевічам у Варшаве. А ў 1928 г. была надрукавана навуковая праца «Унізм у жывапісе», дзе былі акрэслены прынцыпы мастацкага адлюстравання на плоскасці:

«Плоскасць карціны гэта праява еднасці лініі і колеру. Колер ужо незалежны ад лініі. Лінія ёсць мяжа колеру. Колер не пераплывае праз лінію, яны ўзаемазалежныя, яны адзінае цэлае»[15].

У 1929 годзе была створана яшчэ адна суполка, якая дэкларавала прынцыпы авангарду «a.r» (авангард рэальнага). Мэтай суполкі было стварэнне Міжнароднай калекцыі сучаснага мастацтва ў Польшчы. Не атрымалася стварыць яе ў Варшаве, але гарадская рада Лодзі дала дазвол на такую дзейнасць.

Значным дасягненнем Страмінскага і яго аб’яднання «a.r» было стварэнне ў Лодзі музея сучаснага мастацтва (1931), дзе галоўная роля належала работам вядомых мадэрністаў, яркім прадстаўнікам беспрадметнай творчасці.

Шукаючы паратунку ад вайны, 10 верасня 1939 года Страмінскія вяртаюцца ў Вілейку, дзе, спыніўшыся ў малодшага брата Валер’яна, пражывуць амаль да лета 1940 года. Тут з’яўляецца першы з ваенных цыклаў малюнкаў мастака пад назвай «Заходняя Беларусь».

Дачка Страмінскага Ніка так згадвае ва ўспамінах умовы, у якіх у Вілейцы нараджаўся цыкл «Заходняя Беларусь»:

Мы жылі ў прымітыўных умовах. Каб справіць фізіялагічныя патрэбы ці прынесці вады, трэба было хадзіць на двор. У пакоі бліжэй да кухоннай пліты, адным бокам амаль дакранаючыся да ўваходу, стаяў мой дзіцячы ложачак. Далей пасцель маёй мамы, а пры сцяне, насупраць дзвярэй, што вядуць у сені, ложак бацькі. Прыткнуты да яго кульгавы стол даўжэйшым бокам кранаўся акна. Менавіта тут, адвярнуўшыся ад пакою, сядзеў бацька, пакрываючы аркушы паперы нейкімі незразумелымі мне рысункамі. Такім чынам і паўстаў цыкл «Заходняя Беларусь». Напэўна за гэтым самым сталом бацька таксама займаўся праектаваннем дэкарацый, пра якія пазней напісаў Юльян Пшыбась: «… ён адзін у тым найгоршым для мастацтва часе мог даць прыклад жывапісу, які патрэбны быў прапагандзе. Путрамант згадвае ў сваім „Паўстагоддзі“ як Страмінскі перамяніў на свята 1 мая 1940 года беднае шэрае мястэчка Вілейку ў каляровую феерыю, у тэатр прасторавых жывапісных кампазіцый. Бо тады ўлады развязалі яму рукі ў аздабленні горада…»[16].

Падчас Другой сусветнай вайны з’явяцца і іншыя ваенныя экспрэсіўныя цыклы, такія як «Дэпартацыі», «Грамадзянская вайна», «Твары», «Пейзажы і мёртвыя натуры», «Таннае, як бруд», «Рукі, якія не з намі», «Маім сябрам яўрэям»[17].

У маі 1940 года Страмінскі, адчуў небяспеку магчымых рэпрэсій з боку савецкіх уладаў і з сям’ёй вяртаецца ў Лодзь.

У 1945 годзе Страмінскія падарылі амаль усю сваю мастацкую спадчыну, якую з цяжкасцю ўдалася захаваць падчас акупацыі Музею мастацтва ў Лодзі.

У 1947 годзе развёўся з Кацярынай Кобра.

У 1945—1950 гадах выкладаў у Вышэйшай мастацкай школе (цяпер Акадэмія выяўленчага мастацтва) у Лодзі. У 1948 годзе, калі адкрыўся Музей мастацтва, творы Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобра экспанаваліся ў спраектаванай імі «Неапластычнай зале». Але з наступам сацрэалізму Страмінскага ў 1950 годзе выкідаюць з працы за неадпаведнасць рэгламентаваным прынцыпам навучання мастацтву. Яго выключылі з Саюза мастакоў. Некаторы час вымушаны быў займацца афармленнем вітрын у магазінах. У кастрычніку 1951 года Страмінскі страціў прытомнасць, у яго знайшлі сухоты, а ў снежні 1952 года ён памёр[15].

Унізм у творчасці мастака[правіць | правіць зыходнік]

У 1924 годзе ўпершыню сфармуляваў прынцыпы «ўнізму» — канструктывісцкай канцэпцыі, якая сцвярджала адзінства колеру, лініі і рытму ў жывапісе. Гэтую канцэпцыю ўвасабляў у аднародных колерам і фактурай абстрактных карцінах. У 1926—1929 гадах стварыў цыкл жывапісных «Архітэктурных кампазіцый». У 1930-я гады пісаў нацюрморты, гарадскія пейзажы, кубістычныя кампазіцыі, стварыў серыю марскіх пейзажаў (1933—1934), у працы над якімі абапіраўся на навуковы аналіз фізіялагічных і псіхалагічных працэсаў глядацкага ўспрымання. Зрабіў цыкл літаграфій «Лодзь без функцыяналізму» (1936). Надаваў вялікую ўвагу функцыянальнай графіцы і друкарскаму мастацтву, распрацаваў для сваіх вучняў спецыяльны курс функцыянальнага друку. Аўтар кніг «Унізм у жывапісе» (1928) і «Кампазіцыя прасторы: Разлік прасторава-часавага рытму» (1931).

Сляды выяў[правіць | правіць зыходнік]

У 1948—1949 гадах Страмінскі стварыў серыю так званых салярыстычных карцін. Страмінскі ўбачыў на іх так званыя «сляды выяў» ці «сляды малюнкаў» (па-польску «powidoki»), якія ўзнікаюць пасля позірку на сонца. У той самы перыяд Страмінскі імкнуўся прымірыць авангард з дактрынай сацрэалізму шляхам стварэння новых прынцыпаў для рэалістычнага прадстаўлення. Малюнкі і карціны, якія былі вынікам гэтых пошукаў, ствараюць сваю форму для гэтых слядоў светлавых выяў.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Магіла Уладзіслава Страмінскага ў Лодзі.
  • Акадэмія выяўленчага мастацтва ў Лодзі носіць імя Уладзіслава Страмінскага.
  • Мастак Эдуард Мацюшонак прысвяціў Страмінскаму некалькі сваіх работ[5].
  • Творчасць Страмінскага даследавала яго дачка Ніка Страмінская (пам. 2001).
  • У 2009 годзе польскі Нацыянальны банк выпусціў памятную манету, 2 злотыя (4 снежня, сплаў «паўночнае золата») і 20 злотых (7 снежня, серабро) з выявай Страмінскага[6].
  • У маі 2013 года ў Вілейцы каля кінатэатра «Мір» устаноўлена скульптурная кампазіцыя, прысвечаная памяці Страмінскага. Кампазіцыю з элементамі ўнізму, якая сімвалізуе творчасць Страмінскага, выканалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Фёдар Саратцаў і Станіслаў Шашкоў. Ініцыятар пленэра, у межах якога стваралася кампазіцыя, загадчык кафедры скульптуры мастацкага факультэта БДАМ Уладзімір Слабодчыкаў[7].
  • Анджэй Вайда ў 2016 годзе зняў свой апошні фільм Powidoki пра трагічнае жыццё Уладзіслава Страмінскага ў пасляваеннай Польшчы (1945—1952).

Зноскі

  1. RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. Wladyslaw Strzeminski // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Delarge J. Wladyslaw STRZEMINSKI // Le DelargeParis: Gründ, Jean-Pierre Delarge, 2001. — ISBN 978-2-7000-3055-6 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 20 студзеня 2020.
  5. The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  6. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  7. (unspecified title) Праверана 9 мая 2021.
  8. 8,0 8,1 Да 125-годдзя мастака Уладзіслава Страмінскага. Частка 1 // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
  9. Zenobia Karnicka. The Life and Work — Chronology(англ.) . Wladyslaw Strzeminski 1893 — 1952. Museum of Art in Lodz (2 снежня 1993).
  10. Цытуецца паводле: Черкасов А. А., Рябцев А. А., Меньковский В. И. «Атака мертвецов» (Осовец, 1915 г.): миф или реальность // Былые годы : журнал. — 2011. — № 4. — С. 5—11.
  11. Luba Iwona,Wawer Ewa Paulina. Władysław Strzemiński. Zawsze w awangardzie. Rekonstrukcja nieznanej biografii 1893—1917. Muzeum Sztuki w Łodzi, 2017.
  12. Zenobia Karnicka. The Life and Work — Chronology(англ.) . Wladyslaw Strzeminski 1893 — 1952. Museum of Art in Lodz (2 снежня 1993).
  13. Цытуецца паводле: Котович Татьяна. УНОВИС. Утвердители нового искусства. — Минск: Беларусь, 2020. С. 122.
  14. Мастак Уладзіслаў Страмінскі: лёс, творчасць і Вілейка, Рэгіянальная газета (17 снежня 2013). Праверана 27 снежня 2014.
  15. 15,0 15,1 Цытуецца паводле: Бохан Алена. Уладзіслаў Стрэмінскі: творца і тэарэтык унізму // Знакамітыя мінчане XIX—XX стст. : матэрыялы [пятай] Беларуска-Польскай навуковай канферэнцыі, Мінск, 12 лістапада 2008 г. / [рэдкалегія: А. Ф. Вялікі і З. Ю. Вінніцкі (навуковыя рэдактары) і інш.]. — Мінск, 2010. С. 106.
  16. Strzemińska N. Miłość, sztuka i nienawiść. О Katarzynie Kobro i Władysławie Strzemińskim. Res Publica, Warszawa, (1986) (польск.)  ISBN 83-7046-017-8
  17. Irena Kossowska. Władysław Strzemiński(польск.) . Instytut Sztuki Polskiej Akademii Nauk (2 снежня 2001).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]