Румынская кампанія (1916—1917)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Румынская кампанія
Асноўны канфлікт: Першая сусветная вайна
Romania-WW1-1.jpg
Румынскае наступленне ў Трансільваніі
Дата

14 жніўня 19169 снежня 1917
10 лістапада11 лістапада 1918 [заўв 1]

Вынік
Праціўнікі
Цэнтральныя дзяржавы: Антанта:
Камандуючыя
Сілы бакоў
450 000 600 000
Страты
Аўстра-Венгрыя: 79 000 забіта і паранена 165 000 забіта і паранена
165 000 узята ў палон
Commons-logo.svg Romania in World War I на Вікісховішчы
 
Тэатры ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны
Еўропа

Балканы✰ ІталіяЗаходняя ЕўропаУсходняя Еўропа
Блізкі Усход
АравіяПаўднёвая АравіяКаўказСінай і ПалестынаМесапатаміяПерсіяДарданэлы
Афрыка
Паўднёва-Заходняя АфрыкаТагалендКамерунУсходняя АфрыкаПаўночная Афрыка
Азія і Ціхі Акіян
Вайна на моры
АтлантыкаМіжземнае мораЦіхі і Індыйскі акіяны

 
Усходні фронт Першай сусветнай вайны

Румы́нская кампа́нія — адна з кампаніяў Першай сусветнай вайны, у якой румынская і руская арміі супрацьстаялі войскам Цэнтральных дзяржаў. У заходняй гістарыяграфіі разглядалася як частка ваенных дзеянняў на Балканскім ТВД; у савецкай — як частка Усходняга фронту Першай сусветнай вайны.

Уступленне Румыніі ў жніўні 1916 года ў вайну на баку Расіі і Антанты не ўзмацніла, а наадварот, аслабіла антыгерманскую кааліцыю. Румынская армія праявіла сябе як вельмі слабая саюзніца, што вымусіла Расію накіраваць значныя сілы ёй на дапамогу. Нягледзячы на гэта, аўстра-венгерскім і германскім войскам удалося ўжо да канца 1916 года акупаваць большую частку румынскай тэрыторыі і авалодаць сталіцай Румыніі — Бухарэстам.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

«Кайзер: „Такім чынам, вы таксама супраць мяне! Памятайце, што Гіндэнбург на маім баку“
Кароль Румыніі: „Так, затое свабода і справядлівасць на маім“»
Брытанскі плакат.

У палітычных і ваенных колах ваюючых краін панавала меркаванне, што ўступленне ў вайну малых дзяржаў зможа істотна змяніць ход падзей. Таму Антанта на працягу доўгага часу спрабавала перацягнуць Румынію на свой бок.

З пачатку сусветнай вайны ўрад Румыніі заняў пазіцыю «ўзброенага чакання», хоць з 1883 года яна ўваходзіла ў саюз цэнтральных дзяржаў; у той жа час, ён прыступіў да перамоваў з Антантай. Здабыўшы ў 1877 годзе незалежнасць Румынія знаходзілася ў этнічным канфлікце з Аўстра-Венгрыяй. Уступаючы ў вайну, Румынія разлічвала на анэксію Трансільваніі, Букавіны і Баната — тэрыторый Аўстра-Венгрыі, населеных ў асноўным этнічнымі румынамі.

Назіраючы за поспехам Брусілаўскага прарыву, які ў Бухарэсце быў успрыняты як знак хуткага развалу аўстра-венгерскай арміі, Румынія вырашыла ўступіць у вайну, выгандляваць для сябе гарантыі саюзнікаў на здабыццё ў выпадку перамогі не толькі этнічных румынскіх тэрыторый, але і зямель, населеных украінцамі, венграмі (па рацэ Ціса) і сербамі (Заходні Банат). 14 (27 жніўня) 1916 года ўрад Іанэла Брэціяну абвясціў вайну Аўстра-Венгрыі. Значную палітычную ролю пры ўцягванні Румыніі ў вайну згуляла Францыя — перш за ўсё, галоўнакамандуючы Жазэф Жофр, які выступіў за прыняцце Румыніі ў саюз. Такую ж пазіцыю займаў і рускі ўрад.

Аднак у ваенных колах спробы займець Румынію як новага саюзніка выклікалі неадназначную рэакцыю. Начальнік штаба Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал Аляксееў рашуча супраціўляўся яе ўступленню ў вайну, лічачы армію Румынскага каралеўства небаяздольнай. Акрамя таго, нейтралітэт Румыніі ствараў буферную зону паміж поўднем Расіі і арміямі Цэнтральных дзяржаў. У выпадку іх перамогі на новым ТВД узнікала пагроза для паўднёвых расійскіх тэрыторый.

Румынская армія[правіць | правіць зыходнік]

Вучэнні румынскай арміі.

Аптымістычны настрой многіх палітычных і ваенных дзеячаў адносна ўступлення ў вайну Румыніі на фоне рэальнага стану арміі караля Фердынанда I быў нічым не апраўданы. Хоць яе колькасць дасягала 650 тысяч чалавек, але гэтая лічба наўрад ці адлюстроўвала рэальную баяздольнасць. Стан інфраструктуры быў вельмі нізкім, і траціна арміі была вымушана несці службу ў тыле, каб забяспечыць хоць нейкае забеспячэнне баявых частак. Такім чынам, Румынія змагла адправіць на фронт ўсяго 23 дывізіі. Пры гэтым у краіне практычна адсутнічала чыгуначная сетка, і сістэма забеспячэння пераставала функцыянаваць ужо ў некалькіх кіламетрах углыб тэрыторыі праціўніка. Узбраенне і абсталяванне румынскай арміі было састарэлым, а ўзровень баявой падрыхтоўкі — нізкім. Армія мела ўсяго толькі 1300 гарматамі, з якіх толькі палова адказвала патрабаванням часу. Геаграфічнае становішча яшчэ больш пагаршала стратэгічную сітуацыю. Ні Карпаты на паўночным захадзе, ні Дунай на поўдні не прадастаўлялі дастатковай натуральнай абароны ад магчымага ўварвання праціўніка. А самая багатая правінцыя краіны, Валахія, непасрэдна межавала з Аўстра-Венгрыяй на поўначы і Балгарыяй на поўдні і, такім чынам, была ўразлівая перад нападзеннем Цэнтральных дзяржаў з двух бакоў.

Баявыя дзеянні ў 1916 годзе[правіць | правіць зыходнік]

 
Румынская кампанія
Трансільванія Тутракан Добрыч Бухарэст Мэрэшці Мэрэшэшці

Ужо ў жніўні румынская армія распачала наступленне на Венгрыю, ад якога французскі галоўнакамандуючы Жофр чакаў змены ходу вайны. 2-я армія пад камандаваннем генерала Грыгорэ Крайнічану і 4-я армія генерала Празана ўварвалася ў Трансільванію і прасунулася месцамі на 80 кіламетраў. Надыходзячая 400-тысячная румынская групоўка мела дзесяціразовую колькасную перавагу над 1-й аўстрыйскай арміяй Арца фон Штраусенбурга. Гэта перавага, аднак, так і не была рэалізавана. Шляхі забеспячэння на занятых тэрыторыях былі вельмі дрэннымі, што стала галоўнай праблемай надыходзячых войскаў. І хоць ім удалося заняць некаторыя важныя памежныя ўмацаванні, ужо першы буйны горад на іх шляху, Сібіу, высвяціў слабасці румынскай арміі. Нават пры вельмі нешматлікім аўстра-венгерскім гарнізоне, які размяшчаўся ў горадзе, румыны з-за праблем з тылавым забеспячэннем нават не паспрабавалі яго захапіць. Баючыся новых праблем з забеспячэннем і перспектывы нямецкай інтэрвенцыі, абодва румынскіх генерала прыпынілі ўсе наступальныя дзеянні. Такім чынам, румынская армія ўжо ў пачатку верасня 1916 года завязла амаль на зыходных пазіцыях, знаходзячыся на перыферыі параўнальна малазначнай венгерскай правінцыі, чакаючы далейшых падзей і аддаўшы ініцыятыву войскам Цэнтральных дзяржаў.

Контрнаступленне аўстрыйцаў і немцаў.

Тым часам штаб Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміі накіраваў у дапамогу румынам 50-тысячную групоўку пад камандаваннем генерала Заянчкоўскага. Заянчкоўскі неаднаразова скардзіўся начальніку штаба Стаўкі генералу Аляксееву, што вылучаных яму сіл недастаткова для выканання пастаўленай задачы. Аднак Аляксееў меркаваў, што лепш здаць вялікую частку Румыніі, чым аслабляць іншыя ўчасткі фронту. Што тычыцца заходніх саюзнікаў, то іх дапамога на працягу ўсёй кампаніі заключалася ў накіраванні ў Румынію ваенных місій, якія складаліся з некалькіх вышэйшых афіцэраў.

Бяздзейнасць румынскай арміі і яе саюзнікаў прывяла да знішчальнага паражэння Румыніі. 1-я аўстрыйская армія Штраусенбурга і 9-я нямецкая армія Фалькенхайна з лёгкасцю выціснулі румын з Трансільваніі, у той час як аб'яднаныя нямецка-баўгарска-аўстрыйскія войскі пад камандаваннем Макензена пачалі наступ на Бухарэст з боку балгарскай сталіцы Сафіі. Гэта стратэгічнае наступленне суправаджалася адцягваючымі дзеяннямі 3-й балгарскай арміі генерала Тошава ўздоўж ўзбярэжжа Чорнага мора ў бок Дабруджы.

Румынскае камандаванне разлічвала, што рускія войскі адаб'юць балгарскае ўварванне ў Дабруджу і пяройдуць у контр-наступленне, і на абарону Бухарэста былі вылучаны 15 румынскіх дывізій пад камандаваннем Авярэску. Аднак румынска-рускае контрнаступленне, якое пачалося 15 верасня, скончылася правалам. Нягледзячы на тое, што румынам удалося фарсіраваць Дунай, аперацыя была спыненая з-за беспаспяховага наступу на фронце ў Дабруджы. Рускія сілы былі малалікія і, за выключэннем сербскага батальёна, недастаткова матываваныя. У выніку адцягваючыя дзеянні балгарскіх войскаў абгарнуліся непрадбачаным стратэгічным поспехам. Руска-румынскія войскі былі адкінутыя на 100 кіламетраў на поўнач, а да канца кастрычніка баўгары здолелі авалодаць Канстанцай і Чарнаводай, ізаляваўшы такім чынам Бухарэст з левага фланга. У гэты ж час аўстрыйскія войскі вярнулі сабе цалкам Трансільванію і рыхтаваліся да кідку на румынскую сталіцу. 23 кастрычніка Макензен нанёс галоўны ўдар, фарсіраваўшы Дунай. Румыны, вымушаныя абараняцца адразу з трох кірункаў, не змаглі аказаць якога-небудзь істотнага супраціўлення. 29 лістапада пачалося наступленне на Бухарэст.

Фронт пасля заканчэння румынскай кампаніі.

У ходзе абароны сталіцы краіны французскі генерал Бартэль, накіраваны французскім галоўнакамандуючым Жазэфам Жофрам, паспрабаваў арганізаваць контрудар з флангу, падобны таму, які выратаваў Парыж падчас Бітвы на Марне ў 1914. Энергічны саюзнік патраціў апошнія рэзервы румынскай арміі, не здолеўшы аказаць Цэнтральным дзяржавам якога-небудзь сур'ёзнага супраціўлення. 7 снежня 1916 года Макензен увайшоў у румынскую сталіцу. Рэшткі румынскіх войскаў адступілі ў правінцыю Малдову, страціўшы пры гэтым яшчэ восем з 22 ацалелых дывізій. Перад тварам катастрофы генерал Аляксееў накіраваў падмацаванні, каб перашкодзіць наступу Макензена на поўдзень Украіны.

Баявыя дзеянні ў 1917 годзе[правіць | правіць зыходнік]

Рускія войскі, якія прыйшлі на дапамогу румынскай арміі, спынілі ў снежні 1916 — студзені 1917 года аўстра-германскія войскі на рацэ Сірэт. Уступленне Румыніі ў вайну не палепшыла сітуацыю для Антанты. Быў створаны Румынскі фронт рускай арміі, у які ўвайшлі Дунайская армія, 6-я армія з Петраграда, 4-я армія са складу Заходняга фронту і 9-я армія са складу Паўднёва-Заходняга фронту, а таксама рэшткі румынскіх войскаў. Страціўшы ў баявых дзеяннях 1916 года амаль усю сваю тэрыторыю і 250 тысяч чалавек забітымі, параненымі і палоннымі, Румынія практычна выбыла з вайны.

Для ўзняцця маральнага духу салдат, у асноўным былых сялян, была адноўлена заканадаўчая дзейнасць па завяршэнні аграрнай і выбарчай рэформаў. Парламентам былі прыняты адпаведныя канстытуцыйныя папраўкі, а кароль Фердынанд I асабіста паабяцаў салдатам-сялянам зямлю і права голасу пасля заканчэння вайны. І да лета 1917 года румынская армія была ўжо значна лепш навучаная і абсталявана, чым у 1916 годзе, да чаго дадалася рашучасць у войсках не выпусціць «апошні шанец» для захавання румынскай дзяржаўнасці. Актыўныя баявыя дзеянні былі адноўленыя ў ліпені ў рамках задуманага расійскім Часовым урадам Чэрвеньскага наступлення. У бітве каля Мэрэшці (распачалася 22 ліпеня) румынскай арміі пад камандаваннем генерала А. Авярэску удалося вызваліць каля 500 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Контрнаступленне ў адказ аўстра-германскіх войскаў пад камандаваннем Макензена ўдалося спыніць на бітве пры Мэрэшэшці. Лічыцца, што выяўлены там гераізм румынскіх салдат фактычна выратаваў Румынію ад вываду з вайны, тым больш што рускія часткі ў гэтых ваенных дзеяннях былі даволі пасіўныя з-за ўсё ўзмацняючагася разлажэння рускага войска. Да 8 верасня фронт канчаткова стабілізаваўся, і гэта былі апошнія актыўныя баявыя дзеянні на Усходнім фронце ў 1917 года.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Дэманстрацыя бальшавікоў перад цягніком з французскай місіяй у Румыніі, прыблізна паміж кастрычнікам і снежнем 1917 года.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Расія выйшла з вайны, і Румынія аказалася акружаная з усіх бакоў войскамі Цэнтральных дзяржаў. Таму ў канцы года ўрад Румыніі пайшоў на заключэнне перамір'я(англ.) бел. (падпісана ў Факшанах 26 лістапада (9 снежня) 1917 года). А пасля Брэсцкага міру сітуацыя для Румыніі ўскладнілася настолькі, што яна вымушана пачаць перамовы аб сепаратным міры, які і быў заключаны 24 красавіка (7 мая) 1918 года (Бухарэсцкі мірны дагавор). Страчаныя па гэтай дамове Румыніяй тэрыторыі былі пазней вернуты мірнымі дамовамі краін Антанты з пацярпелымі паражэнне краінамі Восі.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 10 лістапада, у святле паражэння Цэнтральных дзяржаў на Заходнім фронце, Румынія паўторна абвясціла ім вайну

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бэзил Лиддел Гарт 1914. Правда о Первой мировой — М.: Эксмо, 2009. — 480 с. — 4 300 экз. — ISBN 978-5-699-36036-9.
  • John Keegan: Der Erste Weltkrieg — Eine europäische Tragödie. Reinbek bei Hamburg: Rowohlt Taschenbuchverlag 2001. ISBN 3-499-61194-5
  • Manfried Rauchensteiner: Der Tod des Doppeladlers: Österreich-Ungarn und der Erste Weltkrieg. Graz, Wien, Köln: Styria 1993. — ISBN 3-222-12116-8
  • Norman Stone: The Eastern Front 1914—1917. London: Hodder and Stoughton 1985. ISBN 0-340-36035-6
  • Christian Zentner: Der Erste Weltkrieg. Rastatt: Moewig-Verlag 2000. ISBN 3-8118-1652-7
  • Ioan-Aurel Pop, Ioan Bolovan: «Istoria României.» Cluj-Napoca: Institutul Cultural Român 2004 ISBN 5-7777-0260-0