Ачолі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ачолі
(Acoli)
Агульная колькасць 1967000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Уганда — 1912000
 Паўднёвы Судан — 55000
Мова ачолі
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы шылук, лува, ануак, луа, ланга

Ачолі (саманазва Acoli) — афрыканскі народ. Жывуць на поўначы Уганды і на поўдні Паўднёвага Судана. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 967 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш распаўсюджана версія, паводле якой продкі ачолі мігрыравалі на тэрыторыі сучаснага рассялення з захаду Паўднёвага Судана ў перыяд позняга сярэднявечча або нават пазней. Тым не меней, сярод нілотаў Кеніі і Паўночнага Судана існуюць паданні пра тое, што яны паходзяць ад ачолі, а не наадварот. У XVII — XIX стст. ачолі стварылі 60 дробных палітычных утварэнняў руодзі на чале з правадырамі руот. Суданскія арабы называлі іх шулі. Гэтая назва трансфармавалася ў ачолі. Спробы арабаў і нубійцаў усталяваць сваё панаванне садзейнічалі саюзным адносінам руодзі з брытанцамі і падтрымцы распаўсюджанню хрысціянства.

У 1894 г. землі ачолі былі фактычна падзелены паміж Суданам і Угандай, што ў сваю чаргу фактычна з’яўляліся каланіяльнымі ўтварэннямі. Брытанцы не развівалі тут камерцыйныя галіны эканомікі, таму ачолі пераязджалі на поўдзень, каб наймацца падзёншчыкамі, або папаўнялі каланіяльныя войскі. Ваенныя ачолі прымалі актыўны ўдзел у II сусветнай вайне, змагаліся супраць японскіх войск у Паўднёва-Усходняй Азіі. Пасля набыцця незалежнасці Уганды яны займалі пасады вышэйшых армейскіх афіцэраў.

Прыход да ўлады ў 1971 г. Ідзі Аміна прывёў да рэпрэсій супраць прадстаўнікоў гэтага народа. Многія ачолі прымалі актыўны ўдзел у звяржэнні дыктатара. У 1985 г. армейская брыгада, у склад якой уваходзілі пераважна ачолі, здзейсніла дзяржаўны пераварот. У 1986 г. да ўлады прыйшоў Ёверы Мусевені, і ваенныя ачолі апынуліся ў апазіцыі. На тэрыторыях ачолі была разгорнута ўзброеная барацьба, што працягваецца і ў нашы дні як пад палітычнымі, так і пад рэлігійнымі лозунгамі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Хаціны ачолі ў лагеры для перасяленцаў

Галоўным заняткам ачолі з’яўляецца сельская гаспадарка. Яны здаўна вырошчваюць проса, сорга, бабовыя, клубневыя культуры, у нашы дні шырока распаўсюджаны кукуруза, кунжут, бавоўнік. На засушлівых землях распаўсюджана адгонная жывёлагадоўля. Звычайна трымаюць коз і авечак, аднак з культурнага пункту гледжання найважнейшую ролю адыгрывае трыманне кароў, паколькі гэтыя жывёлы лічацца сімвалам дабрабыту, ужываюцца для абмену і падарункаў. У мінулым крадзеж кароў быў асноўнай прычынай ваенных сутычак з суседзямі. Ачолі здаўна здабываюць і апрацоўваюць жалеза. Металургія — адзінае рамяство, што ўжо да каланіяльнага перыяду вылучылася як пэўная спецыялізацыя. Неспецыялізаваныя рамёствы: выраб керамікі і пляценне.

Традыцыйнае паселішча — вёска, занятая прадстаўнікамі аднаго рода і схаваная за агароджай. Круглявыя хаціны будуюць з сумесі гліны з гноем, крыюць саломай. З апошніх дзесяцігоддзяў XX ст. міграцыя ў гарады і прымусовае перасяленне прывялі да заняпаду традыцыйных паселішчаў, аднак ачолі працягваюць сяліцца родамі і будаваць звыклыя хаціны.

Аснова грамадства — родавая арганізацыя кака, што складаецца з чальцоў, якія маюць адзінага продка. Яна можа налічваць ад некалькі сотняў да дзясяткаў тысяч чалавек. Кака валодае пэўнымі землямі і кіруецца правадыром. Калі чальцы кака насяляюць некалькі вёсак, то ў іх выбіраюцца старэйшыны. У нашы дні бежанства і прымусовае перасяленне прывялі да таго, што прадстаўнікі родаў вымушаны жыць на іншых тэрыторыях, але захоўваюць правы на ранейшае месца пасялення. У мінулым была магчыма міграцыя чальцоў роду па-за яго межы. Такім чынам ствараліся самастойныя кака. Яны разглядаліся як братэрскія ў адносінах да папярэдняй. Частка ачолі, што перасялілася ў Кенію, далучылася да народа луа. Хаця ўлада правадыроў мела амаль сакральны характар, у 1967 г. ва Угандзе яна была фармальна адменена і прызнана дзяржавай толькі ў 1995 г.

Шлюбы знутры роду забаронены. Калісьці сватаўством займаліся старэйшыны, у перагаворах паміж родамі аб шлюбах чальцоў прымалі ўдзел старыя мужчыны і жанчыны. Род жаніха ўносіў пасаг за нявесту каровамі і іншай рухомай маёмасцю. У наш час таксама прымаюцца грошы. Пад уплывам хрысціянства пасаг разам з нявестай часта вяртаецца ў род жаніха і далей выкарыстоўваецца маладой сям’ёй. Большасць сямей малыя нуклеарныя. Прынята мець шмат дзяцей. Бяздетнасць прыводзіць да абвінавачвання жанчыны і можа стаць падставай для развода.

Ачолі знакаміты ігрой на барабанах, спевамі і танцамі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова ачолі належыць да нілоцкай сям’і моў, вельмі блізкая да мовы луа.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытныя вераванні ачолі прызнавалі існаванне шматлікіх духаў джогі, якія маглі быць прадстаўлены добрымі духамі продкаў і правадыроў, а таксама небяспечнымі духамі дзікіх звяроў і незнаёмых людзей. Хваробы разглядаліся як апантанасць злымі джогі. Рэлігійныя абрады арганізоўваліся старэйшынамі. Значны ўплыў мелі традыцыйныя лекары, вешчуны і чараўнікі.

З канца XIX ст. пачалася хрысціянізацыя ачолі. У выніку большасць вернікаў далучыліся да пратэстанцкіх і каталіцкай канфесій. Аднак перажыткі старых вераванняў захаваліся і паўплывалі на папулярнасць хрысціянскіх культаў па выгнанню злых духаў або апантанасці святым духам. Сярод ачолі сфарміраваліся секты, што заснаваны на дзейнасці пэўных прарокаў. Некаторыя з іх выступаюць супраць дзяржаўных інстытутаў і іншаверцаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]