Шылук

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Шылук
(Chollo)
Chollo2warriors.png
Паштоўка 1911 г.
Агульная колькасць 361000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of the SPLAM.svg Паўднёвы Судан 
Мова шылук
Рэлігія культ продкаў, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы ачолі, лува, ануак, луа

Шылук (саманазва Chollo) — афрыканскі народ. Жывуць пераважна ў Паўднёвым Судане. Агульная колькасць (2021 г.) — 361 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Шылук з'яўляюцца адным з нілоцкіх народаў, якія, згодна найбольш распаўсюджанай версіі, фарміраваліся на тэрыторыі Паўднёвага Судана. Згодна легендарным паданням саміх шылук, іх заснавальнікам быў культурны герой Н'іканг (Н'ікаанго; 14901517 гг.), што з'явіўся з паўднёвай краіны ля вялікага возера і аб'яднаў вакол сябе розныя роды. Назва шылукарабізаваная версія саманазвы Chollo (Köölø), што ў сваю чаргу паходзіць ад імя продка Н'іканга, які нібы ажаніўся на жанчыне-кракадзіле.

Нашчадкі Н'іканга заснавалі дзяржаву Шылук, што межавала з моцнай дзяржавай Фундж, ахоплівала часткі Паўднёвага Судана і Судана паабапал ракі Ніл і праіснавала да 1861 г. Яе насельніцтва падзялялася на буйныя родавыя і тэрытарыяльныя аб'яднанні, займалася земляробствам, рыбалоўствам і адгоннай жывёлагадоўляй. Шылук пацярпелі паражэнне ў войнах з дзінка і нуэр, у выніку іх дзяржава была далучана да дзяржавы Мухамеда Алі, а потым — да Судана. Пры гэтым манархія фармальна захавалася і працягвае існаваць нават у нашы дні.

У перыяд вайны за незалежнасць Паўднёвага Судана і грамадзянскай вайны, што пачалася ў 2013 г., шылук моцна пацярпелі ад дзеянняў паўднёвасуданскіх узброеных сіл.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

У вёсцы шылук. Фота 1906 г.

Шылук насяляюць каля 150 вёсак паабапал Белага Ніла каля яго вусця. Яны вядуць комплексную гаспадарку, што спалучае земляробства, рыбалоўства, адгонную жывёлагадоўлю, часам рамяство і гандаль. Галоўнымі сельскагаспадарчымі культурамі здаўна з'яўляюцца сорга і проса. На палетках таксама вырошчваюцца бабовыя, гародніна, кунжут, кукуруза і г. д. Хаця палеткі апрацоўваюцца ўручную, земляробства мае інтэнсіўны характар. Ужо ў XIX ст. шылук атрымоўвалі ўраджаі не меньшыя, чым у Егіпце. Трымаюць кароў, авечак, коз. Каровы маюць большае значэнне. Клопат пра іх, у тым ліку даенне, здзяйсняюць мужчыны. Лоў рыбы вядуць з берагоў або з лодак. У мінулым таксама было распаўсюджана паляванне ў зарасніках каля ракі.

Вёскі складаюцца з круглявых каркасных хацін tukl з плеценымі сценамі і канічнымі саламянымі дахамі. Хаціна правадыра звычайна будуецца вышэй, чым хаціны простых абшчыннікаў. У нашы дні большасць насельніцтва апранаецца ў еўрапейскую або арабскую вопратку. Да іх распаўсюджвання шылук насілі скураныя повязі і фартухі, нарукаўнікі, нагруднікі. Асобы з высокім сацыяльным статусам апраналі плашчы накшталт тогі. Традыцыйна упрыгожваліся бранзалетамі, бісерам, пер'ем страусаў, шрамавалі скуру. У мужчын былі папулярны высокія прычоскі з зачосам валасоў у розныя бакі. Жанчыны часцяком галілі галаву або падразалі валасы. Існуе звычай скарыфікацыі твара, выдалення ніжніх зубоў.

Грамадства, утворанае ў дзяржаве шылук у XVIXIX стст., будавалася на сацыяльнай няроўнасці. Уся ўлада фармальна належыла манарху рэт, які з'яўляўся нашчадкам Н'іканга. Лічылася, што ён валодаў магіяй і абараняў краіну. Вышэйшыя пасады займалі прадстаўнікі родаў, якія раней далучыліся да Н'іканга. Яны складалі кола прыдворных банг рэт, двух правадыроў і іх прыбліжаных, якія кіравалі шылук ад імя рэт. Пасады часцяком перадаваліся па спадчыне. Нават нашчадкі тых, хто страціў пасаду, вылучаліся з ліку простых абшчыннікаў, ім павінны былі аказваць пашану. У нашы дні рэт і яго прыдворныя не маюць рэчаіснай улады, аднак шылук вераць у святасць манархіі. Шылук падзелены на буйныя родавыя і тэрытарыяльныя аб'яднанні. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы знаходзяцца нашчадкі рабоў.

Сем'і шулук звычайна пашыраныя. Хаця главой сям'і з'яўляецца старэйшы мужчына, адлік сваяцтва вядзецца па лініі маці. Вяселлю папярэднічаюць перагаворы паміж бацькамі маладых. За нявесту выплочваюць выкуп свойскай жывёлай. Паколькі пасля заключэння шлюбу жаніх пераязджае ў сям'ю нявесты, перададзены яго сваякамі выкуп застаецца ў яго карыстанні. Пашырана палігінія, калі мужчына жэніцца на некалькіх сёстрах або блізкіх сваячніцах. Шылук практыкуюць абразанне ў мужчын, радзей — выдаленне клітара ў жанчын.

Важная частка фальклору — вусная народная творчасць. Шылук бавяць час тым, што гуртуюцца вакол апавядальніка, які пераказвае старыя міфы, паданні, казкі, навіны. Найлепей захаваліся гістарычныя паданні аб існаванні іх дзяржавы. Народныя танцы з маскамі імітуюць ваенныя дзеянні або паляванне. Рамеснікі шылук — выдатныя творцы керамічных скульптур і ювелірных вырабаў.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на раннія кантакты з мусульманамі, большасць вернікаў прытрымліваецца традыцыйнай рэлігіі. Яна заснавана на веры ў вышэйшага духа Джуока, які кіруе навакольным светам. Шанаванне Джуока ўключае ахвярапрынашэнні свойскай жывёлы. Абагаяўляецца манарх рэт і яго продкі. Шылук таксама вераць у магутных духаў вады, ракі Ніл, іншых прыродных аб'ектаў. Лічыцца важным захаванне цела нябожчыка да яго пахавання на радзіме.

З канца XIX ст. сярод шылук вядзецца хрысціянская місіянерская дзейнасць. Яна набыла асаблівы поспех падчас грамадзянскіх войн у Судане і Паўднёвым Судане, паколькі місіянерскія арганізацыі аказваюць гуманітарную дапамогу. У нашы дні каля трэці вернікаў належаць да розных хрысціянскіх плыняў, звычайна пратэстанцкіх.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]