Перайсці да зместу

Бабаджон Гафураў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бабаджон Гафураў
тадж.: Бобоҷон Ғафуров
Партрэт Бабаджона Гафурава на аверсе банкноты 50 самані.
Партрэт Бабаджона Гафурава на аверсе банкноты 50 самані.
Сцяг Першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Таджыкістана
16 жніўня 1946 — 24 траўня 1956
Папярэднік Дзмітрый Захаравіч Пратапопаў
Пераемнік Турсунбай Ульджабаевіч Ульджабаеў
Сцяг Першы сакратар Сталінабадскага абласнога камітэта КП(б) Таджыкістана
1948 — 10 красавіка 1951
Папярэднік Джурабек Іскандараў
Пераемнік пасада скасавана

Нараджэнне 18 (31) снежня 1908
Смерць 12 ліпеня 1977(1977-07-12) (68 гадоў)
Месца пахавання
Маці Roziya Ozod[d]
Партыя
Член у
Навуковая ступень акадэмік АН СССР
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бабаджо́н Гафу́раў (тадж.: Бобоҷон Ғафуров), таксама Бабаджа́н Гафу́равіч Гафу́раў (руск.: Бободжан Гафурович Гафуров; 18 [31] снежня 1908, кішлак Іспісар, Худжандскі павет, Самаркандская область, Расійская імперыя[1] — 12 ліпеня 1977, Душанбэ, Таджыкская ССР) — таджыкскі дзяржаўны і партыйны дзеяч і гісторык-усходазнаўца. Першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Таджыкістана (19461956). Дырэктар Інстытута ўсходазнаўства АН СССР (1956—1977). Доктар гістарычных навук (1949), акадэмік АН Таджыкскай ССР (1951), акадэмік АН СССР (1968). Герой Таджыкістана (1997).

Сямейны дом бацькі Бабаджона Гафурава знаходзіцца ў цэнтры Худжанда, у старажытным квартале Хаджа-Камол. Дзед, Мір-Сангін, меў чацвярых сыноў: Мір-Гафур, Мір-Абдула, Мір-Шарыф і Мір-Умар. Прыстаўка і тытул «Мір» (скарачэнне ад «эмір») азначала адносна высокае становішча сям’і ў грамадстве. Вядома, што дзядзькі Мір-Абдула і Мір-Умар былі заможнымі людзьмі. Мір-Абдула зарабляў гандлем мясам каля чыгуначнай станцыі непадалёк ад кішлака. Там жа браты купілі ўчастак зямлі і пабудавалі дамок, куды пазней пераехала сям’я Мір-Гафура, бацькі Б. Гафурава. Па ўспамінах старэйшай стрыечнай сястры Сідзікі, якая няньчыла малога Бабаджона, ён нарадзіўся ўсё ж такі ў Худжандзе, у тым радавым доме, які быў падзелены паміж астатнімі братамі. У сваёй аўтабіяграфіі Бабаджон пісаў, што яго бацька быў батраком. Маці — паэтка Розія Азод[en], таксама паходзіць са старажытнага худжандскага роду квартала Ходжа-Камол і, па заявах сваякоў, паходзіць ад роду вядомага персідскага паэта Камаля Худжандзі (XIV ст.).

У 1928—1929 гадах Бабаджон вучыўся ў Самаркандзе, дзе яго настаўнікамі былі Садрыдзін Айні і Гафур Гулям[2].

У 1935 годзе скончыў Ўсесаюзны камуністычны інстытут журналістыкі ў Маскве.

Жонка — Капіталіна Гафурава. Дачка — Нінэль Гафурава.

Палітычная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Член ВКП(б)-КПСС з 1932 года. Вёў педагагічную працу ў ВНУ Таджыкістана і займаўся журналістыкай. У 1936 годзе — намеснік галоўнага рэдактара газеты «Кзыл Тоҷикистон» («Чырвоны Таджыкістан»). Адначасова, з кастрычніка 1936 года — на кіруючай працы ў сектары друку Аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Камуністычнай партыі Таджыкістана. З лістапада 1937 года — загадчык аддзела друку і выдавецтваў ЦК Камуністычнай Таджыкістана. Працаваў галоўным рэдактарам газеты «Бехудоёни Тоҷикистон» («Бязбожнік Таджыкістана»).

З 1941 па 1944 год — сакратар ЦК КП(б) Таджыкістана па прапагандзе, з 1944 па 1946 год — другі сакратар, з 1946 па 1956 год — першы сакратар ЦК КП(б)-КП Таджыкістана. Адначасова з 1948 па красавік 1951 года з’яўляўся першым сакратаром Сталінабадскага абласнога камітэта КП(б)Таджыкістана.

На XIX (1952) і XX (1956) з’ездах КПСС абіраўся членам ЦК КПСС. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2—5-га, 7-га скліканняў. Б. Гафураў падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны з галоўным ідэолагам партыі, членам Палітбюро М. А. Суславым[3].

Акадэмічная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Галоўная зала Музея акадэміка Бабаджона Гафурава ў пасёлку Гафураў.
Адна з зал Музея акадэміка Б. Гафурава.

Спецыялізаваўся ў гісторыі народаў Сярэдняй Азіі і гісторыі ісламу. Доктар гістарычных навук (1949). Акадэмік Акадэміі навук Таджыкскай ССР (1951).

Асноўная кніга — «Таджыкі», прысвечаная гісторыі народа. Гафураў лічыў, што працэс кансалідацыі таджыкаў з плямёнаў у адзіную нацыю яшчэ не завершаны, і для гэтага працэсу неабходна стварэнне нацыянальнай гісторыі[4]. Гісторык-археолаг Б. А. Ліцвінскі сцвярджаў, што кніга «Таджыкі» насамрэч напісана ім сумесна з жонкай А. А. Давідовіч; гэтая заява выклікала пратэсты таджыкскіх навукоўцаў[5]. Чуткі аб тым, што працы Гафурава фактычна пішуць іншыя людзі, хадзілі і ў Інстытуце ўсходазнаўства[4]. Па словах А. А. Фармозава, «ні для каго з чальцоў навуковай рады не было сакрэтам, што кніга „Гісторыя таджыкскага народа“ напісаная зусім не дысертантам, а І. С. Брагінскім»[6]. Па ўспамінах І. М. Дзьяканава, «адзіны з усіх першых сакратароў, ён зразумеў, што гэтае становішча можа быць не вечным, і разважліва апублікаваў уласную кнігу „Гісторыя Таджыкістана“. Хто яе рыхтаваў, я не ведаю. Мой брат М. М. напісаў на яе даволі адмоўную рэцэнзію, не прымаючы да ўвагі таго, што яму яшчэ давядзецца і ў будучыні, як археолагу, працаваць у Таджыкістане. Але і Гафураў не пакрыўдзіўся, а выпусціў новае выданне кнігі з папраўкамі, пасля чаго быў абраны правадзейным членам у рэспубліканскую акадэмію».

У 1989 годзе беларускі географ Аляксандр Ганчароў і геабатанік, доктар геаграфічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Акмір Агаханянц абмяркоўвалі выдадзеную на рускай мове ў двух тамах працу Гафурава «Таджыкі». Агаханянц, які доўгі час жыў і працаваў у Таджыкістане і асабіста ведаў Гафурава, выключна высока адклікаўся аб ім як пра вучонага-гісторыка і лічыў выдадзеную манаграфію бліскучай навуковай працай па гісторыі таджыкскага народа.[крыніца?]

З 1956 года Б. Гафураў — дырэктар Інстытута ўсходазнаўства АН СССР. Зарэкамендаваў сябе як асцярожны і ўзважаны адміністратар, які ўмеў гасіць канфлікты, «энергічны і здольны арганізатар» (І. М. Дзьяканаў), «усходні мудрэц» (Ф. А. Тодэр). Пры гэтым ён быў вельмі жорсткі, аж да звальненняў, да супрацоўнікаў, якія дапускалі палітычныя выказванні, і «падпісантаў»; у ім адчуваўся начальнік сталінскага пакалення[4]. Акадэмік У. М. Алпатаў лічыў дырэктарства Гафурава найлепшым часам у жыцці інстытута. Пры Гафураве ў інстытуце з’явілася шмат маладых супрацоўнікаў, у тым ліку былых рэпрэсаваных, дэмабілізаваных вайскоўцаў, упершыню была створана асаблівая мовазнаўчая структура — Аддзел моў, пачаліся паездкі савецкіх усходазнаўцаў у доследныя краіны, было створана Выдавецтва ўсходняй літаратуры[4].

З 20 чэрвеня 1958 года — член-карэспандэнт АН СССР па Аддзяленні гістарычных навук (гісторыя СССР, археалогія), з 26 лістапада 1968 года — акадэмік АН СССР па аддзяленні гісторыі (усеагульная гісторыя).

У апошнія гады ён фактычна адышоў ад спраў у сувязі з хваробай, хаця заставаўся на пасадзе да канца жыцця. Пераемнікам Гафурава на чале Інстытута ўсходазнаўства АН СССР быў Я. М. Прымакоў.

Апошнія гады і здзяйсненне хаджу

[правіць | правіць зыходнік]
Месца пахавання Бабаджона Гафурава, парк Лучоб, Душанбэ.

У 1974 годзе высокапастаўлены камуніст Бабаджон Гафураў нечакана здзейсніў хадж, наведаўшы Мекку[4]. Гэтую падзею тлумачылі і як шчыры зварот да веры, і як палітычны ход з мэтай палепшыць адносіны СССР з Саудаўскай Аравіяй[4].

Ва ўспамінах І. М. Дзьяканава гэты эпізод выкладзены так[7]:

«Урэшце, калі яму стала зразумела, што жыць яму заставалася нядоўга, ён пайшоў у ЦК і звярнуў увагу на тое, што Саудаўская Аравія набывае зараз усё большае палітычнае значэнне, а мы не маем ніякіх звестак аб тым, што там адбываецца. Ён запрапанаваў, што, будучы мусульманінам, можа паехаць туды як паломнік і наведае Медыну і Мекку. Гэта яму дазволілі і далі перакладчыка-мусульманіна ж. Па прыбыцці ў Мекку ён быў ужо ў такім слабым стане, што яго абнеслі вакол святыні на насілках. Вярнуўшыся ў Маскву, ён склікаў бліжэйшых людзей у свой кабінет у Інстытуце і сказаў прыблізна так: — Што я быў першым сакратаром ЦК кампартыі Таджыкістана — гэта лухта. Што я быў членам ЦК КПСС — лухта. Што я быў акадэмікам — гэта таксама лухта. А вось што я хаджы — гэта ў маім кішлаку ацэняць. — І з’ехаў на радзіму паміраць.»

Пахаваны ў Душанбэ ў Лучобскім парку.

Узнагароды і званні

[правіць | правіць зыходнік]
Экскурсія ў Музеі акадэміка Б. Гафурава.
Экспанаты ў Музеі акадэміка Б. Гафурава.
  • Імем Бабаджона Гафурава ў 1978 годзе быў названы горад (цяпер пасёлак) Гафураў у тагачаснай Ленінабадскай вобласці Таджыкістана, які раней называўся Саветабад. 30 чэрвеня 1999 года Хаджэнцкі раён Ленінабадскай вобласці перайменаваны ў Гафураўскі раён.
  • Б. Гафураў з’яўляецца адным з шасці герояў Таджыкістана (1997, пасмяротна).
  • У Інстытуце ўсходазнаўства РАН апроч партрэта Б. Гафурава ў галерэі дырэктараў захоўваецца таксама яго партрэт, вытканы на дыване.
  • Напярэдадні 90-гадовага юбілею вучонага ўтвораны Рэспубліканскі музей імя акадэміка Бабаджона Гафурава (Гафураўскі раён, Сагдыйская вобласць, Таджыкістан). Пры музеі створаны навуковы цэнтр па вывучэнні «гафуразнаўства», які даследуе навуковую дзейнасць вучонага гісторыка і ўсходазнаўца акадэміка Бабаджона Гафурава (дырэктарам музея і кіраўніком навуковага цэнтра з’яўляўся яго вучань, прафесар Х. Х. Халджураеў). Супрацоўнікамі цэнтра выдадзены некалькі прац на рускай, таджыкскай і ўзбекскай мовах пра навуковую дзейнасць акадэміка Бабаджона Гафурава і іншыя выданні.
  • У 1997 годзе ўказам прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Худжандскаму дзяржуніверсітэту прысвоена імя акадэміка Бабаджона Гафурава.

Навуковыя працы

[правіць | правіць зыходнік]
Рускай мовай
  1. цяпер пасёлак Гафураў Сагдыйскай вобласці
  2. Гафурова Н. Б. Отец — учитель и наставник // Академик Бободжан Гафуров: к 100-летию со дня рождения. / Редкол.: Пред. Е. П. Челышев; Сост.: Н. Б. Гафурова — М.: Восточная литература РАН, 2009. — С. 102. — ISBN 978-5-02-036389-2
  3. Ключников Б. Ф. Памяти учёного и дипломата // Академик Бободжан Гафуров: к 100-летию со дня рождения. — М.: Восточная литература РАН, 2009. — С. 87.
  4. а б в г д е Алпатов В. М. Мудрый директор // Алпатов В. М. Языковеды, востоковеды, историки. — М.: Языки славянских культур, 2012.
  5. Икрами Д. Кто на самом деле написал «Таджики»? (ответ Б. Литвинскому) Архівавана 11 чэрвеня 2016.
  6. Формозов А. А. Русские археологи в период тоталитаризма. — М.: Знак, 2006. — С. 249. — ISBN 5-94457-192-6
  7. Дьяконов И. М. Книга воспоминаний.
  8. «Известия», 14.07.1977, с. 3
Рускай мовай
  • Академик Б. Г. Гафуров, Кн. 1. — Худжанд: 1998. — 207 с.
  • Академик Б. Г. Гафуров, Кн. 2. — Худжанд: 1998. — 173 с.
  • Человек-легенда. — Худжанд: «Нури маърифат», 2003. — 460 с.
  • Университет, носящий имя академика Б. Г. Гафуров (в цифрах и фотодокументах). — Худжанд, 2008. — 132 с.
  • Академик Б. Г. Гафуров — государственный деятель, историк, политик, востоковед и дипломат. (Кн. 1. Спецкурс. Методическое пособие). — Худжанд. 2010. — 152 с.
  • Академик Б. Г. Гафуров — государственный деятель, историк, политик, востоковед и дипломат. (Кн. 2. Спецкурс. Методическое пособие). — Худжанд. 2010. — 160 с.
  • Из истории создания книги «Таджики» — Худжанд, 2010. — 268 с.
  • Гафуроведы и гафуроведение. — Душанбе: Ирфон, 2010. — 276 с.
  • Академик Б. Г. Гафуров — государственный деятель, историк, политик, востоковед и дипломат. — Худжанд, 2010. — 162 с.
  • Холджураев Х., Зоиров Г. Академик Б. Г. Гафуров в памяти народа. — Худжанд, 2012. — 196 с.