Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Белару́ская культу́рна-навуко́вая асацыя́цыя пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Існавала з 14 лістапада 1920 да вясны 1923 года ў Маскве. Заснавана студэнтамі-беларусамі.

Мэты асацыяцыі: спрыянне культурна-гаспадарчаму адраджэнню Беларусі, вывучэнне розных галін гаспадаркі, арганізацыя навукова-даследчых экспедыцый па Беларусі, навуковая і культурная падрыхтоўка беларускіх студэнтаў для будучай працы на Бацькаўшчыне. У 1923 годзе аб’ядноўвала больш за 200 сяброў. Мела секцыі: жывёлагадоўлі, доследаў над раслінамі, пчалярства, лесазнаўства, меліярацыі, статыстыкі і дынамікі гаспадаркі Беларусі; існавалі агранамічны гурток, хор і драматычная студыя.

Сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў працы акадэмічнага гуртка па вывучэнні Смаленскай губерні. У зборы і апрацоўцы матэрыялаў па гаспадарцы Беларусі дапамагалі прафесары A. А. Калантар, М. Аганоўскі, а таксама Я. У. Самойлаў, А. Смоліч, А. Л. Бурбіс. Летам 1922 года сябры асацыяцыі ўдзельнічалі ў экспедыцыі Наркамзема Беларусі па вывучэнні вытворчых сіл Міншчыны і Мазыршчыны. Члены асацыяцыі былі прыхільнікамі канцэпцыі эканамічнага развіцця «Беларусь — Чырвоная Данія» і рабілі ўласныя спробы вырашыць праблемы інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі.

Асацыяцыя выдала брашуры-справаздачы за 1921 і 1922 гады, навуковы зборнік-альманах з артыкуламі прафесараў В. Р. Вільямса, А. Д. Дубаха і іншых. Разам з Бюро беларускіх студэнцкіх арганізацый у Маскве выдала літаратурна-навуковы альманах «Маладая Беларусь» (1922). Рыхтаваўся да друку альбом «Нявывучаная Беларусь», спецыяльныя навуковыя зборнікі, часопіс «Беларускі гаспадар» (1923, са студэнтамі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута). Праводзілася таксама культурніцкая дзейнасць, збор беларускага фальклору. З сябрамі асацыяцыі сустракаліся A. Р. Чарвякоў, паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР М. Мароз і іншыя.

З вясны 1922 года дзейнасць асацыяцыі выклікала крытыку і абвінавачанні ў «навуковым ухілізме», нацыянал-шавінізме і апалітычнасці. Па гэтай прычыне ў верасні 1922 года Гарэцкі быў часова затрыманы органамі АДПУ. Вясною 1923 года ў Маскве пачалі стварацца альтэрнатыўныя беларускія пралетарскія зямляцтвы і асацыяцыя вымушана была спыніць сваё існаванне. З шэрагаў асацыяцыі выйшлі вядомыя вучоныя: геолаг Г. І. Гарэцкі, эканаміст С. А. Ждановіч, глебазнавец П. П. Рагавой і іншыя.

Старшыні асацыяцыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Г. І. Гарэцкі (1920 — лістапад 1922)
  • П. Жук (лістапад 1922 — вясна 1923)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]