Божына
Вёска
Божына
|
Бо́жына[1] (трансліт.: Božyna, руск.: Божино) — вёска ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Багушэвіцкага сельсавета. 32 гаспадаркі, 66 жыхароў (2008).
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Знаходзіцца за 14 км на паўднёвы захад ад Беразіно, 114 км ад Мінска. На ўсходзе цячэ рака Бярэзіна, прыток Дняпра. Транспартныя сувязі па дарозе Беразіно—Бабруйск.
Планіровачна складаецца з 2 (працяглай і кароткай) прамалінейных, паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад уздоўж ракі. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вядома з 16 ст. У 1743 г. сяло Божыя, 10 двароў, кузня, карчма, уласнасць царквы. У 1777 г. пабудавана драўляная Ільінская царква.
З 1793 г. ў Расійскай імперыі. У 1800 г. сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., 44 двары. Дзейнічалі ўніяцкая царква, карчма, вадзяны млын, меўся гаспадарскі дом са службамі, уласнасць памешчыка М. Валовіча. Паводле рэвізіі 1811 г. мястэчка Божыя і вёска Новы Божыя (63 жыхары мужчынскага полу). У 1844 г. маёнтак і аднайменны фальварак, уласнасць памешчыка С. Ясенскага, у 1846 г. — губернскага сакратара І. Палянскага. У 1858 г. мястэчка, цэнтр маёнтка, уласнасць С. Ясенскага. У 1860 г. адкрыта царкоўна-прыходская школа, у якой у 1890 г. навучалася 27 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Паводле перапісу 1897 г. ў Брадзецкай вол., у сяле 39 двароў, у маёнтку З двары, на паштовай сядзібе З двары. Дзейнічалі Ільінская прыходская царква і капліца, багадзельня, хлебазапасны магазін, царкоўна-прыходская школа. У 1917 г. ў сяле 50 двароў.
У пач. 1920-х гадоў у маёнтку створана садова-агранамічная гаспадарка. З 20.8.1924 г. ў Перавозаўскім сельсавеце (да 1927 г. — цэнтр сельсавета) Бярэзінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. да 26.7.1930 г. Мінскай акруг БССР. У 1926 г. ў вёсцы 60 двароў, у пасёлку З двары. У 1930 г. створаны калгас «Камбайн». З 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 28 вяскоўцаў. З 20.9.1944 г. ў Мінскай вобласці. З 16.7.1954 г. ў Багушэвіцкім сельсавеце. З 25.12.1962 г. ў Чэрвеньскім, з 6.1.1965 г. зноў у Бярэзінскім раёнах. У 1980 г. ў складзе калгаса імя XXII з’езда КПСС (цэнтр — в. Міхалева), дзейнічаў магазін. У 1964 г. вёска перайменавана ў Прырэчча, гістарычная назва Божына вернута 9.1.1993 г.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- 1800 — 362 жыхары
- 1897 — у сяле 254 жыхары, у маёнтку 27 жыхароў, на паштовай сядзібе 13 жыхароў
- 1926 — у вёсцы 263 жыхары, у пасёлку 15 жыхароў
- 1960 — 219 жыхароў
- 2008 — 66 жыхароў
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бо́жын, м.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0302-3.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- radzima.org