Выдавецтва Уладзіслава Знамяроўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Выдаве́цтва Уладзісла́ва Знамяро́ўскага — прыватнае беларускае выдавецтва, якое дзейнічала ў Вільні ў 1920-я — сярэдзіне 1930-х гадоў. Заснавана Уладзіславам Знамяроўскім[1]. Выдала каля 20 кніг арыгінальнай і перакладной мастацкай літаратуры, падручнікаў, слоўнікаў[2].

У 1920—1923 гады выйшлі «Беларускі каляндар на 1920 год», «Сцэнічныя творы» Леапольда Родзевіча, аповесць «Стася» Дзядзькі Пранука, «Сцэнічныя творы для дзіцячага тэатра», зборнік гумарыстычных вершаў «Снапок» Альберта Паўловіча, «Мае каляды» А. Сумнага, «Руска-беларускі слоўнік» Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх (2-е выданне). У 1926—1933 гады выдадзены «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага (4-е выданне), «Дзед Завала» Ядвігіна Ш. (2-е выданне), «Сон Гаўрылы і розныя вершы» У. Ініцкага, «Баўтручок і іншыя гумарыстычныя апавяданні і жарты (з народнага)», «Ад чаго зло на свеце» і «Ці шмат чалавеку трэба зямлі…» Льва Талстога і іншыя кнігі. Мела выдавецкія серыі «Сцэнічныя творы» і «Гумарыстычная бібліятэчка».

За выпуск у 1928 годзе «Беларускага дэкламатара», у які ўвайшлі вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі і другіх беларускіх паэтаў, Знамяроўскі быў прыцягнуты польскімі ўладамі да судовай адказнасці. Мастацка-афарміцельскі ўзровень выданняў быў невысокі з-за адсутнасці ў выдавецтве фінансавых сродкаў. Заняпала ў сувязі з рэпрэсіямі польскіх улад супраць нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Апошнямі кнігамі выдавецтва былі «Путы кахання» У. Казлоўшчыка і «Правакацыя беларускага народа» Фабіяна Акінчыца[3].

Зноскі

  1. Знамяроўскага У. выдавецтва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 100.
  2. Анатоль Сідарэвіч.. Нашаніўцы ў 1920 годзе. Наша Ніва (8 лютага 2001). Праверана 30 студзеня 2020.
  3. А. С. Ліс. Выдавецтва У. Знамяроўскага // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 368.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]