Раманавічы (Гомельскі раён)
Вёска
Раманавічы
| ||||||||||||||||||||
Рама́навічы[1] (трансліт.: Ramanavičy, руск.: Романовичи) — вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Улукаўскага сельсавета.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
За 5 км на ўсход ад Гомеля. У 1,5 км на усход ад чыгуначнай станцыі Раманавічы.
Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]
На ўсходзе меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Іпуць (прыток ракі Сож).
Транспартная сетка[правіць | правіць зыходнік]
Аўтадарога злучае вёску з Гомелем. Планіроўка вёскі: з захаду ідуць паралельныя між сабою вуліцы рознай працягласці, да якіх на ўсходзе далучаецца адна вуліца з поўдня, з поўначы — 2 кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, збольшага драўляная, сядзібнага тыпу.
Праз вёску праходзяць маршруты гарадскіх аўтобусаў (г. Гомель) №65, 66
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Знойдзенае археолагамі пасяленне эпохі неаліту і бронзавага веку (III—II тысячагоддзі да н.э., за 0,5 км на ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Селішча) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў з найдаўнейшых часоў. З пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Гомельскім старостве Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1640-я гады, паводле інвентару Гомельскага староства: 8 дымоў, 3 службы, 18 валоў, 15 коней. У 1751 годзе ва ўласнасці князя Чартарыйскага. Вялікі ўчастак араных зямель і лугоў, як сведчыць інвентар 1752 года, быў уласнасцю дыякана Гомельскага.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) вёска апынулася ў складзе Расійскай імперыі. З 1775 года ва ўласнасці фельдмаршала графа П. А. Румянцава-Задунайскага, з 1834 года — фельдмаршала князя І. Ф. Паскевіча, у складзе Новікаўскай, а потым Добрушскай аканомій Гомельскага маёнтка. У 1788 годзе ў Гомельскай воласці Беліцкага павета. У 1811 годзе дзейнічала паромная пераправа цераз раку Іпуць. У 1879 годзе запрацавалі заводы па вытворчасці цэглы і цукру. У 1880 годзе была пабудавана драўляная Мікалаеўская царква, працаваў хлебанарыхтоўчы магазін. У 1885 годзе дзейнічалі 3 ветраныя млыны, школа. Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы размяшчаліся: царква, капліца, вінная лаўка, карчма. У выніку пажару ў 1908 годзе згарэлі 53 двары. У 1909 годзе — 2458 дзесяцін зямлі, у Гомельскай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні, 36 дзесяцін зямлі былі ўласнасцю царквы.
17 чэрвеня 1919 года быў арганізаваны сельскагаспадарчы кааператыў. У 1926 годзе працавалі паштовы пункт, пачатковая школа, крама. З 8 снежня 1926 года да 23 мая 1959 года вёска з’яўлялася цэнтрам Раманавіцкага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе быў створаны калгас «Камсамол Гомельшчыны», дзейнічалі 2 ветракі, кузня. У часы Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года нямецкія акупанты цалкам спалілі вёску і забілі 30 жыхароў. Вёска была вызвалена 17 кастрычніка 1943 года. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 238 жыхароў. У гонар тых, хто загінуў, у 1958 годзе на паўднёвай акраіне быў усталяваны абеліск. У 1959 годзе — у складзе саўгаса «Бярозкі» (цэнтр — вёска Бярозкі). Ёсць сярэдняя і музычная школы, дзіцячы садок, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, сталовая, 2 крамы, аддзяленне сувязі.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- 1773 год — 40 двароў, 307 жыхароў.
- 1788 год — 462 жыхары.
- 1811 год — 110 двароў, 270 жыхароў мужчынскага полу.
- 1834 год — 119 двароў, 630 жыхароў.
- 1850 год — 124 двары, 672 жыхары.
- 1885 год — 172 двары, 738 жыхароў.
- 1897 год — 228 двароў, 1542 жыхары (паводле перапісу).
- 1909 год — 314 двароў, 1899 жыхароў.
- 1926 год — 332 двары.
- 1940 год — 236 двароў.
- 1959 год — 1552 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 556 двароў, 1510 жыхароў.
- 2009 год - 1390 жыхароў.[2]
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
-
Родны дом Фёдара Піскунова
-
Царква
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Фёдар Антонавіч Піскуноў (1950—2013) — беларускі мовазнавец-лексікограф.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Familio — сохранить память о людях и делиться исследованиями . Familio. Праверана 5 лістапада 2023.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць (бел.) / С. В. Марцэлеў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — 632 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0303-9.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раманавічы (Гомельскі раён)