Вікенцій Равінскі
Вікенцій Равінскі | |
Асабістыя звесткі | |
---|---|
Дата нараджэння: | 5 кастрычніка 1786 |
Месца нараджэння: | |
Дата смерці: | 1855 |
Пахаванне: | |
Грамадзянства: | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці: | драматург, паэт |
Валодае мовамі: | беларуская |
Мова твораў: | беларуская |
Вікенцій Паўлавіч Равінскі (1786, Духаўшчынскі павет, Смаленская губерня, цяпер Духаўшчынскі раён, Смаленская вобласць, Расія — 1855) — беларускі паэт, драматург. Найбольш верагодны аўтар паэмы «Энеіда навыварат».
Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]
Паходзіў са шляхецкага роду. Служыў у расійскім войску. Удзельнік войнаў 3-й (1805 г.) і 4-й кааліцый (1806—1807 гг.), вайны 1812 г., паходу ў Заходнюю Еўропу. Асабліва вызначыўся ў бітве пры Шэнграбене (1805), дзе «храбра адкрываў сам сабе шлях праз варожыя калоны»[1], за што атрымаў ордэн Ганны 3-га класа. У 1816 г. пайшоў у адстаўку ў чыне палкоўніка і вярнуўся на радзіму. У шлюбе з Праскоўяй Рымскай-Корсакавай меў 4 сыноў і 6 дачок.
З 1826 г. на цывільнай службе ў Арэнбургскай губерні. Жыў ва Уфе, Пензе (1828—1832 гг.), Кастраме (1832—1833 гг.). Пасля вярнуўся на радзіму.
Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды. Валодаў французскай і нямецкай мовамі, цікавіўся гісторыяй і літаратурай. Поглядамі быў блізкі да дзекабрыстаў.
Пахаваны ў вёсцы Спас-Вуглы, па некаторых звестках, у царкве.
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Літаратуразнаўцы вырашаюць на карысць В. Равінскага пытанне аўтарства паэмы «Энеіда навыварат». Паэма (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—1825 на вёсцы ці ў 1827—1828, калі ён чакаў новага прызначэння і стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. А. Кіркор пісаў, што аўтар паэмы «выдатна ведаў народ, яго паданні, норавы, звычаі і валодаў мовай, як нямногія. Яго гумар, уменне перадаваць народныя сцэны знамянуюць геніяльныя здольнасці»[2]. У 1890 г. яго ўнук Канстанцін Равінскі апублікаваў больш поўную версію твора ў «Смоленском вестнике».
Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейвалася самадурства паноў і апісваліся камічныя эпізоды з памешчыцкага жыцця, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларускія пісьменнікі. У 6 т. — Т. 5. — Мн., 1995. — С. 114;
- Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды» — Мн., 1971;
- Кісялёў Г. Слядамі «Энеіды» // Полымя. 1996. № 10;
- Кісялёў Г. Равінскі // Беларуская энцыклапедыя. Т. 13. — Мн., 2001;
- Кісялёў, Г. Равінскі Вікенцій Паўлавіч / Генадзь Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны – Усая. – Мн.: БелЭн, 2001. – 591 с.: іл. – С. 37 – 38. – ISBN 985-11-0214-8.
- Киселев, Г. В. Разыскивается классик...: историко-литературная дилогия. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. — 414, [2] с. – С. 171 – 222. – ISBN 5-340-00076-1.