Віктар Уладзіміравіч Хурсік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віктар Уладзіміравіч Хурсік
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 9 мая 1953(1953-05-09) ці 1953[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 6 студзеня 2023(2023-01-06) ці 2023[1]
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналіст, публіцыст, пісьменнік, выдавец, грамадскі дзеяч
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у

Віктар Уладзіміравіч Хурсік (нар. 9 мая 1953, чыгуначная станцыя Уборак, Асіповіцкі раён, БССР[2] — 6 студзеня 2023) — беларускі журналіст, публіцыст, пісьменнік, выдавец, грамадскі дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Навучаўся ва Уборкаўскай пачатковай, Жорнаўскай няпоўнай сярэдняй і Дараганаўскай сярэдняй школах Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Мінскі політэхнічны тэхнікум (1972), завочна Беларускі політэхнічны інстытут (1982). У 1972—1974 гадах праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Цэнтральнай групе войскаў у Чэхаславакіі (г. Камарна, Славакія). Працаваў на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава ў Мінску, у Мінскім спецыяльным канструктарскім бюро працяжных станкоў, Мінскім навукова-вытворчым аб’яднанні «Цэнтр». Рэгулярна друкаваўся у беларускай прэсе з 1980 года. У 1991—2009 гадах супрацоўнік газеты «Звязда». З 2009 года прыватны выдавец. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Жыў у Мінску.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Вынаходніцкая[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар двух вынаходстваў у галіне станкабудавання (пасв. СССР № 18197775 і 1765020).

Гісторыка-даследчая[правіць | правіць зыходнік]

Вывучаў гісторыю Асіповіцкага раёна, жыццё і дзейнасць Магдалены Завішы (Красінскай, Радзівіл). Адзін з укладальнікаў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Асіповіцкі раён» ISBN 985-6302-36-6 (2002).

Пісьменніцкая[правіць | правіць зыходнік]

Шматлікія артыкулы Віктара Хурсіка гісторыка-краязнаўчай тэматыкі змешчаны ў перыядычных выданнях Беларусі.

Аўтар кніг:

  • «Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл», ISBN 985-6024-37-4 (2001);
  • «Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863—1864 гг.», ISBN 985-6024-40-4, (2002)
  • «Кроў і попел Дражна. Гісторыя партызанскага злачынства», ISBN 985-6718-26-0, (2006)
  • «Vale!» Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл, ISBN 978-985-7025-87-9, (2018)

Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў жанры публіцыстыкі за 2018 год[3].

Перакладчыцкая[правіць | правіць зыходнік]

Пераклаў з польскай мовы і выдаў кнігі: «Успаміны Крыштафа Завішы ваяводы Мінскага. 1666—1721» (ISBN 978-985-6888-69-7), (2011) і «Маскоўская ўлада на Літве. 1863—1869», (ISBN 978-985-7025-03-9), (2013), «Мінскія абразкі. 1850—1863» (ISBN 978-985-7219-03-2)

Грамадска-палітычная[правіць | правіць зыходнік]

Член і адзін з заснавальнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (Беларусь)[4]. Актыўны пазаштатны карэспандэнт прыватных беларускіх друкаваных і эфірных СМІ. Уганараваны клубам «Спадчына» імя Анатоля Белага медалём Васіля Быкава «За праўду ў творчасці» (2008) ("І паўстала «Спадчына». Мінск, 2014. ISBN 978-985-7025-32-9).

19 красавіка 2008 г. разам з іншымі ўдзельнічаў ва несанкцыяваным усталяванні мемарыяльнага крыжа «ў памяць ахвяр злачынстваў савецкіх партызан» у вёсцы Дражна (Старадарожскі раён) за што 15 мая 2008 года Віктар Хурсік, на той момант супрацоўнік газеты «Звязда», быў асуджаны Старадарожскім раённым судом да 15 сутак арышту паводле частцы 1-й артыкула 23.34 КаАП РБ («парушэнне вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства»)[5][6].

Выдавецкая[правіць | правіць зыходнік]

Выдавецкую дзейнасць пачаў у 1991 годзе стварэннем малога прадпрыемства «Арэлі», затым прыватнага выдавецтва «Пейто», з 2003 года Віктар Хурсік з’яўляецца прыватным выдаўцом. Яго кнігі маюць міжнародныя коды ISBN 985-6024 (44 назвы), 978-985-6718 (100 назваў), 978-985-6888 (100 назваў), 978-985-7025 (100 назваў)[7][8]. Выдаў 14 назваў брашур пра вёскі Беларусі. Сярод 350 назваў кніг, выдадзеных Хурсікам, 18 — кнігі беларускага гісторыка Яўгена Анішчанкі, кнігі пісьменніцы Лідзіі Арабей, старэйшага паэта і перакладчыка Івана Бурсава, перакладчыка Андрэя Каляды, паэтаў Уладзіміра Някляева, Сяргея Панізніка, пісьменніка і краязнаўца Алеся Карлюкевіча, іншых беларускіх творцаў. Дыпламант Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу «Кнігі Беларусі-2009» (Мінск), удзельнік выстаў гістарычнай кнігі ў Варшаве і кніжных выставак у Беластоку (Польшча).

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]