Вікторыя Віктараўна Міронцава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вікторыя Віктараўна Міронцава
Дата нараджэння 21 лістапада 1994(1994-11-21) (29 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці мастачка, палітычны вязень
Вучоба

Вікторыя Віктараўна Міронцава (нар. 21 лістапада 1994) — беларуская мастачка, палітычная зняволеная, абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Праходзіла па адной крымінальнай справе з дзвюма сваімі сёстрамі, Анастасіяй і Аляксандрай.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вікторыя Міронцава — выпускніца гімназіі-каледжу мастацтваў імя. І. В. Ахрэмчыка. Пасля выпуску не працавала па спецыяльнасці, уладкавалася афіцыянткай у бар крамы «Карона». Як мастачка аформіла дзіцячую кнігу вершаў Анатоля Зэкава «Вожык вёз сараканожак»[1].

Дома ў Вікторыі жыве яе ручная сарока Лапуля. Вікторыя мае праблемы з шчытападобнай залозай, праз гэта ў яе адміраюць валасы на галаве, таму яна голіць галаву[2].

Мае пяць сясцёр, у тым ліку сястру-двайняту Вераніку, з дзвюма сваімі сёстрамі, Анастасіяй і Аляксандрай, праходзіла па адной крымінальнай справе[3][4].

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Першы раз сёстры Міронцавы былі затрыманы 10 жніўня 2020 у Мінску, адкуль яны былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС, дзе, па ўспамінах Аляксандры Міронцавай, дзяўчын і іншых затрыманных доўгі час трымалі каленямі на асфальце, суткі не кармілі, але найбольш жорстка супрацоўнікі сілавых структур паводзілі сябе пры перавозках людзей у аўтазаках, дзе білі і прыніжалі затрыманных хлопцаў. У выніку ўвечары 12 жніўня сёстры былі адпушчаны з ізалятара ў Жодзіна. У кастрычніку 2020 на тэлефон пляменніцы сясцёр прыйшла павестка для Вікторыі ў суд на гэты ж дзень па адміністрацыйнай справе па пратэстах, на якім дзяўчына не змагла прысутнічаць, таму суд вынес рашэнне без яе, Вікторыі далі афіцыйнае папярэджанне[2][4].

Вікторыя Міронцава была затрымана 15 кастрычніка 2020, на наступны дзень пасля таго, як яе сястра Аляксандра выехала за мяжу, супрацоўнікі прыехалі да яе наўпрост дадому. На наступны дзень, 16 кастрычніка, пасля допыту ў РАУСе Мінска таксама была затрымана сястра Вікторыі, Анастасія (у РАУС Анастасію запрасілі нібыта ў статусе сведкі, але адтуль ужо не выпусцілі). Сёстрам прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за падзеі 10 жніўня 2020 (дзяўчыны трапіла на відэа з пратэставых акцый, дзе былі затрамыны). Утрымліваліся сёстры Міронцавы ў СІЗА-1 у Менску[5].

11 студзеня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Вікторыя Міронцава была прызнана палітычнай зняволеннай[6][7].

4 сакавіка сімвалічным «хросным» Вікторыі Міронцавай стаў дэпутат Нацыянальнай рады Швейцарыі, сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі, Сэдрык Вэрмут  (англ.), які заявіў наступнае: «Як сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі ў Швейцарыі і нацыянальны саветнік, я бяру на сябе хроснае бацькоўства для Вікторыі і патрабую яе неадкладнага вызвалення»[8].

На судзе, які пачаўся 22 сакавіка 2021, высветлілася, што сёстрам ставяць у віну таксама артыкул 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі), Вікторыі яшчэ і ч. 1 арт. 363 КК (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак). Вікторыю пракурор вінаваціў у тым, што яна выкрыквала лозунгі, гучна пляскала ў далоні, «аказвала псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне на супрацоўнікаў АМАПа», акрамя гэтага яна аказала супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў, які выявіўся ў тым, што пры затрыманні яна ўпіралася нагамі ў зямлю, а таксама здзяйсняла дзеянні, у тым ліку для вызвалення ад захопу супрацоўніка АМАПу. Гэтыя дзеянні далі пракурору паставы выставіць Вікторыі абвінавачванні адразу па трох артыкулах Крымінальга кодэкса, яна ж прызнала толькі ўдзел у акцыі пратэсту[9][10].

У судзе чатыры з пяці АМАПаўцаў засведчылі, што дзяўчына не ўжывала гвалт у іх дачыненні. Пяты сведка, Васільеў (звесткі пра сведак з уліку АМАПу зменены на час паседжання), засведчыў, што Міронцава хапала яго за руку толькі адзін раз, а па якой менавіта прычыне ён упаў — растлумачыць не змог. Частка сведак у судзе папрасілі не пазбаўляць сясцёр волі[11].

1 красавіка 2021 ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Воўк Аляксандр Аляксандравіч агучыў прысуд па крымінальнай справе Вікторыі і Анастасіі Міронцавых. Анастасія Міронцава атрымала 2 гады пазбаўлення волі, яе сястра Вікторыя — 2,5 гады, як за дзень да гэтага і запрасіў пракурор. Таксама сёстрам быў выстаўлены пазоў на кампенсацыю матэрыяльнай шкоды ад прадпрыемства «Мінсктранс» на суму ў 21 831 рубель, з якім абедзве сястры не пагадзіліся, бо 10 жніўня не выходзілі на праезную частку і не перакрывалі рух грамадскаму і іншаму транспарту. Адвакат Анастасіі таксама звярнула ўвагу на тое, што у матэрыялах справы ёсць акт аб спыненні грамадскага транспарту, дзе ўказаны час парушэння яго працы — з 20 гадзін 10 хвілін 10 жніўня, а згодна з пратаколам затрымання Анастасія Міронцаваа была затрыманая ў 19.30 гадзін, а значыць не магла парушыць працу транспарту. Таксама ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні і пастанове суду было ўказана, што ў дзеяннях дзяўчыны быў угледжаны склад правапарушэння і адсутнічаў склад злачынства, што не перашкодзіла пракурору выставіць абвінавачванне адразу па некалькіх артыкулах[12].

Вырак адбывае ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Адміністрацыя калоніі паставіла Вікторыю (таксама як і яе сястру Анастасію) на ўлік як «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю» і «схільную да экстрэмісцкай дзейнасці», што прадугледжвае нашэнне жоўтай біркі на вопратцы і больш жорсткі ўзровень кантролю за зняволенымі[13].

Зноскі

  1. Зэкаў Анатоль. Вожык вёз сараканожак (бел.)
  2. а б Гісторыя адной сям’і: дзве сястры сядзяць у СІЗА за «палітыку», трэцяя з’ехала з краіны (бел.)
  3. «Рэжым чакання»: Лукер’я Міронцава пра дачок Анастасію і Вікторыю Міронцавых (бел.)
  4. а б Александра Миронцева: «Настя и Вика пишут — рады, что я смогла избежать всего этого» (руск.)
  5. ВІКТОРЫЯ МІРОНЦАВА (бел.)
  6. ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ БЕЛАРУСІ АБ ПРЫЗНАННІ 9 НОВЫХ ПАЛІТВЯЗНЯЎ (бел.)
  7. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 9 новых палітвязняў (бел.)
  8. Members of Parliament from Great Britain and Switzerland take over godparenthood for Ryhor Hunko, Illia Trakhtenberg and Kseniya Lutskina (англ.)
  9. На суд над палітзняволенымі сёстрамі Міронцавымі патрапілі адзінкі (бел.)
  10. «Нарушив телесную неприкосновенность» сотрудника ОМОН. Двух сестер в Минске судят по нескольким статьям УК (руск.)
  11. Пра што апавядалі пацярпелыя і сведкі на судзе па справе Анастасіі і Вікторыі Міронцавых (бел.)
  12. Сясцёр Міронцавых пакаралі пазбаўленнем волі на два і два з паловай гады (бел.)
  13. Хроніка пераследу за 24 і 25 верасня (бел.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]