Перайсці да зместу

Валянціна Браніславаўна Караткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з В. Б. Караткевіч)
Валянціна Браніславаўна Караткевіч
Дата нараджэння 28 чэрвеня 1934(1934-06-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 28 лютага 1983(1983-02-28) (48 гадоў)
Грамадзянства
Муж Уладзімір Караткевіч
Род дзейнасці археолаг, гісторык
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук (1965)
Альма-матар

Валянціна Браніславаўна Караткевіч (у дзявоцтве Ватковіч, у першым шлюбе Нікіціна; 28 чэрвеня 1934, с. Белаводскае, Кіргізія — 28 лютага 1983) — беларускі археолаг, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1965). Жонка беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Валянціна з маці і братам Генадзем пераехалі ў 1946—1947 гадах у Радашковічы. Пайшла ў пяты клас мясцовай школы. Маці Валянціны спачатку працавала ў пракуратуры. У адным доме знаходзіліся рэстаран, пракуратура і аднапакаёвая кватэра Ватковічаў. Аднойчы ноччу ў рэстаране выбухнулі газавыя балоны, і ўвесь будынак згарэў. Пасля ім далі новую кватэру. Маці хутка стала загадчыцай клуба. У дзявятым і першай палове дзясятага класа беларускую мову і літаратуру ў школе выкладаў Фёдар Янкоўскі, будучы вядомы вучоны, мовазнаўца. Дзякуючы яму Валянціна і іншыя вучні добра падцягнуліся[1].

Скончыла гістарычны факультэт БДУ у 1956 годзе. Працавала ў Ашмянскім краязнаўчым і Брэсцкім гісторыка-краязнаўчым музеях, Брэсцкім педагагічным інстытуце[2]. У тыя гады яна ўзяла шлюб, неўзабаве развялася, але прозвішча Нікіціна захавала[1]. Паступіла ў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Археолаг Міхась Чарняўскі, які вучыўся там разам з Валянцінай, згадваў, што над сваім даследаваннем яна працавала ў Маскве:

" Яна там была два гады, пісала дысертацыю, ну і стала адчуваць сябе трошкі масквічкай. Ну, а мы тут такія, правінцыя. І гэта ў яе трошачкі так праслізгвала ў размовах, адносінах. І наша начальства яе тут незалюбіла. Хаця яна дысертацыю ўжо зрабіла амаль што, назад яе не ўзялі — не трэба нам тут такая ганарыстая. Хай едзе, дзе была. І яна страшэнна забітая гэтым, што трэба ехаць у Брэст. "

Пасля знаёмства з Уладзімірам Караткевічам Валянціна вырашыла перабрацца ў Мінск. Спярша паспрабавала ўладкавацца ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, але туды яе не ўзялі. Тады Караткевіч парушыў свой прынцып «ні за каго не прасіць» і дапамог уладкаваць яе летам[1] 1969 года ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Акадэміі навук Беларусі[2]. Валянціна абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой у Мінску. Праз два гады гэты пакой разам з двухпакаёвай кватэрай Караткевіча па вуліцы Веры Харужай, 48 абмянялі на трохпакаёвую кватэру ў доме па вуліцы Карла Маркса, 36. Там Валянціна, Уладзімір і маці пісьменніка жылі да сваіх апошніх дзён[1].

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Даследавала старажытнасці паморскай культуры, займалася вывучэннем гісторыі гарадоў, краязнаўствам. Член рэдкалегіі і адзін з аўтараў «Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—1988, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990)[2]. Як пісаў Адам Мальдзіс, тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна для падрыхтоўкі «Збора…», для таго, каб «ён ішоў „без купюр“, можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя»[1].

Паводле тэатразнаўца Ізабелы Гатоўчыц, якая грунтавалася на ўспамінах Валянціны, першая яе сустрэча з Уладзімірам Караткевічам адбылася ў цягніку Берлін — Масква, калі яны ехалі ў адным купэ да Брэста. Неўзабаве пасля знаёмства пісьменніка запрасілі на сустрэчу ў Брэст. 2 лістапада 1967 года Караткевіч выступіў на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, на якой прысутнічала і Валянціна[1].

Пасля яны разам паехалі на вяселле літаратуразнаўцаў Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай, што цэлы тыдзень праходзіла ў Ракаве на лістападаўскія святы (адзначалася 50-­годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі). Першая рэакцыя некаторых знаёмых была не надта тактоўнай. Некаторыя «максімалісты» сказалі Валянціне за сталом прама ў вочы: «Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара». Неўзабаве Валянціна Нікіціна вывучыла беларускую мову, прычым, паводле слоў А. Мальдзіса, стала размаўляць на ёй лепш за сваіх нядаўніх крытыкаў[1].

19 лютага 1971 года Валянціна і Уладзімір ажаніліся[3]. Па ўспамінах ягоных сяброў, была яму «і жонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам»[4]. Дзяцей у пары не было. Пісьменнік цяжка перажываў хваробу жонкі. 8 ліпеня 1982 года, калі стан здароўя Валянціны Браніславаўны пагоршыўся і яе забралі ў шпіталь, Караткевіч напісаў верш «Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць…»[1].

  • Памятники истории Витебска. Мн. 1975;
  • Памятники истории и культуры. Мн. 1978;
  • Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (сумесна з А. Кулагіным)

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Дзяніс Марціновіч. Валянціна. Раздзел з кнігі «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча»
  2. а б в Короткевич Валентина Брониславовна // Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 4.: Картография — Миноговые / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2007. — 768 с. — ISBN 978-985-11-0385-6
  3. Верабей 2005, с. 14.
  4. TUT.BY ПРА ПРЭЗЕНТАЦЫЮ МАЁЙ КНІГІ Ў ВІЦЕБСКУ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2020. Праверана 29 ліпеня 2020.