Перайсці да зместу

Генрых Матусавіч Вагнер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Генрых Матусавіч Вагнер
Магіла кампазітара Генрыха Вагнера на Усходніх могілках Мінска.
Магіла кампазітара Генрыха Вагнера на Усходніх могілках Мінска.
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 2 ліпеня 1922(1922-07-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 ліпеня 2000(2000-07-15) (78 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў медаль Францыска Скарыны
Народны артыст Беларускай ССР Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР

Ге́нрых Ма́тусавіч Ва́гнер (2 ліпеня 1922, г. Жырардаў, Польшча — 15 ліпеня 2000, г. Мінск, Беларусь) — беларускі кампазітар[1], педагог і музыкант. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1963)[1], Народны артыст БССР (1988). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1976), прафесар (1988).

Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі ігры на фартэпіяна (1936—1939 гг.). З 1939 г. у БССР; пры пераходзе мяжы быў арыштаваны, працаваў на тартаку і будаўніцтве чыгункі, але дзякуючы збегу абставін трапіў у Мінск і паступіў у кансерваторыю[2]. Пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР уцёк праз Маскву ў Саратаў, а потым у Душанбэ, дзе сфармаваўся Першы франтавы тэатр. Адказваў у ім за музычную частку[2].

У 1944 г. вярнуўся ў Мінск, як канцэртмайстар увайшоў у брыгаду беларускіх артыстаў. У 1947 г. ажаніўся з актрысай Таццянай Аляксеевай[2]. Скончыў Беларускую кансерваторыю ў 1948 г. па класе фартэпіяна Р. І. Шаршэўскага і ў 1954 г. па класе кампазіцыі А. В. Багатырова. Працаваў канцэртмайстрам Беларускага радыё.

З 1962 г. выкладаў у Мінскім педінстытуце на кафедры музычнага выхавання[1]. У 1963—1973 гг. адказны сакратар праўлення Саюза кампазітараў Беларусі[1].

Цікавіўся кантарскімі спевамі, у савецкі час удзельнічаў у «паўлегальных» фестывалях кантарскай музыкі ў Маскве[2].

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1998) — за сімфонію № 4 для сімфанічнага аркестра і народнага хора.

Асноўныя дасягненні ў жанрах балета, вакальна-сімфанічнай паэмы, сімфоніі, інструментальнага канцэрта[1]. Творчасці Г. Вагнера ўласцівыя пластычнасць і нацыянальная характарнасць меласа, тэмбравая квяцістасць, дынамічнае развіццё музычных вобразаў[1].

Аўтар оперы «Сцежкаю жыцця» (лібрэта А. Вярцінскага і С. Штэйна па матывах аповесці В. Быкава «Воўчая зграя», пастаўлена ў 1980), першай беларускай тэлеоперы «Ранак» (лібрэта Я. Шабана па матывах паэмы А. Куляшова «Песня аб слаўным паходзе», пастаўлена ў 1967), балетаў «Падстаўная нявеста», «Святло і цені», «Пасля балю», араторыі «Кастрычнік», кантаты «Прызнанне Радзіме», вакальна-сімфанічных паэм «Вечна жывыя», «Героям Брэста», трох сімфоній і інш[1].

Значны ўклад зрабіў у развіццё жанру беларускага інструментальнага канцэрта. Пісаў музыку для дзяцей, да драматычных спектакляў і фільмаў.

Аўтар музыкі да кінафільмаў і тэлеспектакляў:

  1. 1966 — Чужое імя
  2. 1967 — І ніхто іншы
  3. 1967 — Ранак (тэлеопера па рамане «Калі зліваюцца рэкі» П. Броўкі)
  4. 1969 — Мы з Вулканам
  5. 1969 — Ткачы, тэлеспектакль
  6. 1970 — Неспадзяваная каханне
  7. 1971 — Паланэз Агінскага
  8. 1973 — І смех, і бяда (тэлевізійны)
  9. 1978 — Тэатр купца Япішкіна, тэлеспектакль

А таксама да тэлевізійных і дакументальных фільмаў «Генерал Пушча» (1967) і «Лісты ў неўміручасць» (1970).

Старэйшы калега Г. Вагнера Д. Камінскі (старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР у 1963—1966) ва ўспамінах 1980-х гадоў адгукнуўся пра яго так: «Я б не назваў Вагнера добрым кампазітарам. Большасць яго твораў уяўляе з сябе больш ці менш "хвосткі" набор тых ці іншых "абаротаў". Пісаў ён і сімфоніі, і асобныя п’есы для фартэпіяна, скрыпкі і іншых інструментаў, але ўсё гэта аднолькава невыразна. Мне асабіста яго творчасць ніколі не падабалася, дый чалавек ён нейкі назойлівы»[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Белорусская ССР: краткая энциклопедия: [в 5 т.]. Т. 5: Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — 738 с. — С. 98.
  2. а б в г д http://belisrael.info/?p=13272
  • Аладава, Р. М. Вагнер Генрых Матусавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 178—179. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Жураўлёў Д. Поўны творчай энергіі // Беларусь. — 1972. — № 7. — С.
  • Аладава Р. Роздум з нагоды: Народнаму артысту Беларусі Г. Вагнеру — 70 // ЛіМ. — 1992. — № . — 3 ліпеня. — С.
  • Нісневіч, С. Г. Г. Вагнер. — Мн., 1969.