Карачы
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Карачы (урду: کراچی, англ.: Karachi, сіндхі: ڪراچي) — партовы горад на поўдні Пакістана, найбуйнейшы горад краіны і адзін з найбуйнейшых гарадоў свету, сталіца правінцыі Сінд. З насельніцтвам ад 12 млн да 18 млн.[2] чалавек Карачы з’яўляецца адным з найбуйнейшых гарадоў свету па колькасці насельніцтва[3] і 4-й найбуйнейшай агламерацыяй у свеце[4]. Гэта галоўны фінансавы, банкаўскі, прамысловы і гандлёвы цэнтр Пакістана. Тут размешчаны найбуйнейшыя карпарацыі краіны, марское суднаходства, тэкстыльная і аўтамабільная прамысловасць; індустрыя забаў, мастацтва, моды і рэкламы; выдавецкая дзейнасць, распрацоўка праграмнага забеспячэння і медыцынскія даследаванні. Горад з’яўляецца буйным цэнтрам вышэйшай адукацыі ў Паўднёвай Азіі і ў ісламскім свеце[5].
Карачы быў першай сталіцай незалежнай дзяржавы Пакістан (да пераносу сталіцы ў Равалпіндзі ў 1958 годзе). Порты Карачы і Касім — адны з самых буйных і ажыўленых портаў на Індыйскім акіяне.
Пасля здабыцця незалежнасці Пакістанам, насельніцтва горада рэзка ўзрасло, бо сотні тысяч урдумоўных мігрантаў з Індыі, Усходняга Пакістана і іншых частак Паўднёвай Азіі перасяліліся ў Карачы.
Плошча горада роўная 3 527 км², што амаль у чатыры разу больш, чым плошча Ганконга. Мясцовыя жыхары завуць Карачы — «Горад Агнёў» (урду: روشنیوں کا شہر), «Нявеста гарадоў» (урду: عروس البلاد) і «Горад Каіда» (урду: شہر قائد), бо тут нарадзіўся і быў пахаваны Мухамед Алі Джына, вядомы ў Пакістане пад ганаровым імем Каід-э-Азам, (англ.: Qaid-e-Azam, Вялікі правадыр), заснавальнік Пакістана, які зрабіў горад сталіцай абвешчанай дзяржавы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку XVIII стагоддзя Карачы быў маленькай рыбацкай вёскай. Дзякуючы ўдаламу месцазнаходжанню і прыроднай абароне ад мусонаў, у 1795 годзе ў вёсцы быў узведзены ўмацаваны форт сіндхаў. У 1839 годзе Карачы быў захоплены брытанцамі, гэтая падзея стала пераломнай у гісторыі вёскі. Карачы стаў адным з галоўных марскіх партоў брытанцаў на Аравійскім моры, тут былі размешчаны вялікія вайсковыя часткі імперыі. Такім чынам, вёска ператварылася ў буйны горад, з развітой па тых часах інфраструктурай.
У 1843 годзе, паміж Карачы і Мултанам стаў плаваць параход (каля 500 км па рацэ Інд). У 1854 годзе на месцы старога порта, брытанцы пабудавалі сучасны. У 1861 годзе была пракладзена чыгунка з Карачы ў Котры. У 1864 годзе была ўсталявана прамая тэлеграфная сувязь з Лонданам. З адкрыццём Суэцкага канала ў 1869 годзе, роля Карачы ў рэгіёне вырасла і горад стаў паўнацэнным марскім портам. К 1873 году горад стаў эфектыўнай і добра кіраванай гаванню. Пасля таго як Пенджаб стаў жытніцай Індыі ў 1890-х гадах, роля Карачы яшчэ ўзрасла і ён стаў галоўным марскім портам рэгіёна.
Пасля Першай сусветнай вайны ў горадзе пачала развівацца сфера паслуг і прамысловасць. К 1924 году ў Карачы быў пабудаваны аэрадром, а ў 1936 годзе горад стаў сталіцай правінцыі Сіндзі.
Са стварэннем Пакістана ў 1947 годзе, Карачы стаў не толькі сталіцай і галоўным марскім портам маладой дзяржавы, але і цэнтрам прамысловасці, бізнесу і гандлю краіны. Нягледзячы на тое, што Равалпіндзі быў абраны часовай сталіцай у 1958 годзе, да таго як усе ўрадавыя ўстановы пераехалі ў Ісламабад да 1969 года, Карачы захоўваў свой статус бізнес-сталіцы Пакістана і прамысловага цэнтра. У наступным дзесяцігоддзі, дзякуючы развітой інфраструктуры і прамысловасці, у горад хлынула вялікая колькасць імігрантаў з сельскай мясцовасці і эмігрантаў з іншых краін, што амаль удвая павялічыла памер горада і садзейнічала вялікаму росту колькасці насельніцтва. Паколькі інфраструктура горада ўжо была перагружаная да мяжы, то адна трэць з гэтых, ізноў прыбылых эмігрантаў, была вымушана пасяліцца ў гарадскіх трушчобах, вядомых как Katchi Abadis. У трушчобах няма электрычнасці, вадаправода і каналізацыі. У 21 стагоддзі перанаселенасць стала самай вялікай праблемай горада.
У апошняй чвэрці 20 стагоддзя паток эмігрантаў прынёс з сабой вялізную хвалю гвалту ў горад. Злачыннасць у Карачы рэзка павялічылася, сталі адбывацца сутычкі на этнічнай глебе паміж карэнным народам горада (Сіндху) і імігрантамі з Індыі (мухаджырамі). Таксама рэзка ўзрасла колькасць цяжкіх злачынстваў, такіх як разбой і забойства. У 1992 годзе, калі сітуацыя з крыміналам у Карачы стала выходзіць з-пад кантролю, урад Пакістана ўвёў войскі ў горад, але гэтая ваенная кампанія так і не прынесла чаканых вынікаў. Горад па-ранейшаму адзін з самых крымінагенных у рэгіёне [6].
Фізіка-геаграфічная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Карачы размешчаны на поўдні Пакістана, на ўзбярэжжы Аравійскага мора, пераважна на раўнінах, з узгоракамі на захадзе і паўвостравам Манора на поўдні. У паўднёва-ўсходняй частцы горада, у дэльце Інда, ёсць мангавыя дрэвы і ручаі. На паўночным захадзе горада знаходзіцца мыс Монзэ. Карачы размешчаны на вышыні 22 метраў над узроўнем мора. Праз горад працякае дзве ракі: Малір (з паўночнага ўсходу ў цэнтр) і Лаяры (з поўначы на поўдзень). Ёсць таксама шмат іншых, драбнейшых рэк, якія працякаюць у заходніх і паўночных прыгарадах Карачы. Увесь адміністрацыйны раён Карачы займае плошчу 3527 км². З іх 591 км² (17 %), складае плошча самога горада. Астатнія 2936 км² (83 %) займаюць прыгарады і сельскія раёны, якія ўваходзяць у агламерацыю.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]Шырокая Інда-Гангская нізіна ўпіраецца ў масіў Дэканскага пласкагор’я, утвораючы прагін, які пераходзіць у складкавыя горы і сфарміраваўся пад уздзеяннем седыментацыі. Карачы знаходзіцца ў засушлівай зоне каля Інда, на ўскрайку раўніны. Адзінымі крыніцамі вады тут, на заходнім ускрайку раўніны, з’яўляюцца кароткія рэкі, якія перарываюцца ірыгацыйнымі аазісамі, ды сам Інд, які працякае ў 40 км ад горада па шырокай рачной даліне.
На ўсім працягу адрэзка берага Індыйскага акіяна на ўсход ад Інда размешчаны багністыя саланчаковыя пустыні (Вялікі Катчскі Ран); у раёне дэльты Інда ўздоўж усяго ўзбярэжжа раскінуліся мангравыя зараснікі. Даліна Інда з’яўляецца адным з найважнейшых раёнаў баваўнаводства ў Паўднёвай Азіі. Карачы з’яўляецца галоўным пунктам вывазу дадзенай прадукцыі, а таксама важным вузлавым пунктам міжнародных авіяліній [7][8].
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]У Карачы цёплы, трапічны і засушлівы клімат з нізкім сярэднім узроўнем выпадзення ападкаў (каля 250 мм у год), вялікая частка якіх выпадае падчас сезона мусонаў (ліпені-жніўні). Зіма мяккая і сухая, лета спякотнае і вільготнае, блізкае мора падтрымлівае ўзровень вільготнасці на высокім узроўні, таму халаднаваты марскі брыз суправаджае летнія месяцы. З-за высокай тэмпературы на працягу лета (ад 30 °C да 44 °C, з красавіка па жнівень), зімнія месяцы (з лістапада па люты), лічацца найлепшым часам для наведвання Карачы. У снежні і студзені ў горадзе ўсталёўваецца добрае надвор’е (у параўнанні з гарачым і вільготным летам), у чэрвені пачынаецца сезон дажджоў. У ліпені 1967 года выпаў рэкордны месячны ўзровень ападкаў — 429,3 мм [9]. 7 жніўня 1953 года выпала рэкордная колькасць ападкаў за адны суткі, каля 278,1 мм, дождж ішоў не перастаючы, што ў выніку прывяло да буйной паводкі. 18 чэрвеня 1979 года была зарэгістравана самая высокая тэмпература ў Карачы, якая склала 47 °C, а самая нізкая 0 °C, была зарэгістравана 21 студзеня 1934 года.
Клімат Карачы | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 32,8 | 36,1 | 41,5 | 44,4 | 47,8 | 47 | 42,2 | 41,7 | 42,8 | 43,3 | 38,5 | 34,5 | 47,8 |
Сярэдні максімум, °C | 25 | 26 | 29 | 32 | 34 | 34 | 33 | 31 | 31 | 33 | 31 | 27 | 34 |
Сярэдні мінімум, °C | 13 | 14 | 19 | 23 | 26 | 28 | 27 | 26 | 25 | 22 | 18 | 14 | 13 |
Абсалютны мінімум, °C | 0 | 3,3 | 7 | 12,2 | 17,7 | 22,1 | 22,2 | 20 | 18 | 10 | 6,1 | 1,3 | 0 |
Норма ападкаў, мм | 13 | 10 | 8 | 3 | 3 | 18 | 85 | 61 | 13 | 0 | 3 | 5 | 222 |
Крыніца: Pakmet.com.pk |
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Карачы з’яўляецца эканамічнай і фінансавай сталіцай Пакістана, аднак пачатак 2000-х гадоў быў адзначаны застоем у эканамічным развіцці горада, выкліканым агульнай палітычнай нестабільнасцю, міжэтнічнымі канфліктамі і ваеннымі дзеяннямі ў Пакістане. ВУП Карачы складае каля 20 % ад агульнага аб’ёму ВУП краіны[10][11].
Доля горада ў прамысловым сектары эканомікі Пакістана, складае прыкладна 30 %[12]. Асноўная частка ВУП правінцыі Сіндзі прыпадае на долю Карачы[13][14]. ВУП правінцыі Сaндзі, у працэнтах ад агульнага аб’ёму ВУП Пакістана, традыцыйна вагаецца ў раёне 28 %—30 %[15][16]. Паводле даследаванняў PricewaterhouseCoopers, апублікаваных у 2009 годзе, у якіх удзельнічалі найбуйнейшыя гарады свету, ВУП Карачы склала 78 млрд. долараў[17]. Паводле прагнозаў, ВУП Карачы складзе 193 млрд долараў ЗША да 2025 года, дзякуючы высокаму тэмпу росту эканомікі горада на 5,5 % штогод. Па гэтым паказчыку Карачы значна апярэджвае іншыя буйныя гарады — Лахор і Фейсалабад, ВУП якіх складае 40 млрд і 14 млрд адпаведна. Высокі ўзровень СУП Карачы абумоўлены яго магутнай вытворчай базай і развітым фінансавым сектарам. У горадзе вырабляюць тэкстыль, цэмент, сталь, развіта цяжкае машынабудаванне, хімічная і харчовая прамысловасць, банкаўская справа і страхаванне. У лютым 2007 года Сусветны банк вызначыў Карачы як самае спрыяльнае месца для бізнесу ў Пакістане[18].
Па дадзеных Федэральнага савета даходаў Пакістана ў 2006—2007 гадах, падатковыя і мытныя органы ў Карачы атрымалі зборы: 46,75 % ад прамых падаткаў, 33,65 % ад ускосных федэральных падаткаў і 23,38 % ад унутранага падатку з продажаў[19]. Карачы атрымлівае 75,14 % падаткаў ад мытнай пошліны і 79 % падаткаў з продажаў на імпарт. Такім чынам, Карачы збірае значную частку (53,38 %) ад агульнай колькасці Федэральнага савета даходаў, з якіх 53,33 % прыпадаюць на мытныя пошліны і падатак на імпарт.
Большасць буйных замежных міжнародных карпарацый, якія дзейнічаюць у Пакістане, маюць свае штаб-кватэры ў Карачы. У горадзе прадстаўлена большасць дзяржаўных і прыватных банкаў Пакістана. Характэрна, што іх штаб-кватэры размешчаны на адной вуліцы; па дадзеных на 2001 год, амаль 60 % грашовых патокаў пакістанскай эканомікі праходзяць праз ўстановы, якя размешчаны на гэтай вуліцы. Фондавая біржа Карачы з’яўляецца найбуйнейшай фондавай біржай Пакістана, і, на думку многіх эканамістаў, іменна дзейнасць гэтай біржы забяспечыла 8 % прырост ВУП Пакістана ў 2005 годзе[20]. Нядаўняя справаздача Credit Suisse пра фондавы рынак Пакістана сведчыць аб яго стабільным росце[21].
Карачы з’яўляецца аўтсорсінгавым цэнтрам Пакістана, тут развіты інфармацыйныя тэхналогіі і электронныя сродкі масавай інфармацыі. Call-цэнтры сталі прыцягваць інвестыцыі ад замежных кампаній, пры гэтым урад прыклаў намаганні для зніжэння падаткаў на цэлых 10 %, каб атрымаць замежныя інвестыцыі таксама і ў IT-сектары[22]. Многія пакістанскія незалежныя тэле- і радыёстанцыі знаходзяцца ў Карачы, у тым ліку сусветна папулярныя: Business Plus, AAJ News, Geo TV, KTN[23], Sindh TV[24], CNBC Pakistan, TV One, ARY Digital, Indus Television Network, Samaa TV і Dawn News, а таксама некалькі мясцовых станцый.
У Карачы ёсць некалькі значных прамысловых зон, такіх як: Karachi Export Processing Zone, SITE, Korangi, Northern Bypass Industrial Zone, Bin Qasim і North Karachi, якія размешчаны на ўскраіне горада[25]. У Karachi Expo Centre праводзіцца мноства рэгіянальных і міжнародных выставаў[26]. Існуе шмат праектаў далейшага развіцця горада. Сярод праектаў, варта адзначыць кампанію Emaar Properties, якая прапануе інвесціраваць 43 млрд долараў у Карачы, дзеля развіцця вострава Бундал, размешчанага на адлегласці 49 км ад Карачы[27]. Karachi Port Trust плануе інвесціраваць 20 млрд. рупій у будаўніцтва 593-метровага небаскроба — Port Tower Complex на беразе Кліфтана[28]. Гэты небаскроб будзе ўключаць у сябе атэль, гандлёвы цэнтр, выставачны цэнтр і рэстаран з назіральнай галерэяй на панарамны від узбярэжжа і горада[29].
З’яўляючыся адным з найбольш хутка растучых гарадоў свету, Карачы сутыкаецца і з праблемамі, сярод якіх ёсць такія як: заторы на дарогах, забруджванне навакольнага асяроддзя, беднасць і вулічная злачыннасць. З-за гэтых праблем Карачы займае нізкія рэйтынгі ва ўзроўні добраўпарадкаванасці гарадоў: па дадзеных выдання The Economist, горад займае 129 месца сярод 132 гарадоў[30], а выданне BusinessWeek размясціла Карачы на 175 месца з 215 гарадоў у 2007 годзе (у параўнанні з 170 месцам у 2006 годзе)[31].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Сярод жыхароў Карачы сустракаецца мноства этна-лінгвістычных груп з іншых частак Пакістана і ўцекачоў з розных краін свету[32]. У канцы 19 стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 105 000 чалавек з паступовым павелічэннем колькасці на працягу наступных некалькіх дзесяцігоддзяў, дасягнуўшы паказчыка ў больш чым за 400 000 чалавек напярэдадні незалежнасці Пакістана ў 1947 годзе. Бягучыя ацэнкі колькасці складаюць ад 12 да 18 млн чалавек[2][33]. Насельніцтва горада, паводле ацэнак, расце прыкладна на 5 % у год (у асноўным за кошт унутранай міграцыі насельніцтва), у тым ліку прыкладна 45 000 працоўных-мігрантаў прыязджае ў горад кожны месяц з розных раёнаў Пакістана[34].
У цяперашні час найбуйнейшай этнічнай суполкай у горадзе з’яўляюцца мухаджыры[35]. Большасць дамоў, кінутых індуістамі, былі прадастаўлены урадам Пакістана для размаўляючых на ўрду мусульманскіх мігрантаў, якія беглі з Індыі. Гэтых бежанцаў у Пакістане называлі мухаджырами, іх нашчадкі ў цяперашні час складаюць большасць насельніцтва Карачы. Апроч іх у горад прыбыла вялікая колькасць мусульман-пенджабцаў з Усходняга Пенджаба і мусульман Кашміра. Пуштуны родам з Хайбер-Пахтунхва і Паўночнага Белуджыстана ў цяперашні час з’яўляюцца другой па велічыні этнічнай групай горада[32][36]. У Карачы пражывае 7 мільёнаў пуштунаў, у тым ліку каля 50 000 зарэгістраваных бежанцаў з Афганістана[37]. У Карачы пражывае самая вялікая пуштунская суполка ў свеце, іх колькасць у горадзе значна больш, чым у спрадвечна пуштунских гарадах, такіх як Кандагар, Пешавар і Квета. Многія з пуштунаў пражываюць у Карачы на працягу дзесяцігоддзяў і, як следства, для іх асноўнай мовай зносін з’яўляецца урду і англійская (асабліва для багатых сем’яў).
Пасля інда-пакістанскай вайны 1971 года ў горад прыбылі тысячы перасяленцаў з Усходняга Пакістана (пасля снежня 1971 — незалежнай дзяржавы Бангладэш) бенгальцы з Бангладэш, і сёння ў Карачы пражывае да 2 млн выхадцаў з Бангладэш, званых у Пакістане Біхары[38][39], многія з якіх эмігрыравалі ў Пакістан ў 1980-х і 1990-х гадах і ў цяперашні час працуюць у якасці рыбакоў і рабочых. За імі ідуць ўцекачы з М’янмы[40] і азіяцкія ўцекачы з Уганды. У горадзе таксама прысутнічаюць эмігранты з Ірана, былога Савецкага Саюза і Шры-Ланкі. Таксама ёсць невялікая абшчына сідзі (афрыканскай па паходжанні экватарыяльнай расава-этнічнай групы)[41].
Да іншых значных этнічных меншасцей Карачы адносяцца белуджы (пераважна ў заходніх раёнах горада) і сіндхі (ва ўсходніх раёнах). Абшчыны армян і яўрэяў, якія ў каланіяльны перыяд былі вельмі шматлікімі і ўплывовымі, у цяперашні час скараціліся да некалькіх дзесяткаў чалавек.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Паводле перапісу 1998 года, у Карачы распаўсюджаныя наступныя мовы: урду (48,52 %); панджабі (13,94 %); пушту (11,42 %); сіндхі (7,22 %); белуджская мова (4,34 %); сірайкі (2,11 %) і іншыя (12,4 %). У горадзе можна сустрэць носьбітаў дары, гуяраці, арабскай, персідскай і бенгальскай моў[42]. Пры гэтым у сферы справаводства, бізнесе і сервісе шырока ўжываецца англійская мова, навыкі якой маюць практычна ўсе жыхары горада, якія маюць пачатковую адукацыю.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Паводле перапісу 1998 года, рэлігійны склад насельніцтва горада выглядае наступным чынам: мусульмане (96,45 %); хрысціяне (2,42 %); індуісты (0,86 %); ахмадые (0,17 %) і іншыя (парсы, сікхі, бахаісты, іудзеі і будысты) (0,10 %)[43]. Да падзелу Брытанскай Індыі ў горадзе пражывала вялікая колькасць індуістаў і сікхаў, аднак пераважная іх большасць збегла ў Індыю (пры гэтым тысячы былі фізічна вынішчаны ў ходзе хваляванняў лета 1947 года). Падчас брытанскага валадарства ў Карачы бывалі прадстаўнікі многіх новых рэлігійных рухаў, напрыклад, М. Мантэсоры, там размяшчаўся Брахма Кумарыс Сусветны Духоўны Універсітэт.
Злачыннасць
[правіць | правіць зыходнік]У Карачы адбыўся шэраг вядомых тэрактаў: захоп самалёта ў 1986 годзе, забойства амерыканскага журналіста Дэніэла Перла ў 2002 годзе, тэрарыстычная атака на французскіх інжынераў, тэрарыстычны акт у 2007 годзе. Яшчэ шэраг злачынстваў быў арганізаваны групоўкай «Лашкар-Тайба». Карачы з’яўляецца найбуйнейшым цэнтрам міжнароднага гандлю гашышам і гераінам, да якой маюць дачыненне такія лідары наркабізнесу, як былы прэм’ер-міністр Афганістана Гульбедзін Хекматыяр.
22 мая 2011 года 13 чалавек загінулі пры нападзе баевікоў на базу авіяцыі ВМС ў Карачы[44].
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
[правіць | правіць зыходнік]- Беназір Бхута — прэм’ер-міністр Пакістана
- Маргарэт Локвуд — брытанская актрыса
- Абдул Сатар Эдхі — пакістанскі філантроп
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Pakistan’s 10 most populous cities revealed — Sama TV, 2017. Праверана 22 студзеня 2021.
- ↑ а б "The Urban Frontier — Karachi". NPR. June 2, 2008.
- ↑ The largest cities in the world and their mayors . City Mayors. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
- ↑ R.L. Forstall, R.P. Greene, and J.B. Pick, «Which are the largest? Why published populations for major world urban areas vary so greatly» Архівавана 4 жніўня 2004., City Futures Conference, (University of Illinois at Chicago, July 2004) — Table 5 (p.34)
- ↑ Pakistan City Karachi Online Information(недаступная спасылка). Pakistancity.org. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
- ↑ Karāchi на Брытаніцы
- ↑ Индо-Гангская равнина. ecosystema.ru
- ↑ Горная энцыклапедыя. mining-enc.ru
- ↑ Climate data — Karachi Архівавана 22 красавіка 2010.
- ↑ Азіяцкі Банк Развіцця Архівавана 7 чэрвеня 2011.
- ↑ karachi.htm The Karachi Coastline Case(недаступная спасылка)
- ↑ Karachi: Step-motherly treatment Архівавана 21 ліпеня 2011.
- ↑ Правінцыйныя рахункі Пакістана: Метадалогія і ацэнкі Архівавана 10 красавіка 2008.
- ↑ Sindh, Balochistan’s share in GDP drops
- ↑ Sindh’s GDP estimated at Rs240 billion
- ↑ Sindh share in GDP falls by 1pc
- ↑ Global city GDP rankings 2008—2025 Архівавана 13 мая 2011.. PricewaterhouseCoopers
- ↑ World Bank report: Karachi termed most business-friendly
- ↑ Federal Board of Revenue Year Book 2006—2007
- ↑ Пакістан: пасля аварыі
- ↑ Pakistan Stocks May Advance, Credit Suisse Says — Bloomberg
- ↑ Information technology policy of Pakistan Архівавана 29 жніўня 2011.
- ↑ Welcome to KTN
- ↑ title=Sindh Sindh TV Архівавана 2 студзеня 2008.
- ↑ Pakistan FPCCI.com.pk Архівавана 7 верасня 2011.
- ↑ Karachi Expo Centre Архівавана 18 сакавіка 2011.. ExpoList.
- ↑ Pakistan agrees $43bn development. BBC.co.uk
- ↑ K.P.T. Projects Архівавана 4 лютага 2012.
- ↑ Port Tower Complex, Karachi
- ↑ Where grass is Greener
- ↑ World’s Top 100 Most Livable Cities — Businessweek Архівавана 28 жніўня 2009.
- ↑ а б Sharmeen Obaid-Chinoy. Karachi's Invisible Enemy . PBS (17 ліпеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
- ↑ Karachi population to hit 27.5 million in 2020(недаступная спасылка). Dawn Media Group (10 ліпеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2007.
- ↑ Karachi turning into a ghetto(недаступная спасылка). Dawn Media Group (16 студзеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2007.
- ↑ «Karachi violence stokes renewed ethnic tension». IRIN Asia.
- ↑ In a city of ethnic friction, more tinder . The National (24 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 24 жніўня 2010.
- ↑ UN body, police baffled by minister’s threat against Afghan refugees(недаступная спасылка). Dawn Media Group (10 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 7 лістапада 2010.
- ↑ Falling back(недаступная спасылка). Daily Times. Архівавана з першакрыніцы 5 жніўня 2011.
- ↑ Chronology for Biharis in Bangladesh(недаступная спасылка). Center for International Development and Conflict Management, University of Maryland (10 студзеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
- ↑ From South to South: Refugees as Migrants: The Rohingya in Pakistan . Huffingtonpost.com (12 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
- ↑ Sheedis have been hurt most by attitudes(недаступная спасылка). Dawn Media Group (23 чэрвеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2008.
- ↑ Karachi Demographics Архівавана 14 кастрычніка 2013. Findpk.com
- ↑ Arif Hasan, Masooma Mohibur. Urban Slums Reports: The case of Karachi, Pakistan (PDF) (1 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
- ↑ Pakistan: 'Several Dead' In Air Base Attack.
- ↑ Houston-Karachi Sister City Association . www.sistercitiesofhouston.org. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 12 сакавіка 2011.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Карачы
- Karachi даведнік на сайце Wikivoyage
- Афіцыйная старонка Карачы Архівавана 25 сакавіка 2002.
- HistoricKarachi.com — гістарычны і сучасны Карачы з выявамі