Гудавіцкае свяцілішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Гудавіцкае свяцілішча
53°46′01″ пн. ш. 28°01′39″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Канфесія язычніцтва
Дата заснавання 1 тысячагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000638шыфр 613В000638
Map

Гудавіцкае свяцілішча — этнаграфічны аб’ект, помнік язычніцкай культуры каля вёсак Гудавічы і Верхлес Чэрвеньскага раёна. Паводле будовы нагадвае аналагічныя помнікі смаленскіх крывічоў і Паўночнай Букавіны, што дазваляе датаваць помнік канцом 1-га тысячагоддзя н.э. Размешчана на невысокім узгорку, які называюць Святая, або Мар’іна, Горка[1].

Камень-следавік
Каменны крыж
Крыжы з ручнікамі

Уяўляе пляцоўку (52×53 м, вышыня 4—5 м), абкружаную невысокім валам і ровам; уваход з захаду. У цэнтры пляцоўкі раней ляжаў камень з выявай, якая нагадвала след чалавечай ступні, ад якога захавалася частка з паглыбленнем, што ўшаноўвалася насельніцтвам як «адбітак ступні Божай Маці». Побач стаяць архаічны каменны крыж, жалезныя і драўляныя крыжы, якія мясцовае насельніцтва да гэтага часу ўпрыгожвае вышытымі ручнікамі. Каля яго садзяць кветкі, робяць ахвярапрынашэнні[1].

Існуе паданне: ішлі калісьці тры Багародзіцы, адна звярнула ў Дудзічы, другая ў Навасёлкі (вёска каля ўскраіны г. Мар’іна Горка, дзе таксама ёсць культавы ўзгорак, на якім раней ляжаў камень-ахвярнік), а трэцяя, перад тым як пайсці ў Ляды (святое месца, у якім адноўлены манастыр), адпачывала на камені і пакінула на ім свае сляды[1].

Паводле больш позняга падання, нехта з мясцовых жыхароў паклаў камень у падмурак сваёй хаты, але хата згарэла, і тады запалоханыя людзі вярнулі на ўзгорак пашкоджаны камень-следавік[1].

Помнік упершыню апісаны А. Ельскім у канцы XIX стагоддзя, у 1985—1986 гадах даследаваны Э. Зайкоўскім. Прыблізна за 1 км на поўнач ад Гудавіцкага свяцілішча раней стаяў каменны ідал у выглядзе слупа з выявай чалавечага твару, які быў вядомы сярод насельніцтва пад назвай «Цар Давід» (знішчаны ў 1930-я гады пры будаўніцтве шашы). Хоць здымкі і замалёўкі ідала не захаваліся, назва дазваляе ў некаторай меры меркаваць пра яго аблічча. У беларускім народным мастацтве, у прыватнасці скульптуры, цара Давіда было прынята паказваць з каронай на галаве, падпяразанага. Відаць, ідал нечым нагадваў такія выявы[1].

Святая Горка

Верагодна, Гудавіцкае свяцілішча функцыянавала яшчэ да хрысціянства, а потым засталося месцам пакланення каменю-следавіку, адаптаваным да патрэбаў новай рэлігіі[1].

Назва Мар’іна Горка ўказвае на сувязь з культам старажытнай багіні (магчыма, язычніцкай Ма́ры). У прыватнасці, пра ўзгорак каля в. Навасёлкі ў Пухавіцкім раёне паданне сведчыць, што ў язычніцкія часы на ім адбываліся трызны і гульні[1].

Камень-следавік VI—X стагоддзяў на могілках у в. Верхлес уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Э. М. Зайкоўскі. Гудавіцкае свяцілішча // Беларускі фальклор : Энцыклапедыя ў 2-х тамах / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Мастацкі рэд. В. П. Славук. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: А — К. — 766 с.: іл. — ISBN 985-11-0334-9.
  • Мялешка М. Камень у вераннях і паданнях беларусаў // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 4, т. 1;
  • Зайкоўскі Э. Камяні шмат аб чым нам гавораць: Новыя звесткі аб паганскіх культавых помніках Беларусі // Мастацтва Беларусь 1990. № 1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]