Мара (міфалогія)
Мара (марня) — у славянскіх міфалогіях прывід, дух, варожы людзям. У адных беларускіх мясцінах яе ўяўлялі жанчынай у белых адзеннях, з доўгімі валасамі, у другіх — жудасным карлікам са звярынай поўсцю.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У розных вёсках Беларусі мару апісвалі па-рознаму:
- Мара — страшэнная жанчына. Яна прыходзіць ува сне да вінаватага чалавека і мучыць яго, пакуль той не прызнаецца ў сваім учынку[1].
- Начны прывід, жанчына маленькага росту, вельмі страшная, з белым тварам і чорнымі косамі. Садзіцца ноччу на грудзі чалавеку, каб таму было цяжка дыхаць. Галоўнае — трэба прачнуцца[2].
- Мара — дачка самой Смерці. Можа нагнаць мор, і людзі паміраюць. Можа душыць чалавека ноччу — гэтак яна папярэджвае аб нейкая бядзе[3].
- Прывід у выглядзе жанчыны. Каб пазбавіцца ад яе, трэба на ноч хрысціцца[4].
- Мара — дух смерці. Днём яе нельга пабачыць, яна робіць людзям шкоду ноччу. Маленькага росту, як дзіця, пакрытая кароткім пер’ем. Можа мяняць аблічча, але часцей мае від розных звяроў. Каб яна ноччу не душыла людзей, трэба забіць сароку і павесіць у хляве[5].
- Марае не дае спаць маленькім дзеткам. Калі яны плачуць ноччу, значыць, іх наведвала мара. Яна часта раскатвае калыску. Кажуць, гэта жанчына нізенькага росту, з доўгімі валасамі, з вялікімі вачыма, з доўгімі вейкамі, у чорным адзенні. Каб мара не трывожыла дзетак, трэба падвесіць да люльмі званочкі. Мара спужаецца гэтага звону і болей не будзе прыходзіць[6].
- У вёсцы Лужок мару, насупраць, лічылі вельмі вялікага росту, зверападобнай, з жалезнымі кіпцюрамі. Прыходзіць да тых, хто зрабіў нешта дрэннае, і мучыць зланчынку ў сне, пакуль той не прызнаецца людзям. Можа нават задушыць насмерць. Можа мяняць аблічча[7].
- Прывід з маленькімі ножкамі. Пакуль чалавек спіць, яна сядзіць у яго на грудзях і душыць. Трэба прачнуцца, тады мара знікне. Прачынаецца чалавек увесь пакрыты халодным потам[8].
- У даўніну людзі стараліся звечара не весяліцца, бо хто перад сном нагуляўся, таму ноччу не будзе спакойна. Мара прыйдзе да яго і пачне душыць. Хочаш перахрысіцца, а рука нямее, нячысты не дае хрысціцца. Як мара выглядае, ніхто не ведае, бо як чалавек адкрые вочы, яна знікае. Ад мары нельга пазбавіцца інакш, як з дапамогай знахаркі, бо сама мара насланая, хутчэй за ўсё, другой знахаркай. Проста так яна не прыходзіць. Але, каб выратавацца, чалавека трэба самому пакаяцца перад Богам[9].
У некаторых аповедах мара была жанчынай без скуры, у якой відаць усе ўнутраныя вантробы. Яна магла ператварацца ў звяроў ці нават у нежывыя прадметы. Пераследуючы злачынцу, яна магла прымаць аблічча забітых ім людзей. Іншыя крыніцы апісваюць мару як прыгожую дзяўчыны-дэмана, якая ноччу прыходзіць да мужчын і ўступае ў імі ў палавы кантакт[10] (што набліжае яе да сукуба). Сваіх «палюбоўнікаў» яна даводзіла да хваробы і смерці. У некаторых рэгіёнах Беларусі пудзіла мары спальвалі на Купалле ці Масленіцу. Гэта сімвалізавала перамогу над сіламі зімы і смерці.
Тлумачэнне
[правіць | правіць зыходнік]У большасці міфалогій чалавецтва было ўяўленне аб нейкай небяспечнай істоце, якая душыць чалавека у сне. Апісанне нагадвае сімптомы такой з’явы, як сонны параліч. Здараецца вельмі рэдка, пасля абуджэння, і доўжыцца ад некалькіх секунд да паўхвіліны. Чалавек не можа варушыцца, цела анямелае. Часам суправаджаецца галюцынацыямі — адчуваннем прысутнасці ў пакоі нейкай варожай сутнасці — прывіда ці незнаёмага чалавека.
Уласна ж персанаж мары, верагодна, паходзіць ад багіні Мары, язычніцкай гаспадыні смерці. Пасля прыхожу хрысціянства вобраз «дэградыраваў» ад багіні да нячыстага духа.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Запісана ў в. Дзербічы Буда-Кашалёўскага р-на ад Дзянісавай Веры Максімаўны, 1930 г.н., студэнткамі Дзянісавай Н., Марчанка Н. (2004 г.)
- ↑ Запісана ў г. Гомель ад Мікалаенка Алены Уладзіміраўны, 1930 г.н., студэнткай Курбацкай К. (2006 г.)
- ↑ Запісана ў г. Гомель ад Караленка Вольгі Фёдараўны, 1933 г.н., студэнткай Бацюк Ж. (2003 г.)
- ↑ Запісана ў в. Іванаўка Гомельскага р-на ад Платонавай Алесі Міхайлаўны, 1928 г.н., студэнткай Шайковай Н. (1999 г.)
- ↑ Запісана ў г. Добруш ад Брычанка Марыі Міхайлаўны, 1932 г.н., студэнткай Антончыкавай Н. (2000 г.)
- ↑ Запісана ў г. Жлобін ад Казловай Эльвіры Паўлаўны, 1936 г.н., студэнткай Ульянкінай Ю. (2004 г.)
- ↑ Запісана ў в. Лужок Кармянскага р-на ад Гапеенка Марыі Яўменаўны, 1934 г.н., студэнткай Мельчанка Т. (2004 г.)
- ↑ Запісана ў в. Азершчына Рэчыцкага р-на ад Пяшук Вольгі Іванаўны, 1932 г.н., студэнткай Згурскай Т. (2005 г.)
- ↑ Запісана ў в. Сямігосцічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ад Баган Наталлі Сцяпанаўны, 1927 г.н., студэнткай Тарасевіч М. (2003 г.)
- ↑ МАТРЫЯРХАТ НА ТЭРЫТОРЫІІ БЕЛАРУСІ Ў ТАПАНІМАХ І МІФАЛОГІІ