Давыд-Гарадоцкае княства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Давыд-Гарадоцкае княства, да канца XV ст. Гарадзецкае княства — феадальная адміністрацыйная-тэрытарыяльная адзінка XIV—XVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім у нізоўях Гарыні з цэнтрам у Давыд-Гарадку (Гарадку). Вядома з 1382 года, калі дачка вялікага князя літоўскага Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 года ў дакументах згадваюцца князі Іван і Юрый Гарадзецкія, напэўна, мясцовыя Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 года княствам валодаў князь Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вялікі князь Казімір аддаў яго князю Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — удаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 года кароль Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства ўцекачу з Маскоўскай дзяржавы князю Івану Васільевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно перайшло сыну Фёдару (памёр у 1521-1522). Як вымарачнае ўладанне належала вялікаму князю Жыгімонту Старому, які ў 1522 годзе перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — складовая частка Пінскага княства. У 1554 годзе ў Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 года яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яго князям Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія з Давыд-Гарадоцкага і Клецкага княстваў утварылі ў 1586 годзе Клецкую ардынацыю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]