Дамінат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Даміна́т (лац.: dominātus — панаванне ← dominus — валадар, гаспадар) — форма кіравання ў Старажытным Рыме, якая прыйшэла на змену прынцыпату і была ўсталявана імператарам Дыяклетыянам (284305 гады). У дамінат уключаюць перыяд тэтрархіі.

Словам «дамінат» звычайна пазначаюць перыяд гісторыі Старажытнага Рыма з IV па VI стагоддзя н.э. Па-іншаму гэты перыяд можа звацца «позняй антычнасцю», «позняй імперыяй». Тэрмін «дамінат» паходзіць ад звычайнага для таго часу звароту да імператара — Dominus et deus noster sic fueri iubet (літаральна «валадар і бог» — лац.: dominus et deus). Упершыню так сябе назваў Даміцыян. Калі ў канцы I стагоддзя падобная прэтэнзія імператара была сустрэта рымлянамі вельмі варожа, то ў канцы III стагоддзя тэрмін dominus быў успрыняты грамадствам даволі спакойна.

Бюст Дыяклетыяна. (Сучасная праца). Усталяваны на месцы Палаца Дыяклетыяна ў Спліце (Харватыя).

Дамінат стаў наступнай фазай паступовай трансфармацыі Рымскай рэспублікі ў абсалютную манархію — з неабмежаванай уладай імператара. У перыяд прынцыпату старыя рэспубліканскія інстытуты захоўваліся і фармальна працягвалі функцыянаваць, а глава дзяржавы — прынцэпс («першы») — лічыўся толькі першым грамадзянінам рэспублікі.

У перыяд даміната рымскі сенат ператвараецца ў саслоўе з дэкаратыўнымі функцыямі[1]. Асноўным тытулам главы дзяржавы замест «прынцэпс» («першы») і «імператар» (першапачаткова ганаровы тытул военачальнікаў) становіцца «аўгуст» (Augustus — «свяшчэнны») і «домінус» (Dominus — «валадар», гэта азначала, што ўсе астатнія з'яўляюцца яго падданымі, апыняючыся ў адносінах да яго на становішчы падуладных сыноў ці рабоў).

Заснавальнікам сістэмы даміната звычайна лічыцца імператар Дыяклетыян, хоць яе папярэднікамі можна назваць і іншых імператараў III стагоддзя, у прыватнасці, Аўрэліяна. Дыяклетыян усталяваў пры сваім двары звычаі, запазычаныя з Усходу. Асноўным цэнтрам улады стаў бюракратычны апарат, арыентаваны на асобу домінуса. Камітэт, які кіраваў зборам падаткаў, пры гэтым зваўся камітэтам «свяшчэнных (гэта значыць імператарскіх) шчодрасцей» (sacrarum largitionum).

Імператар выдаваў імперскія законы, прызначаў чыноўнікаў усіх узроўняў і шматлікіх афіцэраў арміі, і, аж да канца IV стагоддзя, насіў тытул главы калегіі пантыфікаў.

Нягледзячы на ўзмацненне і яшчэ большую сакралізацыі ўлады імператара працягвалі існаваць некаторыя рэспубліканскія традыцыі. Так, усё яшчэ існавалі такія старыя рэспубліканскія магістратуры, як консулы і прэтары — праўда, якія з'яўляліся ў позняй антычнасці толькі ганаровымі тытуламі. Традыцыі рымскіх народных сходаў працягвалі існаваць у арміі (рымскія армейскія contiones), з якой імператары былі вымушаны лічыцца.

Важнай дэталлю, якая не дазваляе назваць рэжым даміната класічнай манархіяй, з'яўлялася тое, што прынцып спадчыннасці ўлады да канца так і не замацаваўся ў Рыме. Прыналежнасць да кіруючай дынастыі была даволі важным аргументам у барацьбе за ўладу, але не з'яўлялася абавязковым крытэрыем прэтэндэнта, а імператары, каб забяспечыць законную перадачу ўлады сваім нашчадкам, прызначалі іх сваімі фармальнымі суправіцелямі яшчэ ў дзяцінстве.

Зноскі

  1. Дамінат — артыкул з Кругасвет