Дзмітрый Сямёнавіч Снежка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзмітрый Сямёнавіч Снежка
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 11 (24) верасня 1903
Месца нараджэння
Дата смерці 17 лютага 1957(1957-02-17) (53 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Жонка Марыя Яўсееўна Снежка-Севяр'янава[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці эсперантыст, літаратурны крытык, літаратуразнавец, перакладчык
Мова твораў беларуская, эсперанта і руская
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
медаль «За абарону Масквы» медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзмітрый (Зміцер) Сямёнавіч Снежка (эспер.: Dimitrij Sneĵko; 11 (24) верасня 1903, г. Орша — 17 лютага 1957, Расія) — беларускі літаратурны крытык, літаратуразнавец, перакладчык, адзін з лідараў эсперанцкага руху даваеннага часу, урач, выдатнік аховы здароўя. Друкаваўся пад псеўданімамі Зьм. Белы, Д. Белый і крыптонімамі Б-ы; Б.; Д. С.; З. Б.; З. С.; Зьм. С-ка[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзмітрый Снежка

Нарадзіўся 11 (24) верасня 1903 года ў Оршы. Яшчэ падлеткам рэгулярна наведваў сходы гуртка эсперантыстаў, дзе дасканала авалодаў мовай эсперанта. У 1922—1929 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта і да пачатку 1936 г. працаваў санітарным медыкам (інспектарам) на розных пасадах у БССР (у 1930—1931 гг. праходзіў тэрміновую службу ў войску)[1].

У 1923 г. прызначаны ўпаўнаважаным ЦК Саюза эсперантыстаў Савецкіх краін (СЭСК) (пазней Саюз эсперантыстаў Савецкіх рэспублік — СЭСР) у БССР. З 1924 г. — сакратар, пазней — намеснік старшыні Цэнтральнага бюро Беларускай арганізацыі СЭСК. Як выдатны актывіст і функцыянер эсперантысцкага руху ў БССР прычыніўся да арганізацыі шматлікіх гурткоў і курсаў па вывучэнні эсперанта, займаўся перакладчыцкай і журналісцкай дзейнасцю[1].

Падчас разгрому эсперантысцкага руху ў СССР арыштаваны 5 лютага 1936 г., асуджаны да 3 гадоў ссылкі[1].

У 1939 г. вызваліўся, пасяліўся ў г. Багародзіцку Тульскай вобласці; займаў пасады раённага санінспектара, потым загадчыка раённага аддзела аховы здароўя[1].

Дзмітрый Снежка

За арганізацыю падчас Другой сусветнай вайны медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў прыфрантавых умовах і аднаўлення сістэмы аховы здароўя ў раёне па яго вызваленні ад акупантаў узнагароджаны медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гг.» і «За абарону Масквы»[1].

У 1944 г. пераведзены ў Тулу старшым абласным дзяржсанінспектарам і адначасова намеснікам загадчыка абласнога аддзела аховы здароўя. У маі 1947 г. накіраваны ў г. Молатаў (сучасная Перм) загадчыкам абласнога аддзела аховы здароўя[1].

Памёр 17 лютага 1957 года, пахаваны ў Пермі[1].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Першыя выступленні Д. С. Снежкі ў друку прыпадаюць на часы яго навучання ў БДУ. У студэнцкім часопісе БДУ «Чырвоны сьцяг» змясціў шэраг белетрызаваных нарысаў і замалёвак (1925), тамсама вёў аддзел крытыкі, дзе рэгулярна выступаў з аглядамі перыядычных выданняў, друкаваў рэцэнзіі на літаратурныя творы[1].

Японскі пісьменнік Удзяку Акіта сярод сяброў «Беларускай літаратурнай камуны» і журналістаў-эсперантыстаў: у ніжнім шэрагу Паўлюк Шукайла, Удзяку Акіта, Алесь Гародня, Рыгор Рапапорт; у верхнім шэрагу Макар Шалай, Янка Відук (Скрыган), Зміцер Снежка, Уладзімір Варава. 1928

Яго далейшая журналісцкая праца (да сярэдзіны 1930 х) цесна звязаная з паўсядзённай дзейнасцю ў эсперантысцкім руху Беларусі і СССР. У 1926—1927 гг. у часопісе «Беларуская работніца і сялянка» выходзіць шэраг публікацый Д. С. Снежкі, падрыхтаваных на аснове перакладу з эсперанта, рэферавання і апрацоўкі пісьмаў у СССР работніц і прадстаўніц «левай» інтэлігенцыі еўрапейскіх краін і Кітая. У 1927—1928 гг. супрацоўнічае з літаратурнымі часопісамі «Чырвоны сейбіт», «Узвышша» і інш., публікуючы артыкулы і карэспандэнцыі на тэмы культурнага і літаратурнага жыцця замежжа[1].

«Gromada» на мове эсперанта. 1928

Пасля заканчэння БДУ Д. С. Снежка як журналіст амаль цалкам засяроджваецца на актуальных пытаннях і праблемах эсперантысцкага руху ў СССР / БССР, становіцца пастаянным аўтарам часопіса Цэнтральнага камітэта СЭСР «Международный язык» (Масква). Тады ж пачынае дасылаць заметкі і артыкулы на эсперанта ў шматлікія газеты і часопісы замежжа (Францыя, Фінляндыя, Германія, Швецыя, Балгарыя і інш.), дзе яны друкуюцца на мове арыгінала ці ў перакладах на мясцовыя мовы[1].

У канцы 1920 х — сярэдзіне 1930 х гг. займаецца перакладамі літаратурных твораў з і на эсперанта; складае эсперанта-беларускі, беларуска-эсперанцкі слоўнікі і падручнік эсперанта на беларускай мове (не былі выдадзеныя)[1].

Пасля трохгадовай ссылкі вяртаецца да журналісцкай дзейнасці, публікуючы артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі па медыцынскай і санітарнай справе ў профільных агульнасаюзных выданнях («Медицинский работник», «Гигиена и санитария») і абласной, раённай прэсе па месцы жыхарства і працы («За уголь», г. Багародзіцк; «Коммунар», г. Тула і інш.). Найбольш значныя журналісцкія творы Д. С. Снежкі гэтага перыяду — артыкулы «П. П. Белоусов (К 50 летию со дня смерти)» і «В. И. Смидович как санитарный врач», прысвечаныя санітарным медыкам Тулы дарэвалюцыйнага часу[1].

Дакументы Д. С. Снежкі захоўваюцца ў БДАМЛМ, куды паступілі ў 2013—2014 гг. Частка іх была перададзена Эміліяй Дзмітрыеўнай Снежкай — малодшай дачкой фондаўтваральніка; другая частка паступіла ад даследчыка В. В. Жыбуля. У выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1, які складаецца з 6 раздзелаў і змяшчае 34 справы (153 дакументы) за 1896—2014 гг., копіі за [1890-1894 гг.][1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]