Дом Фогеля — Залкінда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Фогеля — Залкінда

53°54′09″ пн. ш. 27°33′04″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад
Дата пабудовы 1810 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Фогеля — Залкінда — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 24. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фасад з праекта 1881 г.
Праект, прадстаўлены мінскім дваранінам А. Фогелем на зацвярджэнне ў Мінскую гарадскую думу. 1881 г.

На гэтым пляцы мураваны будынак у стылі класіцызму быў узведзены ў першай палове XIX стагоддзя (па некаторых дадзеных у 1810 годзе), які сваім галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Адначасова ў двары сфарміраваўся комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў[1].

У час пажару 1881 года гэты будынак моцна пацярпеў, а драўляная забудова была цалкам знішчана. Пасля пажару ўладальнік будынка мінскі дваранін Аляксандр Фогель звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага жылога дома[1].

Паводле праекта прамавугольны ў плане двухпавярховы мураваны будынак з высокім цокалем, быў накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў вылучаны неглыбокім рызалітам, які быў завершаны ступеньчатым атыкам. У цэнтры рызаліту знаходзілася вялікая праязная арка, перакрытая мураваным скляпеннямі. Над аркай быў змешчаны балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы першага і другога паверхаў былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі, над вокнамі другога паверха знаходзіліся сандрыкі. Цокальны паверх быў аформлены рустам. Аконныя і дзвярныя праёмы цокаля мелі драўляныя аканіцы[1].

У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага будынка стаў мінскі купец Шэпсель Залкінд, які ў 1884 годзе грунтоўна перабудаваў вялікі флігель у двары, а ў 18981899 гадах у былым доме Фогеля дабудаў трэці паверх[1].

Фота пачатку ХХ ст. Фасад дома з надбудаваным трэцім паверхам.

Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў на другім і трэцім паверхах займала Мінская жаночая прыватная Аляксееўская гімназія Е. Рэйман, якая знаходзілася тут з 1910 года. Астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. У цокальным паверсе было некалькі лавак і крам, а таксама пякарня. Пасля таго, як гімназія Рэйман пераехала ў другі будынак, тут знаходзілася Другое Мінскае вышэйшае пачатковае вучылішча[1].

Пасля 1920 года былы дом Фогеля нацыяналізаваны. Большасць памяшканняў у ім была перароблена пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтах быў часткова страчаны дэкор галоўнага фасада і зменена планіроўка будынка[1].

Да канца XX стагоддзя былы дом Фогеля выкарыстоўваўся пад жыллё[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Дом у забудове вуліцы
Арка з балконам

Трохпавярховы будынак складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, П-падобны ў плане. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У яго цэнтры знаходзіцца арачны лучковы праезд са скляпеністымі перакрыццямі і дэкаратыўным афармленнем праёма. Над ім на 2-м паверсе размешчаны тры вялікія акны, дэкарыраваныя сандрыкамі з сухарыкамі і канеліраванымі пілястрамі. Па цэнтры — балкон на кансолях з агароджай (чыгуннае ліццё). Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя, трэцяга — лучковыя. На 3-м паверсе сіметрычна размешчаны два маленькія балконы. Пад двухсхільным дахам праходзіць шматслойны карніз[2].

Дваровы фасад больш просты і строгі. У цэнтры на вышыню 1-га паверха зроблепы выступ з праездам і высокімі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі, над ім — невялікая тэраса з ажурнай агароджай[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё БУДЫНАК № 24. ДОМ ФОГЕЛЯ-ЗАЛКІНДА
  2. а б 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]