Дынабургская крэпасць
Славутасць | |
Дынабургская крэпасць | |
---|---|
руск.: Динабургская крепость літ.: Daugavpils cietoksnis | |
| |
55°53′10″ пн. ш. 26°29′43″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Тып будынка | крэпасць |
Архітэктурны стыль | ампір, класіцызм, псеўдаготыка |
Заснавальнік | Аляксандр I |
Дата заснавання | 1810[1] |
Будаўніцтва | 1810—1878 гады |
Асноўныя даты | |
Зацвярджэнне праекта крэпасці — 8 (20) жніўня 1810 |
|
Сайт | dinaburgascietoksnis.lcb.lv |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дынабу́ргская крэпасць (лат.: Daugavpils cietoksnis, Dinaburgas cietoksnis) — фартыфікацыйнае збудаванне пачатку XIX стагоддзя ў Дынабургу (Латвія). Будаўніцтва цалкам скончылася ў 1878 годзе праз пастаянныя перашкоды. Помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры дзяржаўнага значэння Латвіі.
У былым арсенале крэпасці цяпер дзейнічае Мастацкі цэнтр Марка Ротка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1810 годзе расійскі імператар Аляксандр I напярэдадні вайны з Францыяй загадаў пачаць будаўніцтва крэпасці з мэтай умацавання мяжы. Кіраваў працамі ваенны інжынер генерал Я. Ф. Гекель . Будаўніцтва вялося ў дзве змены, працавалі 10 000 работнікаў. У 1812 годзе 24-тысячнае французскае падраздзяленне пад камандаваннем маршала Нікаля Удзіно захапіла крэпасць.
Далейшыя працы пасля адваявання крэпасці адбываліся пад кіраўніцтвам спецыялістаў Інжынернага дэпартамента Ваеннага міністэрства.
У 1830 годзе крэпасць з сувязі з пачаткам вызваленчага польскага паўстання была пераведзена на ваенны стан. 4 красавіка (24 сакавіка) 1831 на здушэнне паўстанцаў выйшлі батальёны егерскіх палкоў. У другой палове 1831 года ў крэпасць перанесены артылерыйскі арсенал з Вільні.
2 чэрвеня (21 мая) 1833 года ў прысутнасці імператара Мікалая I і найвышэйшага духавенства Расіі адбылося асвячэнне крэпасці.
У 1863 годзе ў сувязі з чарговым паўстаннем Дынабургская крэпасць зноў пераведзеная на ваенны стан, з Рэвельскай крэпасці (цяпер Талін) дзеля ўмацавання ў яе перавезеныя 258 гармат розных калібраў і відаў.
У 1860—1870-я гады былі выкананы працы па пракладцы вадаправоду, будаўніцтве водапад’ёмнай вежы з паравой машынай і помпай, забрукаванні ўсіх вуліц і асобных унутраных двароў. Будаўнічыя працы працягваліся да 1878 года.
18 снежня (6 снежня) 1869 года ў крэпасці быў заснаваны дзіцячы прытулак імя вялікага князя Мікалая Аляксандравіча для сіротаў і салдацкіх дзяцей, якія ў працоўны час заставаліся без бацькоўскага нагляду. З 1875 года пачаў дзейнасць Дынабургскі мясцовы камітэт Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа. У 1881 годзе ў крэпасці створаная дзяржаўная тэлеграфная станцыя.
У 1887 годзе створаная крэпасная пажарная каманда і крэпасная жандарская каманда. Абедзве скасаваныя ў 1914 годзе.
24 красавіка (12 красавіка) 1897 года крэпасць стала крэпасцю-складам. У 1912 годзе ўведзенае электрычнае асвятленне.
У 1914 годзе пераведзеная на ваенны стан. 4 жніўня (23 ліпеня) 1914 года створаная Дзвінская ваенная акруга.
Пасля атрымання Латвіяй незалежнасці ў 1920 годзе ў крэпасці размясціліся палкі латвійскай Земгальскай дывізіі і «Вікерсы» танкавай роты.
У Другую сусветную вайну нямецкія ўлады стварылі тут лагер для савецкіх ваеннапалонных Шталаг 340.
У 1948—1993 гадах у крэпасці дзейнічала Дзвінскае вышэйшае авіяцыйнае інжынернае вучылішча. У 1998 годзе крэпасць была перададзена ва ўпраўленне Дзяржаўнага агенцтва нерухомасці Латвіі.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Крэпасць размешчаная па абодва берагі ракі Дзвіны. Манументальная фартыфікацыйная сістэма з абшытымі рваным і часаным камянём эскарпамі галоўнага вала, васьмю бастыёнамі, равелінамі, казематамі з магутнымі цаглянымі скляпеннямі вылучаецца строгасцю і дбайнасцю выканання.
Крэпасць мае выгляд умацаванага горада: авальная ў плане тэрыторыя падзеленая рэгулярнымі кварталамі. Пасярод кварталаў размешчаная квадратная (150×150 м) пляцпарадная плошча. Паводле дэтальнага праекту забудовы 1816 года былі пракладзены галоўныя (шырынёй 21 м) і другасныя (шырынёй 10 м) вуліцы, унутры якіх размяшчаліся ваенныя і грамадзянскія пабудовы, вылучаныя ў зоны. Галоўная вертыкальная дамінанта — барочны касцёл Святога Іуды Тадэвуша з 60-метровымі вежамі, дзе набажэнствы ладзіліся таксама і для лютэранаў, і для праваслаўных — у 1944 годзе быў узарваны.
Асноўныя двух- і трохпавярховыя будынкі каменданцкага дома, штаба, арсеналаў, шпіталя, казармаў і афіцэрскіх дамоў стэрэатыпныя, з рысамі позняга класіцызму. У аздабленні паўднёвай Міхайлаўскай і заходняй Мікалаеўскай брамы выкарыстаныя матывы егіпецкай архітэктуры і готыкі. Усходняя Аляксандраўская і паўночная Канстанцінаўская брама былі падобныя архітэктурай. Апошняя была разбурана ў 1962 годзе дзеля ўвозу на тэрыторыю вучылішча буйнагабарытнага абсталявання.
Зноскі
- ↑ а б Latvijas Vēstnesis — Latvijas Vēstnesis, 1993. Праверана 18 лістапада 2017.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дынабургская крэпасць
- Афіцыйная старонка (лат.) (руск.)