Ангелы (дынастыя)
Ангелы | |
---|---|
Краіна | Візантыйская імперыя |
Родапачынальны дом | Камніны |
Заснавальнік | Ісак II |
Апошні кіраўнік | Аляксей IV |
Цяперашні глава | няма |
Год заснавання | 1185 |
Спыненне роду | 1204 |
Тытулы | |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
А́нгелы (грэч. Ἄγγελοι) — дынастыя візантыйскіх імператараў (1185—1204 гады)
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]У навуковым асяроддзі няма адзінага меркавання наконт паходжання роду. Нягледзячы на ўяўную відавочнай этымалогію прозвішча, такая ўзнёслая мянушка выпадае з шэрагу візантыйскіх фамільных імёнаў. В. Васільеўскі і А. Васільеў адносілі тэрмін Ангелы да англічан. П. Лемерль лічыў, што гаворка ідзе пра прастачыну. Р. Бартыкян выказаў думку, што Ангел або Агел з’яўляецца вобласцю Амід, і што Кекаўмен мае на ўвазе мусульманіна, які служыў Візантыі. А. Каждан не выключыў армянскага паходжання роду, адзначыўшы, што верагодна іх радзіму трэба шукаць у армяна-сірыйскіх лімітрофах на ўсходніх межах Візантыі[1].
Заснаванне
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак узвышэнню дынастыі Ангелаў паклаў Канстанцін, сын Мануіла, ажаніўшыся ў 1118 годзе з малодшай дачкой імператара Аляксея I Камніна Феадорай і атрымаўшы тытул паніперсеваста. Ад яго другога сына Андроніка паходзіць візантыйская імператарская дынастыя, а ад самага малодшага незаконнанароджанага сына севастакратара Іаана, які памёр у 1200 годзе, — дынастыя дэспатаў Эпіра.
На троне Візантыі
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнікі дынастыі прыйшлі да ўлады пасля звяржэння Андроніка I Камніна. Да Ангелаў належалі Ісак II Ангел (кіраваў у 1185—1195 гадах; у 1203—1204 гадах — сумесна з сынам Аляксеем IV) і яго брат Аляксей III Ангел (1195—1203).
Ангелы праводзілі палітыку раздачы проній і прывілеяў, узмацнілі падатковы прыгнёт, растрачвалі казну на банкеты і забавы. Кіраванне Ангелаў — час аслаблення дзяржавы, абвастрэння ўнутраных супярэчнасцей і дынастычнай барацьбы. Армія слабела, флот знаходзіўся ў жаласным стане. Імперыя ў цэлым перажывала крызіс, рэзка скарачаліся яе межы.
Ангелы падтрымлівалі гандлёвыя прывілеі Генуі і Пізы, у выніку чаго да крайнасці абвастрыліся адносіны з Венецыяй. Яны адбілі напад сіцылійскіх нарманаў, але пацярпелі шэраг паражэнняў у войнах з сельджукамі і не змаглі здушыць паўстанне ў Балгарыі.
У перыяд кіравання Ангелаў адбыліся Трэці і Чацвёрты крыжовыя паходы. Падчас Чацвёртага паходу імператары з дому Ангелаў былі зрынуты з прастола, Візантыйская імперыя распалася. У 1204—1318 гадах Ангелы — дынастыя кіраўнікоў Эпірскай дзяржавы.
Дэспаты Эпіра і Этоліі
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл I — сын Іаана, дэспат Эпіра і Этоліі (1204—1215)
- Феадор Камнін Дука — сын Іаана, дэспат Эпіра і Этоліі (1215—1230), імператар Фесалонікі (1224—1230), дэспат Македоніі (1237—1251)
- Мануіл — сын Іаана, імператар Візантыі ў Фесалоніках (1230—1237), дэспат Эпіра і Этоліі (1230—1231), дэспат Фесаліі (1237—1241)
- Міхаіл II — сын Міхаіла I, дэспат Эпіра і Этоліі (1231—1268), дэспат Фесаліі (1241—1268)
- Нікіфар I — сын Міхаіла II, дэспат Эпіра і Этоліі (1268—1296), дэспат Фесаліі (1268—1271)
- Фама — сын Нікіфара I, дэспат Эпіра і Этоліі 1296—1318
Кіраўнікі Фесалонікі
[правіць | правіць зыходнік]- Іаан — сын Феадора Камніна, імператар Візантыі ў Фесалоніках (1237—1244)
- Дзімітрый (нар. 1225) — сын Феадора, імператар Візантыі ў Фесалоніках (1244—1246)
Дэспаты Фесаліі
[правіць | правіць зыходнік]- Іаан I, сын Міхаіла II, дэспат Фесаліі і герцаг Неапатраса 1271—1296
- Канстанцін, сын Іаана I, дэспат Фесаліі і герцаг Неапатраса 1296—1303
- Іаан II, сын Канстанціна, дэспат Фесаліі і герцаг Неапатраса 1303—1318
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Каждан А. П. Армяно-Византийские заметки. § 8 Ангелы. // Историко-филологический журнал, 1971. — № 4. — С. 102—104.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kazhdan A. Angelos. // The Oxford Dictionary of Byzantium. — N. Y./Oxford, 1991.