Перайсці да зместу

Емяльян Ігнатавіч Барыкін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Емяльян Ігнатавіч Барыкін
Дата нараджэння 20 ліпеня (2 жніўня) 1902
Месца нараджэння
Дата смерці 25 сакавіка 1951(1951-03-25) (48 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Званне палкоўнік
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
Герой Савецкага Саюза
ордэн Леніна Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені Медаль «Партызану Айчыннай вайны» II ступені медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Honorary Railwayman
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Емяльян Ігнатавіч Барыкін (20 ліпеня (2 жніўня) 1902, Тросная[d], Сеўскі павет[d]25 сакавіка 1951(1951-03-25), Гомель) — сакратар гомельскага падпольнага гаркама партыі, начальнік штаба Гомельскага партызанскага злучэння, палкоўнік. Герой Савецкага Саюза (1944). Член КПСС з 1928 года[1].

Рускі. Нарадзіўся ў сям’і селяніна. Член ВКП(б) з 1928 года. Скончыў пачатковую школу. З 1915 года працаваў чорнарабочым чыгуначнага дэпо ў горадзе Бранску. Служыў у чыгуначным палку Чырвонай арміі ў Гомелі. У 1922 годзе скончыў курсы памочніка начальніка станцыі ў Курску. Тры гады быў начальнікам штаба супрацьпаветранай абароны ва Унечы. З 1937 года — на партыйнай працы, сакратар парткама Беларускай чыгункі, першы сакратар Чыгуначнага райкама партыі горада Гомеля. У 1939 годзе скончыў савецкую партыйную школу. З сакавіка 1941 года — сакратар Гомельскага гаркама партыі[1], з ліпеня 1941 — другі сакратар гаркама.

У жніўні 1941 года Барыкін удзельнічаў у арганізацыі абароны Гомеля, быў адным са стваральнікаў Гомельскага палка народнага апалчэння[1]. Адначасова ствараў падполле ў горадзе: вызначаў явачныя кватэры, прадумваў сістэму сувязі, вызначаў месца закладкі матэрыяльных баз, клапаціўся аб аснашчэнні дыверсійных груп толам, мінамі, узрывальнікамі, зброяй.

Пасля заняцця нямецкімі войскамі Гомеля Барыкін сышоў у Навабеліцкі лес, дзе стаў камісарам партызанскага атрада «Бальшавік», які ў кастрычніку 1943 рэарганізаваны ў партызанскую брыгаду «Бальшавік»[1], застаючыся адначасова членам Гомельскага падпольнага абкама, сакратаром Гомельскага падпольнага гаркама ВКП(б).

Са жніўня 1941 года па лета 1942 партызаны разграмілі некалькі гарнізонаў акупантаў, падарвалі мост праз раку Віць, зладзілі 25 засад на шашэйных дарогах, знішчылі дзясяткі аўтамашын і абозаў.

Першы выхад на чыгунку Гомель — Жлобін Барыкін узначальваў сам. Была закладзена «вуда» — міна нацяжнога дзеяння. Эшалон з гітлераўцамі быў пушчаны пад адхон.

Пасля першага эшалона дыверсійныя групы сталі выходзіць на чыгунку рэгулярна. Створаная камсамольска-маладзёжная дыверсійная група, якая вырасла пазней у дыверсійны атрад, пусціла пад адхон 58 эшалонаў праціўніка, падарвала 87 аўтамашын, танкаў і браневікоў, знішчыла шмат салдат і афіцэраў вермахта.

6-7 жніўня 1942 Барыкін узначаліў налёт на гарнізон праціўніка ў вёсцы Баршчоўка. У ходзе бою было знішчана да 150 салдат, захопленыя вялікія трафеі.

У лістападзе 1942 года блакаваныя буйнымі сіламі войск вермахта атрады «Бальшавік», «За Радзіму» і імя Варашылава вымушаныя былі пакінуць свае базы і схавацца ў Акцябрскім раёне, дзе была шырокая партызанская зона.

6 лютага 1943 г. на пашыранай камандзірскай нарадзе, якая праходзіла ў Палескім лесе, было вырашана партызанскія атрады пераўтварыць у брыгады і аб’яднаць у партызанскія злучэнні. Барыкін стаў начальнікам штаба Гомельскага партызанскага злучэння[1].

Партызанская вайна працягнулася. Толькі ў красавіку 1943 года было скінута пад адхон 8 цягнікоў. Быў знішчаны Салтанаўскі ваенны завод.

Улетку і восенню 1943 года Гомельскае партызанскае злучэнне актыўна ўдзельнічала ў «рэйкавай вайне». Не забывалі і аб шашэйных дарогах, гітлераўскіх гарнізонах у вёсках, дапамагалі абжыцца ў лясах сялянам, вёскі якіх былі спалены дашчэнту.

Брацкая магіла на плошчы Працы ў Гомелі.

17 лістапада 1943 Барыкін узначаліў адну з партызанскіх брыгад пры захопе пераправы праз раку Бярэзіну каля вёскі Горваль. Гітлераўцы пабудавалі паром, навялі пераправу для адыходзячых войск. У выніку вокамгненнага штурму некалькіх брыгад у Горвалі партызаны захапілі не толькі паром і пераправу, але і тэхніку, якая збіралася пераправіцца на заходні бераг. Праціўнік накіраваў вялікія сілы для таго, каб вярнуць пераправу, але партызаны пад кіраўніцтвам Барыкіна стварылі моцную абарону і тры дні ўтрымлівалі яе. 20 лістапада 1943 па захаванай партызанамі Горвальскай пераправе на заходні бераг пераправіліся ўжо савецкія войскі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі ў тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства палкоўніку Барыкіну нададзена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» (№ 3207)[2].

З 1944 года палкоўнік Барыкін у запасе. Працягнуў працаваць сакратаром Гомельскага гаркама партыі. З 1948 года абраны сакратаром Баранавіцкага абкама ВКП(б). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1947 года. Член Рэвізійнай камісіі КП(б)Б з 1949 года[1]. Узнагароджаны знакам «Ганаровы чыгуначнік».

Памёр 25 сакавіка 1951 года.

  1. а б в г д е ё ж Барыкин Емельян Игнатьевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 43. — 737 с.
  2. Указ Президиума Верховного Совета СССР «О присвоении звания Героя Советского Союза белорусским партизанам» от 1 января 1944 года // Ведомости Верховного Совета Союза Советских Социалистических Республик : газета. — 1944. — 6 января (№ 1 (261)). — С. 1
  • Барыкін Емяльян Ігнатавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 75. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь / Пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1987. — Т. 1 /Абаев — Любичев/. — 911 с. — 100 000 экз. — ISBN отс., Рег. № в РКП 87-95382 (руск.)
  • Барыкін Емяльян Ігнатавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2..