Перайсці да зместу

Еўропа (атэль, Навагрудак)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Гатэль «Еўропа»
53°35′59″ пн. ш. 25°49′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Навагрудак
Будаўніцтва XVIII — другая палова XIX ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000394шыфр 412Г000394
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гатэль «Еўропа» — двухпавярховы будынак у Навагрудку па вуліцы Замкавая, 3, пабудаваны ў XVIII — другой палове XIX стагоддзяў.

У жніўні 2006 г. мінскае навукова-вытворчае аб’яднанне «Эльвіра» выкупіла будынак у навагрудскага прадпрымальніка Уладзіміра Максімчыка. Прадпрымальнік самавольна ажыццявіў перабудову ўнутраных канструкцый камяніцы: будынак меў разбураныя перакрыцці, разабраную падлогу на другім паверсе, паздыманыя бэлькі, што надавалі трываласць канструкцыі. Будынак знаходзілася ў аварыйным стане, таму новы ўласнік пастанавіў дэмантаваць будынак. Падчас дэмантажу былі зроблены неабходныя замеры, частку найбольш трывалай цэглы, камінную і пячную кафлю, драўляную лесвіцу, аконныя рамы захавалі, каб потым выкарыстаць ізноў. Пазней будынак быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе[1].

Акрамя будынка па вуліцы Замкавая, 3 плануецца адбудаваць яшчэ два аб’екты на вуліцы, разбураныя ў часе Вялікай Айчыннай вайны, каб аднавіць участак гарадскога ансамблю ў першапачатковым выглядзе[1].

Гатэль «Еўропа» уяўляе сабой двухпавярховы мураваны будынак, у плане выцягнуты прамавугольнік, накрыты вальмавым дахам. Сцены гладкія, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на другім паверсе — рамныя абрамленні. З-за рознасці ўзроўняў паверхаў будынак у тарцовай частцы мае цокальны паверх, умацаваны масіўнымі вуглавымі контрфорсамі.

Планіроўка двухчасткавая. Першая частка аддзелена ад другой капітальнай сцяной; прызначалася пад жыллё і гандлёвую ўстанову і раней мела асобны ўваход. Другая — калідорнай планіроўкі, прызначалася для фабрыкі па вырабе муштукоў. У першай частцы размешчана лесвіца, што вядзе на другі паверх, які мае асобны ўваход з боку падоўжнага дваровага фасада.

Археалагічныя знаходкі

[правіць | правіць зыходнік]

У 2000-х каля будынка, на будаўнічай пляцоўцы гатэля «Еўропа», былі праведзены раскопкі, якія выявілі на глыбіні каля двух метраў драўляны зруб дома. У шурфах на глыбіні 2,2-2,4 м адшуканыя рэчы тысячагадовай даўніны, напрыклад, шкляныя бранзалеты XII ст[1]. Будоўля была замарожана, знаходка засыпана зямлёй[2].

Пасля аднаўлення працы, забудоўшчыкам былі запрошаны спецыялісты з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Новыя раскопкі пад кіраўніцтвам старэйшай навуковай супрацоўніцы Інстытута гісторыі НАН Ірыны Ганецкай выявілі ў цэнтры сучаснага горада гістарычную забудову XII—XVIII стагоддзяў. Раскапаўшы першы зруб, навукоўцы ўбачылі элементы будынкаў яшчэ больш ранніх перыядаў. Меркавана тут захавалася не менш за чатыры ярусы пабудоў розных перыядаў часу[2].

Верхні зруб квадратнай формы хутчэй за ўсё адносіцца да XVII—XVIII стагоддзяў. Знойдзеныя там часткі глінянага і шклянога посуду сведчаць аб тым, што, магчыма, у доме размяшчалася карчма. Самы вялікі драўляны зруб больш падобны на жылы дом XVI—XVII стагоддзяў. А ніжнія пабудовы маглі быць збудаваныя яшчэ раней, у XI—XII стагоддзях[2].

На месцы будаўніцтва «Еўропы» знойдзеныя тысячы артэфактаў. У асноўным, кераміка: збаны і кубкі. Шмат фрагментаў шклянога посуду, упрыгажэнні, касцяны грабеньчык, кафлі[2].

Зноскі