Залман Шазар

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Залман Шазар
Залман Рубашоў
Залман Шазар
сцяг
3-і Прэзідэнт Ізраіля
21 мая 1963 — 24 мая 1973
Папярэднік: Іцхак Бен-Цві
Пераемнік: Эфраім Кацыр
 
Партыя: 1) Папунсавей Цыён
2) Мапай
Адукацыя:
Дзейнасць: палітык, журналіст, пісьменнік, паэт
Член у:
Веравызнанне: Іўдаізм
Нараджэнне: 24 лістапада 1889(1889-11-24) ці 22 снежня 1889(1889-12-22)[2][3]
Смерць: 5 кастрычніка 1974(1974-10-05)[3][4][5] (84 гады)
Пахаванне:
Жонка: Рахель Кацнельсон[d]
 
Узнагароды:

Залман Шнэўр Шазар, нарадж.: Шнэер За́лман (Львовіч) Рубашоў (іўр.: זלמן שז"ר‎; 24 лістапада 1889, Мір, цяпер Гродзенская вобласць — 5 кастрычніка 1974, Іерусалім, Ізраіль) — ізраільскі грамадскі і сіянісцкі дзеяч, пісьменнік, паэт і публіцыст, палітык, 3-і прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль (з 21 мая 1963 па 24 мая 1973).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і, традыцыйна звязанай з рухам Хабад (дзед Шазара быў распаўсюджвальнікам ідэалогіі руху ў Міры, а Шазар быў названы ў гонар заснавальніка руху). Бацькі Шазара былі заўзятымі прыхільнікамі сіянізму. У 1892 г. сям'я Шазара пераехала ў Стоўбцы, дзе Шазар вучыўся ў хедэры.

Пад уплывам твораў Б. Борахава Шазар далучыўся да руху «Паалей Цыён» (Працоўныя/Рабочыя Сіона) і стаў актыўным прапагандыстам яго ідэалогіі. Падчас рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. удзельнічаў у арганізацыі яўрэйскай самаабароны ў Беларусі і ва Украіне. На падпольным з'ездзе Паалей Цыён у Мінску ў 1906 г. пазнаёміўся з І. Бэн-Цві, які прыцягнуў Шазара да ўдзелу ў выдавецкай дзейнасці руху.

У 1907 г. Шазар пераехаў у Вільню, дзе пазнаёміўся з Б. Борахавым, Я. Зрубавелам і будучай жонкай І. Бэн-Цві, Рахель Янаіт. У гэты перыяд Шазар перакладаў з рускай на ідыш артыкула Борахава і Бэн-Цві для часопіса Паалей Цыён «Дэр пралетарышэр геданк». Летам 1907 г. Шазар разам з іншымі лідарамі руху быў арыштаваны і асуджаны да 2 месяцы турэмнага зняволення. Пасля вызвалення Шазар паступіў на арганізаваныя ў Санкт-Пецярбургу баронам Д. Г. Гінцбургам Вышэйшыя курсы ўсходазнаўства, дзе сярод выкладчыкаў былі С. Дубноў і Л. І. Кацэнельсан. Шазар зарабляў на жыццё артыкуламі ў расійскай і амерыканскай прэсе на ідыш.

Лета 1911 г. Шазар правёў у Эрэц-Ізраэль, працуючы ў нядаўна заснаванай Мерхавіі, дзе пасябраваў з Б. Кацнельсанам і паэтэсай Рахель. У 1912 г. Шазар паехаў вучыцца ў Германію (у Фрайбургскім і Страсбургскім універсітэтах; падчас Першай сусветнай вайны быў інтэрнаваны ў Берлін як расійскі падданы і працягнуў вучобу ў Берлінскім універсітэце). У гады вучобы Шазар спецыялізаваўся па біблеістыцы і гісторыі ўсходнееўрапейскага яўрэйства, у прыватнасці, па сабатыянскаму руху (гл. Сабатай Цві). Шазар прымаў актыўны ўдзел у сіянісцкім руху ў Германіі, рэгулярна публікаваў свае артыкулы ў «Юдыше рундшау». Шазар быў сярод заснавальнікаў сіянісцкага працоўнага руху ў 1916 г. (гл. Яўрэйскі сацыялізм) і руху Хе-Халуц у 1917 г. На з'ездзе Паалей Цыён у Стакгольме ў 1919 г. Шазар разам з Н. Сыркіным і інш. быў абраны ў Камісію па вывучэнні эканамічнага становішча ў Палесціне і распрацоўцы плану развіцця гаспадаркі краіны на кааператыўнай аснове. У справаздачы Камісіі, апублікаванай у 1920 г., Шазару належалі часткі пра яўрэйскую занятасць у Палесціне і пра сельскагаспадарчыя камуны (квуцот). У 1920 г. у Іерусаліме Шазар ажаніўся з Рахеллю Кацнельсан (1885—1975), з якой ён пазнаёміўся яшчэ на Вышэйшых курсах усходазнаўства (перасялілася ў Эрэц-Ізраэль у 1912 г.).

На з'ездзе Паалей Цыён у Вене ў 1920 г., дзе адбыўся раскол па пытанні стаўлення да камунізму, Шазар стаў адным з лідараў «правага крыла». У 1921 г. удзельнічаў у з'ездзе Сусветнай арганізацыі Хе-Халуц (адкрываў з'езд). З 1922 г. па 1924 г. у Вене чытаў лекцыі па яўрэйскай гісторыі ў Яўрэйскай настаўніцкай семінарыі.

У 1924 г. Шазар перасяліўся ў Эрэц-Ізраэль. Быў абраны ў сакратарыят Хістадрута. З 1930 г. па 1932 г. сумесна з Х. Арлозаравым выдаваў штомесячнік «Ахдут ха-Авада». Затым стаў членам рэдакцыі друкаванага органа Хістадрута, газеты «Давар», а пасля — галоўным рэдактарам газеты і кіраўніком хістадрутаўскага выдавецтва «Ам авед». У гэтыя гады Шазар неаднакроць выязджаў за мяжу па даручэннях Хістадрута, Сусветнай арганізацыі Паалей Цыён, партыі Мапай і інш. Немалую ролю ў поспеху гэтых місій згулялі яго выбітныя прамоўніцкія здольнасці.

У лістападзе 1947 г. Шазар быў членам дэлегацыі Яўрэйскага агенцтва (Сахнут) на Генеральнай Асамблеі ААН (гл. ААН). Падчас свайго знаходжання ў Нью-Ёрку ўсталяваў кантакт з Любавіцкім рэбэ І. І. Шнэерсонам, які згадзіўся дапамагчы стварэнню ў Эрэц-Ізраэль паселішча (Кфар-Хабад) для прыхільнікаў руху Хабад. З дзяцінства эмацыйна звязаны з Хабадам, Шазар заўсёды праяўляў клопат пра развіццё мястэчка Кфар-Хабад. Падчас візітаў у ЗША ўжо ў як прэзідэнт Ізраіля ў 1966 і 1971 г. Шазар наведваў Любавіцкага рэбэ ў Брукліне.

У 1949 г. Шазар быў абраны ў Кнэсет 1-га склікання, а затым быў членам Кнесета 2-га (1951) і 3-га (1955) скліканняў. З 1949 г. па 1951 г. займаў пост міністра адукацыі і культуры; па яго ініцыятыве быў прыняты закон пра абавязковую школьную адукацыю (1949). Пасля таго, як урад СССР адмовіўся прыняць Шазара ў якасці пасла Ізраіля, ён стаў членам Выканаўчага камітэта сусветнай Сіянісцкай арганізацыі (1952), узначаліўшы аддзел інфармацыі, а з 1954 г. — аддзел адукацыі і культуры яўрэйскай дыяспары. З 1956 г. па 1960 г. Шазар быў старшынёй Іерусалімскага выканаўчага камітэта сусветнай Сіянісцкай арганізацыі.

Шазар быў прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (з 1963 г. па 1973 г. — два тэрміны). Падобна свайму папярэдніку на гэтай пасадзе, І. Бэн-Цві, Шазар не абмяжоўваўся выкананнем дзяржаўных абавязкаў: у яго рэзідэнцыю прыходзілі ізраільскія навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы мастацтва і яўрэйскія інтэлектуалы з усяго свету. У рэзідэнцыі праходзілі рэгулярныя сустрэчы групы па вывучэнні Бібліі (заснаваная Д. Бэн-Гурыёнам), гуртка па вывучэнні яўрэйства дыяспары, які дзейнічаў у супрацоўніцтве з Інстытутам сучаснага яўрэйства пры Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме і да т.п. Шазар заснаваў фонд «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Шазар пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу (зборнік аўтабіяграфічных нарысаў «Кахвей бакер» — «Перадсвітанкавыя зоркі», пераклад на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш; зборнік мемуарных нарысаў пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры «Ар ішым» — «Светачы», 1963), паэзію (у т.л. яго шматлікія пераклады, у прыватнасці, вершы Рахелі на ідыш, 1932), публіцыстыку і навуковыя даследаванні (напрыклад, шэраг прац пра сабатыянстве і франкізме (гл. Я. Франк), дзе змешчаны новы погляд на сутнасць гэтых рухаў). Шазар быў адным з піянераў біблеістыкі на іўрыце (зборнік «Талдот бікарэт ха-Мікра» — «Гісторыя біблейскай крытыкі», 1925; быў рэдактарам і адным з аўтараў). Шазар зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 (unspecified title) Праверана 8 ліпеня 2019.
  2. חה"כ שניאור זלמן שזר (רובשוב)Кнесет.
  3. 3,0 3,1 data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  4. Zalman Shazar // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. Zalman Shazar // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шазар Шнеур Залман // Краткая еврейская энциклопедия. Т. 10, кол. 19-21.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]