Замосцкая сядзіба
сядзіба | |
Сядзіба Ельскіх у Замосці | |
---|---|
53°34′14″ пн. ш. 27°41′19″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Замосце |
Заснавальнік | Аляксандр Каралевіч Ельскі |
Дата пабудовы | 1860-я |
Вядомыя насельнікі | Аляксандр Ельскі |
Стан | зруйнаваны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Замосцкая сядзіба — колішні сядзібна-паркавы комплекс у Замосці, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Маёнтак Замосце належаў Прозарам. Разам з Дудзічамі перайшоў у 1785 годзе да Станіслава Ельскага, пазней — да яго сына Караля. Сядзіба будавалася ў 1860-я гады Аляксандрам, малодшым сынам Караля, які атрымаў у спадчыну маёнтак з некалькімі фальваркамі ў 1857 годзе[1].
Пасля смерці Аляксандра ў 1916 годзе, маёнтак перайшоў да яго сына Яна.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Сядзіба размяшчалася на прыпаднятай тэрасе ракі Пціч і ўключала сядзібны дом, парк з невялікімі вадаёмамі, фруктовы сад, гаспадарчы дом з трынаццаццю пабудовамі[1].
Сядзібны дом быў прамавугольным у плане, аднапавярховым, драўляным, на высокім цокалі, з гонтавым дахам. Галоўны фасад упрыгожваў ганак з чатырма калонамі. У параднай зале віселі гравюры і партрэты[1].
У доме была абсталявана хатняя капліца, у якой прыезджыя святары тайна хрысцілі ўніятаў, якіх у той час пераследавалі[1].
Да дому праз вялікі сад вяла галоўная ўязная алея. Другая шырокая алея з белай таполі вяла па краі сядзібы. Дом быў абкружаны невялікім пейзажным паркам, які меў нескладаную водную сістэму з двух вадаёмаў[1].
Музей
[правіць | правіць зыходнік]У 1864 годзе Аляксандрам Ельскім былі створаны бібліятэка і музей старажытнасцей, у фондах якога было каля 7 тыс. кніжак, 20 тыс. рукапісаў, больш за 1 тыс. гравюр, калекцыя карцін, зборы манет, медалёў, прадметаў археалагічных знаходак[2]. Збор у Замосці ўключаў палотны заходнееўрапейскіх мастакоў (Паала Веранезэ, Марчэла Бачарэлі, Норбліна, Давіда Тэнірса, Рубенса), а таксама беларускіх і польскіх мастакоў (Юзафа Пешкі, Францішка Смуглевіча, Сымона Чаховіча, Язэпа Аляшкевіча, Валенція Ваньковіча, Апалінарыя Гараўскага, Яна Дамеля)[3].
У музеі былі рэчы і прадметы Міцкевіча, Касцюшкі, Манюшкі. Сярод гістарычных рэліквій у музеі былі медалі, ордэны, слуцкія паясы, аўтографы сусветна вядомых людзей (Напалеона, Людовіка XVI, Вашынгтона, Пятра I)[3].
Бібліятэка і музей перад Першай сусветнай вайной былі вывезены ў Кракаў, частка апынулася ў Варшаве. Сёння калекцыі часткова страчаныя, часткова рассеяліся па свеце. Кнігі Ельскага і прадметы збору ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Кіеве, Львове, Уроцлаве, Кракаве. Відаць, асобныя прадметы захоўваюцца ў архіве Ватыкана[4].
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Частка воднай сістэмы з паркам захавалася. Паркавыя насаджэнні здзічэлі. Вакол падмурку дома растуць старыя клёны і здзічэлыя ружы.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Сядзіба, каля 1914 года
-
Аляксандр Ельскі ў родавай капліцы, каля 1914 г.
-
Аляксандр Ельскі і яго сын Ян у маёнтку, каля 1914 года
-
Лямус, каля 1914 года
Зноскі
- ↑ а б в г д Федорук 2000, с. 330.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 492. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- ↑ а б Федорук 2000, с. 331.
- ↑ Федорук 2000, с. 332.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дзеля блізкіх і прышласці : матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Універсітэты Ельскіх» (да 165-годдзя з дня нараджэння Ельскіх), Мінск, 7 кастр. 1999 г. / Бел. ун-т культуры ; рэдкал.: (адк. рэд.) А.У. Пазнякоў [і інш.]. — Мінск: Бел. ун-т культуры; рэкламна-выдав. фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Замосцкая сядзіба
- Замосцкая сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Замосцкая сядзіба на сайце «Архіварта»