Канстанцін Радзівіновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін Радзівіновіч
Адукацыя
Дзейнасць протаіерэй
Месца працы
Нараджэнне 1886
Смерць 30 студзеня 1956(1956-01-30)
Пахаванне

Канстанцін Радзівіновіч (1886, в. Кабылянка, Бабруйскі павет, Мінская губерня, цяпер в. Знаменка, Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць — 30 студзеня 1956, Мінск) — беларускі протаіерэй.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Беларус. Сын Дзіянісія Радзівіновіча. Бацька служыў з 1853 года. У 1860—1880-я гг. ён быў псаломшчыкам Раства-Багародзіцкай царквы у в. Старыя Дарогі Бабруйскага павета[1].

Канстанцін Радзівіновіч скончыў у 1911 годзе Мінскую духоўную семінарыю. Служыў павятовым назіральнікам Навагрудскага вучылішчнага савета ад епархіяльнага ведамства. З 1914 настаяцель Міхайлаўскага храма ў мястэчку Зембін Барысаўскага павета. З 1917 года благачынны цэркваў 4-й акругі Барысаўскага павета[1].

Арыштаваны 8 красавіка 1933 года. Асуджаны 19 ліпеня 1933 года са святарамі Мінскай епархіі Уладзімірам Дзелякторскім, Васіліем Парфёнчыкам, Пятром Ражко, Канстанцінам Семянюком, Мікалаем Тарановічам, старастам Данілам Сяліцкім, актыўнымі прыхаджанамі асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў ППК. Пакаранне адбываў на будаўніцтве канала Масква-Волга[ru][1].

Пасля вызвалення жыў у Магілёве. У час нямецкай акупацыі, з кастрычніка 1941 года настаяцель Трох-Свяціцельскай царквы (цяпер кафедральны сабор) у Магілёве[1]. У гэтыя гады протаіерэй Канстанцін дапамагаў бяздольным, тым, хто страціў блізкіх і маёмасць, суцяшаў. У склепе храма для іх ладзіліся дабрачынныя абеды[2].

У сярэдзіне 1950-х гадоў пачалася чарговая антырэлігійная кампанія, над саборам навісла пагроза закрыцця. Памёр 30 студзеня 1956 года ад інфаркту на вакзале ў Мінску, калі безвынікова ездзіў на прыём да П. Панамарэнкі, для таго каб прадухіліць закрыццё храма і ператварэнне яго ў клуб[3].

Пахаваны на Васкрасенскіх могілках у Магілёве. Надмагілле святара выканана ў выглядзе аналоя, на якім ляжыць крыж і Евангелле[3]. Побач пахаваны Рыгор Мацвеевіч Янус, у якога на кватэры Канстанцін Радзівіновіч жыў у апошнія гады[2].

Рэабілітаваны 31 мая 1989 года пракуратурай БССР. Групавая справа Р. і інш. № 27206-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]