Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, таксама вядомы як Фарны касцёл — першы рымска-каталіцкі храм Менска, заснаваны не пазней за 1-ю палову XV ст. Размяшчаўся ў паўночнай частцы горада, на ўзгорку левабярэжжа Свіслачы, які, паводле адной з версій, ад тытула касцёла сталі зваць Траецкай гарой.[1] Апошні драўляны касцёльны будынак згарэў на пачатку XIX ст., мураваную плябанію зруйнавалі пасля 2-й сусветнай вайны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле падання, заснаваны каралём Ягайлам у 1390 годзе. Каля 1460 года атрымаў ад данатара фальварак Чурылавічы на поўдзень ад Менска. Першы касцёльны будынак згарэў разам з горадам у 1505 годзе, падчас наезду крымскіх татараў[1], паводле іншых звестак, згарэў яшчэ 14 жніўня 1409 года[2].

У 1508 годзе пабудавалі новы касцёл, асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, таксама Менская фара ў архіўных дакументах згадваецца і пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а пад 1632 годам — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Міхала Арханёла.

Касцёлу належала вялікая колькасць пляцаў з пабудовамі, як на Траецкай гары, так і ў іншых частках горада, а таксама карчма, Плябанскі млын на Свіслачы, сенажаці, лес і фальварак Чурылавічы (або Плябанец).

У 1709 годзе пры касцёле Найсв. Тройцы біскуп Канстанты Казімір Бжастоўскі зацвердзіў брацтва Шчаслівай смерці. У 1720 (або 1716) годзе ксёндз Караль Пётр Панцяжыцкі пабудаваў апошні драўляны Фарны касцёл.

Плябанія пабудовы пачатку XIX ст. на рагу колішніх Траецкай і Вялікай Барысаўскай (1947).

Вялікі пажар 14 жніўня 1809 года знішчыў будынак Фары, аднак захавалася плябанія і гаспадарчыя пабудовы. У 1814 годзе з’явіўся праект новай мураванай святыні, арыентаванай галоўным фасадам на Траецкую вуліцу (цяпер вул. Янкі Купалы). Аднак грошаў хапіла толькі на будаўніцтва плябаніі на рагу з Вялікай Барысаўскай вуліцай (пазней вул. Аляксандраўскай, цяпер вул. Максіма Багдановіча).

У 1832—1840 гады тытул Свята-Траецкага меў касцёл закрытага дамініканскага кляштара, тым часам зроблены парафіяльным. Пасля закрыцця расійскімі ўладамі і гэтай святыні, набажэнствы перанеслі ў могілкавую капліцу на Залатой Горцы, якую ў 1842 годзе ўзвялі ў ранг парафіяльнага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. У 1864 годзе новазбудаваны на месцы драўлянай капліцы мураваны неагатычны касцёл асвяцілі пад старажытным тытулам.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Паводле візітацыі і інвентароў 1632 і 1636 гадоў касцёл быў драўляны на мураваным падмурку, крыжападобны ў плане. Галоўны фасад святыні выходзіў на Траецкі рынак.[3] Інтэр’ер упрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары. На хорах быў арган.

Асобна стаяла званіца з 4 званамі. Побач размяшчаўся даволі вялікі будынак плябаніі, у якім размяшчаліся шпіталь, школа і касцёльнае брацтва. Каля касцёла знаходзіліся парафіяльныя могілкі. Тэрыторыю святыні акружала драўляная агароджа з брамамі.[3]

Храм, пабудаваны на пачатку XVIII ст., стаяў на мураваным падмурку і ў плане меў выгляд «кавалерскага крыжа» («krzyża kawalerskiego») з вялікім купалам у цэнтры, вакол якога размяшчаліся 4 невялікія капліцы. Галоўны фасад упрыгожвалі дзве невялікія вежы з залачонымі жалезнымі крыжамі, аздобленымі металічнымі шарамі.

У цэнтры галоўнага алтара знаходзіўся абраз Святой Тройцы, абапал якога стаялі залачоныя скульптуры святых Пятра і Паўла. Апрача таго, інтэр’ер упрыгожвалі яшчэ чатыры драўляныя разныя алтары, два з якіх стаялі ў капліцах. На хорах знаходзіўся арган, выраблены ў 1745 годзе.[4]

Побач з касцёлам размяшчалася званіца з 3 званамі. На адлегласці 50 крокаў ад касцёла знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоў — плябанія, парафіяльная школа, багадзельня і іншыя. Тэрыторыя плябанскага пляцу, разам з садам і парафіяльнымі могілкамі агароджваў драўляны плот з брамай.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Яроменка А. Мінская Фара // «Наша вера» № 2 (44), 2008.
  2. Дзянісаў У. М. Першы касцёл // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 309
  3. 3,0 3,1 ЭнцВКЛ, 2005, с. 298
  4. ЭнцВКЛ, 2005, с. 299

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]