Перайсці да зместу

Ларан Гбагбо

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ларан Гбагбо
фр.: Laurent Koudou Gbagbo
прэзідэнт Кот-д’Івуара[d]
26 кастрычніка 2000 — 11 красавіка 2011
Папярэднік Рабер Геі
Пераемнік Аласан Уатара

Нараджэнне 31 мая 1945(1945-05-31)[1][2][…] (79 гадоў)
Жонка Simone Gbagbo[d][3] і Nady Bamba[d][4]
Дзеці Michel Gbagbo[d]
Веравызнанне каталіцтва
Партыя
Адукацыя
Узнагароды
National Order of the Ivory Coast
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ларан Гбагбо (нар. 31 мая 1945, Гагноа, Французская Заходняя Афрыка, цяпер дэпартамент Мама рэгіёна Фрамажэ, Кот-д’Івуар) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Кот-д’Івуара, прэзідэнт Кот-д’Івуара (у 2000—2011 гадах). Да абрання на пасаду кіраўніка дзяржавы выступаў супраць прэзідэнта Фелікса Уфуэ-Буаньі, быў у зняволенні, займаўся навуковай дзейнасцю. Першы ў гісторыі кіраўнік дзяржавы, які стаў перад Міжнародным крымінальным судом за злачынствы супраць чалавецтва.

Нарадзіўся ў сям’і ў народнасці бэтэ[7]. Скончыў каталіцкую семінарыю ў Гагноа, затым ў 1965 годзе — ліцэй у Абіджане, атрымаў ступень бакалаўра філасофіі, а ў 1969 годзе — Абіджанскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «гісторык»[8].

У 1971 годзе арыштаваны і заключаны ў турму на два гады за «падрыўное» навучанне[9]. Пасля вызвалення Гбагбо ў 1974 годзе стаў супрацоўнікам Інстытута гісторыі, мастацтва і афрыканскай археалогіі Абіджанскага ўніверсітэта, а ў 1980 годзе — дырэктарам інстытута[7]. У 1979 г. Гбагбо абараніў доктарскую дысертацыю ў Парыжскім універсітэце Сарбона па пытаннях івуарыйскай палітыкі[7][10].

Як значная палітычнай фігура Гбагбо ўпершыню праявіў сябе ў арганізацыі студэнцкіх пратэстаў супраць рэжыму прэзідэнта Уфуэ-Буаньі ў 1982 годзе. Пасля падаўлення пратэстаў вымушаны з’ехаць у Францыю, дзе заняўся распрацоўкай ідэалогіі створанай ім партыі Івуарыйскі народны фронт[11]. У 1983 г. Ларан Гбагбо публікуе ў выдавецтве «Арматан» (l'Harmattan) артыкул «Кот-д’Івуар за дэмакратычную альтэрнатыву»[8].

28 кастрычніка 1990 года Ларан Гбагбо выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары, але прайграў іх, набраўшы 18,32% галасоў[12]. У тым жа годзе ён здолеў стаць дэпутатам Нацыянальнай Асамблеі.

У 1992 годзе асуджаны на 2 гады па абвінавачваннях у падбухторванні беспарадкаў і апынуўся ў турме, аднак быў вызвалены датэрмінова у тым жа годзе. Прэзідэнцкія выбары 1995 года Гбагбо байкатаваў разам з іншымі значнымі апазіцыянэрамі[11].

22 кастрычніка 2000 года ў краіне прайшлі прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў Ларан Гбагбо, ён набраў 59,36% галасоў[12].

Пасля прыходу да ўлады Гбагбо абмяркоўвалася магчымасць аб’явы новых прэзідэнцкіх выбараў, бо ваенная хунта не дапусціла да выбараў многіх папулярных апазіцыянераў, найперш за ўсё Аласана Уатару. Прэзідэнт, аднак, на гэта не пайшоў, што выклікала рост нестабільнасці. У студзені 2001 года адбылася спроба звяржэння Гбагбо. Для развязання палітычнага крызісу на працягу 2001—2002 гадоў былі прыкладзены намаганні па стварэнні кааліцыйнага ўрада з удзелам усіх палітычных сіл. У сакавіку 2001 года былі праведзены муніцыпальныя выбары, на якія былі дапушчаны ўсе партыі (прыхільнікі Уатары выйгралі выбары ў многіх муніцыпалітэтах на поўначы краіны). У 2002 годзе было праведзена некалькі раўндаў перамоваў з рознымі палітычнымі сіламі. Да ўдзелу былі запрошаны не толькі Геі, але і скінуты ў 1999 годзе Бед’е. У жніўні 2002 года сфарміраваны кааліцыйны кабінет, куды ўвайшлі ўсе апазіцыйныя партыі[11]. Намаганні былі перакрэслены распачатай у верасні 2002 года грамадзянскай вайной.

Грамадзянская вайна

[правіць | правіць зыходнік]

19 верасня 2002 года, скарыстаўшыся тым, што Гбагбо знаходзіўся з візітам у Італіі, некалькі сотняў вайскоўцаў паднялі мяцеж, атакавалі ўрадавыя будынкі і ваенныя аб'екты ў шэрагу буйных гарадоў Кот-д’Івуара, у тым ліку ў эканамічнай сталіцы краіны Абіджане. Мяцежныя вайскоўцы ўзялі пад кантроль прыкладна палову тэрыторыі краіны — паўночную яе частку. Паўднёвая частка Кот-д’Івуара засталася пад кантролем Гбагбо, хоць на яе тэрыторыі таксама былі салдацкія выступленні, падаўленыя вернымі прэзідэнту часцямі. Патрабаванні паўстанцаў тычыліся асабліва «паўночных» праблем: вырашэнне пытання з асобамі без грамадзянства, прадастаўленне выбарчых правоў і прадстаўніцтва ў органах улады[11].

У жніўні 2003 года стала вядома, што праваахоўнымі органамі Францыі была раскрыта «змова з мэтай дэстабілізацыі рэжыму прэзідэнта Гбагбо, накіраваны супраць французскіх інтарэсаў у рэгіёне». У Францыі, у прыватнасці, былі арыштаваны 18 чалавек, якім прад’явілі абвінавачанне ў арганізацыі перавароту ў Кот-д’Івуары і змове з мэтай забойства Ларана Гбагбо[13].

4 лістапада 2004 года Гбагбо аддаў войскам загад рушыць на поўнач краіны і раззброіць паўстанцаў. 6 лістапада авіяцыя Кот-д’Івуара падчас бамбардзіроўкі атрадаў паўстанцаў у раёне горада Буаке, нанесла ўдар па пазіцыях французскіх міратворцаў, у выніку загінула 9 вайскоўцаў і 1 амерыканец са складу гуманітарнай місіі, яшчэ 40 чалавек былі паранены[14]. У адказ прэзідэнт Францыі Жак Шырак аддаў загад французскай авіяцыі нанесці адказавы ўдар і праз некалькі гадзін ВПС Францыі цалкам знішчылі ВПС Кот-д’Івуара[15].

У 2005 годзе павінны былі адбыцца прэзідэнцкія выбары. Гбагбо быў гатовы іх арганізаваць на кантраляванай ім тэрыторыі, аднак пад ціскам міжнароднай грамадскасці яны былі адкладзены[11].

Пры міжнародным пасярэдніцтве Буркіна-Фасо канфлікт быў урэгуляваны. На падставе мірнага пагаднення 4 сакавіка 2007 года адбылося прызначэнне лідара паўстанцаў Гіём Саро прэм’ер-міністрам. Фактычна захоўваўся статус-кво, які быў з 2002 года. Гбагбо прызнаваўся прэзідэнтам, але яго фактычны ўплыў на поўначы краіны быў мінімальным[11].

Івуарыйскі крызіс i звяржэнне

[правіць | правіць зыходнік]

28 лістапада 2010 года ў Кот-д’Івуары прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле папярэдніх даных, апублікаваных Цэнтрвыбаркама 2 снежня, перамогу на выбарах атрымаў намеснік дырэктара-распарадчыка Міжнароднага валютнага фонду і былы прэм’ер-міністр краіны Аласан Уатара (54,10% галасоў супраць 45,90% за Гбагбо), але на наступны дзень Канстытуцыйны савет абвясціў пераможцам Гбагбо (51,45% галасоў супраць 48,55% за Уаттару)[12]. Пры гэтым вынікі выбараў у сямі рэгіёнах на поўначы, дзе пераважна падтрымлівалі Уатару, былі ануляваны[16].

І Гбагбо, і Уатара прынялі прысягу і абвясцілі сябе прэзідэнтамі. Пры гэтым узброеныя сілы Кот-д’Івуара абвясцілі пра сваю лаяльнасць Гбагбо, а частка замежных сіл (ЗША, Францыя, Еўрапейскі Саюз, Афрыканскі саюз, Эканамічная супольнасць краін Заходняй Афрыкі і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый) прызналі Уатару законна абраным прэзідэнтам краіны. У Кот-д’Івуары ўзняўся востры палітычны крызіс.

30 сакавіка 2011 года ўзброеныя фарміраванні, верныя Аласану Уатары, узялі сталіцу краіны — Ямусукра[17]. У ноч на наступны дзень Савет Бяспекі ААН увёў санкцыі супраць Гбагбо, забараніўшы, у прыватнасці, яму, ягонай жонцы і бліжэйшаму атачэнню выезд за мяжу, а таксама заклікаў яго неадкладна адмовіцца ад улады[18].

4 красавіка верталёты місіі ААН у Кот-д'Івуары і французскія ВПС нанеслі авіяўдары па палацы і рэзідэнцыі Гбагбо ў Абіджане, а таксама па базах яго арміі ў Агбане і Акуэдо[19]. У тэлефонным інтэрв’ю журналістам французскага тэлеканала «TF-1» Ларан Гбагбо заявіў з гэтай нагоды: «Да гэтага мы вялі вайну супраць мяцежнікаў, але не супраць Францыі. У панядзелак жа Парыж у адкрытую выступіў супраць нас. Французскія сілы нанеслі ўдары па рэзідэнцыі, па палацы. Быў разбураны будынак тэлеканала РТІ». Ён таксама дадаў, што «Французы перакідвалі атрады мяцежнікаў, іх тэхніку, раздавалі ім боепрыпасы. Гэта ёсць прамы ўдзел Францыі ў канфлікце»[20].

10 красавіка французскія інтэрвенты зноў нанеслі ўдары па пазіцыях сіл Гбагбо ў Абіджане[21]. На наступны дзень Гбагбо быў захоплены французскім спецназам і перададзены прыхільнікам Уатары[22]. 18 жніўня 2011 года ён быў абвінавачаны і ўзяты пад варту за «эканамічныя злачынствы» (нямэтавае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў, хабарніцтва, прысваенне народнай уласнасці).

30 лістапада 2011 Ларан Гбагбо быў дастаўлены ў Гаагу (Нідэрланды), дзе стаў перад Міжнародным крымінальным судом. Яму выстаўлены абвінавачванні ў злачынствах супраць чалавецтва, учыненыя падчас узброенага канфлікту ў Кот-д’Івуары (2010—2011)[23]. 9 сакавіка 2015 годзе жонка Гбагбо Сымона была прызнана вінаватай у «спробе падрыву нацыянальнай бяспекі Кот-д’Івуара» і асуджана да 20 гадоў пазбаўлення волі[24]. 28 студзеня 2016 года ўжо ў міжнародным судзе пачаліся слуханні па справе самога экс-прэзідэнта. Назіральнікі адзначаюць, што Гбагбо стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, які асабіста стаў перад судом.

15 студзеня 2019 года Гбагбо быў апраўданы Міжнародным крымінальным судом[25]. Пасля вызвалення з-пад варты яму было дазволена пасяліцца ў Бельгіі. На час разгляду апеляцыі на апраўдальны прысуд палітык павінен быў здаць замежны пашпарт і іншыя пасведчанні асобы, не пакідаць раён пражывання без дазволу суда і штотыдзень адзначацца ў праваахоўных органах Бельгіі. У маі 2020 года большая частка абмежаванняў была знята, але свабода перамяшчэнняў былога прэзідэнта засталася часткова абмежаванай — яму забаранілі вяртацца на радзіму[26].

  1. Laurent Gbagbo // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Laurent Gbagbo // Brockhaus Enzyklopädie
  3. https://www.lemonde.fr/international/article/2023/07/01/laurent-et-simone-gbagbo-la-fin-du-couple-le-plus-politique-de-cote-d-ivoire_6180157_3210.html#:~:text=Laurent%20Gbagbo%20et%20Simone%20Ehivet%20Gbagbo%20s%E2%80%99%C3%A9taient%20mari%C3%A9s,divorc%C3%A9%20trente-quatre%20ans%20plus%20tard%2C%20le%2029%20juin.
  4. https://www.universalis.fr/encyclopedie/laurent-gbagbo/
  5. Encyclopædia UniversalisEncyclopædia Britannica, 1968.
  6. https://www.editions-harmattan.fr/index.asp?navig=auteurs&obj=artiste&no=985
  7. а б в "Laurent Gbagbo"(англ.). Encyclopædia Britannica.
  8. а б "Лоран ГБАГБО"(руск.). Справочник "Коммерсантъ Власть". Архівавана з арыгінала 7 красавіка 2011. Праверана 19 студзеня 2019.
  9. Murail, Beatrice (31 January 2003). "Profile: Laurent Gbagbo". BBC News.
  10. Екатерина Адамова, Кирилл Новиков, Антон Парыгин, Максим Сухманский, Анна Чернико (2003-09-01). "Все мировые лидеры"(руск.). Журнал "Коммерсантъ Власть".{{cite news}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)
  11. а б в г д е Кусов, Виталий. "Лоран Гбагбо: президент Кот д'Ивуара, биография и правление". Правители Африки: XXI век [руская]. Праверана 2018-07-20.
  12. а б в "Elections in Côte d'Ivoire"(англ.). AFRICAN ELECTIONS DATABASE.
  13. ВЛАДИМИР Ъ-НЕТРЕБА (2003-08-29). "Спецслужбы раскусили шоколадный заговор"(англ.). Газета "Коммерсантъ".
  14. АЛЕКСАНДР Ъ-ГАБУЕВ (2004-11-09). "Жак Ширак получил свой Ирак"(руск.). Газета "Коммерсантъ".
  15. Сергей Карамаев (2004-11-09). "Ширак рискует оставить мир без шоколада"(руск.). "Лента.Ру".
  16. "Кризис в Кот-д'Ивуаре: два президента борются за власть"(руск.). Русская служба би-би-си. 2010-12-04.
  17. Павел Тарасенко (2011-04-01). "Кот-д`Ивуар свергает двоевластие". Газета "Коммерсантъ".
  18. "Совбез ООН ввел санкции против режима Гбагбо в Кот`д-Ивуаре"(руск.). "Российская газета". 2011-03-31.
  19. "Сторонники "кандидата ООН" захватили резиденцию действующего президента Кот-д'Ивуара". NEWSru.com. 2011-04-05.
  20. "Франция развязала войну против Кот-д'Ивуара, считает пока еще президент Лоран Гбагбо". NEWSru.com. 2011-04-06.
  21. "Миротворцы в Кот-д'Ивуаре обстреляли резиденцию Гбагбо". Lenta.ru. 2011-04-10.
  22. "Миротворцы выдали Гбагбо оппозиции". Lenta.ru. 2011-04-11.
  23. "Гбагбо предъявили обвинения в совершении преступлений против человечества". Росбалт. 2011-11-30.
  24. Бывшую первую леди Кот-д'Ивуара приговорили к 20 годам тюрьмы: Мир: Lenta.ru
  25. Суд в Гааге оправдал бывшего президента Кот д'Ивуара. Русская служба Би-би-си (15 студзеня 2019). Праверана 16 студзеня 2019.
  26. Алексей Алексеев. Кот, ранее известный как Берег // Коммерсантъ, 15 августа 2020