Буркіна-Фасо

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Буркіна-Фасо
фр.: Burkina Faso
Flag of Burkina Faso.svg Герб Буркіна-Фасо
Сцяг Буркіна-Фасо Герб Буркіна-Фасо
Location Burkina Faso AU Africa.svg
Дэвіз: «фр.: Unité, Progrès, Justice»
Гімн: «Une Seule Nuit (L'Hymne de la victoire)»noicon
Дата незалежнасці 5 жніўня 1960 (ад Францыі)
Афіцыйная мова французская
Сталіца Уагадугу
Найбуйнейшы горад Уагадугу
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Рок Кабарэ
Поль Каба Тыеба
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
74-я ў свеце
273 187[1] км²
0,1%
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

20 107 509[2] чал. (61-я)
73,2 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$38,8 млрд[3]  (122-ы)
$1992
ІРЧП (2015) 0.402 (нізкі)[4] (185-ы)
Этнахаронім буркініец, буркінійка, буркінійцы
Валюта франк КФА
Інтэрнэт-дамен .bf
Тэлефонны код +226
Часавыя паясы +0

Буркіна́-Фасо́ (фр.: Burkina Faso [byʁkiˈna faˈso]) — дзяржава на захадзе Афрыкі, рэгіён Заходняя Афрыка Мяжуе з Малі, Тога, Кот-д'Івуарам, Нігерам, Бенінам. Сталіца — г. Уагадугу (каля 2200 тыс.чал. у 2015). Час адстае ад мінскага ўлетку на тры гадзіны, узімку — на дзве. Грашовая адзінка — франк КФА (1 долар ЗША = 480 франкам КФА). Прэзідэнт (2018) Рок Кабарэ, глава ўраду (2018) — Поль Каба Тыеба. Да 1984 года насіла назву Верхняя Вольта. Франкафонная краіна з французскай мовай як дзяржаўнай. Як і большасць краін рэгіёну адзначаецца вельмі высокімі тэмпамі росту насельніцтва, што ў сукупнасці з беднай рэсурснай базай, нестабільным кліматам і адсутнасцю выхаду да мора неспрыяльна адбіваецца на эканоміцы і робіць Буркіна-Фасо адной з бяднейшых дзяржаў свету.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

У перакладзе з мовы племені мосі «Буркіна» азначае «сумленныя людзі», а слова «фасо» з мовы племені дыўла — «зямля продкаў», што разам гучыць як «краіна сумленных людзей»

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка тэрыторыі — хвалістае плато Мосі (вышыня 200-500 м), на якім узвышаюцца асобныя ўзгоркі вышынёй да 750 м. Маюцца невялікія паклады марганцавых руд, золата, цынку, фасфарытаў, руд медзі, нікеля, тытана.

Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў выпадае ад 1000 мм на поўдні да 500 мм на поўначы. У паўночным напрамку павялічваецца працягласць сухога сезона, які дзеліцца на два перыяды: сухі зімовы сезон з лістапада па люты (сярэдняя тэмпература +25 °C), сухі гарачы сезон — з сакавіка па май (сярэдняя дзённая тэмпература +40-45 °C). Сезон дажджоў у сярэднім доўжыцца з чэрвеня па кастрычнік (+28 °C).

Высакатраўная савана

З поўначы на поўдзень цякуць рэкі Белая Вольта, Чорная Вольта (мае выток на захадзе) і Чырвоная Вольта, што зліваюцца ў адзіную Вольту ўжо на зямлі Ганы. Чорная Вольта і Камоэ — дзве ракі, што не перасыхаюць на працягу года.

З раслінных фармацый пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саваннавых лясоў, хмызнякоў. Лясы займаюць каля 9 % тэрыторыі краіны. Сустракаюцца львы, леапарды, сланы, буйвалы, антылопы. Шмат птушак і паўзуноў. На багністых берагах рэк водзяцца бегемоты, кракадзілы, вадзяныя чарапахі. У саване шмат тэрмітнікаў. На поўдні краіны распаўсюджаная муха цэцэ. На мяжы з Бенінам і Нігерам знаходзіцца першы ў Афрыцы трансгранічны нацыянальны парк W (Дубль-Вэ).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З III па XIII стагоддзе нашай эры, на тэрыторыі сучаснай паўднёва-ўсходняй Буркіна-Фасо і паўднёвым захадзе Нігера існавала культура жалезнага веку Бура. У пачатку XI стагоддзя на тэрыторыю краіны прыйшлі плямёны мосі з паўночнага ўсходу цяперашняй Ганы. Мосі падпарадкавалі сабе мясцовыя плямёны грусі і буса. На тэрыторыі сучаснай Буркіна-Фасо з XIV стагоддзя існавалі дзяржавы Уагадугу, Фадан-Гурма і Ятэнга; апошняе з XIV па XVI ст. заваявала частку тэрыторыі суседніх Малі і Сангай.

У XIX стагоддзі пачалося пранікненне французаў. З 1904 па 1919 год Верхняя Вольта (так па прычыне знаходжання у верхнім цячэнні вытокаў ракі Вольта краіну назвалі каланізатары) ўваходзіла ў французскую калонію Верхні Сенегал — Нігер (або Французская Заходняя Афрыка), затым выдзеленая ў асобную калонію. У 1947 годзе створана «Афрыканскае дэмакратычнае аб'яднанне», акое ўзначаліў Морыс Ямеага. У 1958 годзе Верхняя Вольта набывае аўтаномію. У 1960 Верхняя Вольта атрымліва незалежнасць, а Ямеага становіцца першым прэзідэнтам.

У 1966 Ямеагу зрынуў палкоўнік Сангуле Ламізана. На час яго праўлення прышйшліся самыя страшэнныя сахельскія засухі, што сталі прычынай нябачанага голаду. Ламізана зрынулі ў 1980 годзе ў выніку ваеннага перавароту на чале з Сае Замба. У 1985 годзе Замбу зрынуў 34-гадовы палкоўнік Томас Санкарэ, адзін з заснавальнікаў «Камуністычнай афіцэрскай групы», што рыхтавала пераварот яшчэ супраць Сангуле Ламізана. Томас Санкарэ, за свае левыя погляды празваны «Афрыканскім Чэ Геварам», забараніў мнагашлюбнасць і жаночае абразанне, а таксама змяніў назву краіны на Буркіна-Фасо. У 1987 годзе, у выніку чарговага перавароту, у ходзе якога забілі Томаса Санкарэ і некалькіх яго паплечнікаў, да ўлады прыйшоў Блэйз Кампарэ[5]. У 1990-х Кампарэ змяніў канстытуцыю так, каб заставацца дыктатарам фактычна пажыццёва. Тым не менш, у 2014 яму спатрэбіўся чарговы рэферэндум, каб працягнуць сваю ўладу яшчэ на 5 гадоў. Падрыхтоўка да рэферэндуму выклікала незадаволенасць, буркінійцы выйшлі на масавыя дэманстрацыі, і 30 кастрычніка 2014 года рэжым быў зрынуты.[6]. У верасні наступнага года в.а.прэзідэнта Мішэля Кафандо арыштаваў самаабвешчаны «Нацыянальны савет дэмакратыі», аднак праз два тыдні спроба перевароту была ліквідавана. Палітычнае жыццё краіны ўвайшло ў дэмакратычнае рэчышча.

Дзяржаўны лад і адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт, які абіраецца на пяцігадовы тэрмін. Урад ачольвае прэм’ер-міністр. Заканадаўчы орган — дзвюхпалатная Нацыянальная Асамблея. Па выніках выбараў 29 лістапада 2015 г. найбуйнейшая партыя з тых, што прадстаўлены ў парламенце — Народны рух за прагрэс (55 дэпутатаў), другая - Саюз за прагрэс і рэформы (33 дэпутаты) і трэцяя - Кангрэс за дэмакратыю і прагрэс (18 дэпутатаў). У парламенце прадстаўлены яшчэ 11 партый (ад 5 да 1 дэпутата).

Буркіна-Фасо падзелена на 13 абласцей, 45 правінцый і 301 дэпартамент.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Натуральны прырост у 2017 склаў 3 %[7], адзін з найвышэйшых у свеце паказчыкаў, зрэшты, тыповы для Заходняй Афрыкі. Сярэдняму буркінійцу сёння ўсяго 17 гадоў (2017)[8]. Міграцыйны адток практычна адсутнічае, хаця многія буркінійцы занятыя на сезонных працах у суседнім Кот-д’Івуары.

Насельніцтва належыць да дзвюх этнічных груп: гур (уключае мосі, буйнейшы народ краіны, 48 %, а таксама народы сісала, боба і інш.), і мандэ. У краіне размаўляюць на 69 тубыльскіх мовах, таму дзяржаўная мова — французская. Рэлігійны склад: 61,5 % — мусульмане, каталікі — 23,3 %, пратэстанты — 6,5 %, прадстаўнікі традыцыйных верванняў — 7,8 %[9]

Большасць насельнітва засяроджана на крайнім поўдні і захадзе краіны. Узровень урбанізацыі у 2017 годзе склаў 31 % пры штогадовым росце колькасці гарадскога насельніцтва на 5 %[10]. Буйнейшая агламерацыя — Уагадугу (па розных ацэнках ад 2,2 да 2,7 млн чал у 2015), другі горад — Боба-Дыуласа (каля 550 тыс.чал).

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Грашовая адзінка — франк КФА. ВУП на душу насельніцтва — каля 2000 долараў (2018).

Наземнае абсталяванне шахты па здабычы золата

Вельмі высокія тэмпыросту насельніцтва, што ў сукупнасці з беднай разведанай рэсурснай базай, нестабільным кліматам і адсутнасцю выхаду да мора неспрыяльна адбіваецца на эканоміцы і робіць Буркіна-Фасо адной з бяднейшых дзяржаў свету. Вельмі высокі ўзровень карупцыі. Значную частку ВУП фарміруе міжнародная дапамога. 90 % працуючых займаюцца натуральнай сельскай гаспадаркай, якая пакутуе ад частых засух. Асноўная экспартная культура - бавоўна. Таксама вырошчваюцца арахіс, алейная пальма, сорга, кукуруза. Гадуюцца авечкі і козы. Вядзецца здабыча золата і цынку. Буркіна-Фасо — чацвёрты ў Афрыцы вытворца золата.[11] Апрацоўчай прамысловасць прадстаўлена вырабам напояў, апрацоўкай бавоўны. 81 % буркінійскага экспарту ў 2016 годзе склалі золата (58 %), цынк і бавоўна[12]

У канцы лістапада 2017 дала токСонечная электрастанцыя магутнасцю 33 МВт у Загтулі, недалёка ад Уагадугу. На той момант гэта быў самы вялікі аб'ект сонечнай энергетыкі ў Заходняй Афрыцы[13]

Гаспадарчая інфраструктура была створана ў каланіяльны час, тады ж былі акрэсленыя напрамкі спецыялізацыі. У 1934 годзе французы пабудавалі чыгунку да Абіджана. З цягам часу гэтая інфраструктура прыходзіць у заняпад.

Святы[правіць | правіць зыходнік]

Святочныя і непрацоўныя дні: Новы год, 3 студзеня, канец Рамадана, першы панядзелак пасля Вялікдня, 1 мая, Табаскі, Ушэсце, 4 жніўня — Дзень Рэвалюцыі, Дзень нараджэнні прарока Мухамеда, 15 жніўня, 11 снежня — Дзень Незалежнасці (з 1993), Каляды. Выходны — нядзеля.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Буркіна-Фасо з'яўляецца адной з вядучых афрыканскіх краін у галіне кінематографа. Ідрыс Уэдраага з фільмам «Закон» (1990) стаў адзіным (на 2016 год) афрыканскім рэжысёрам, хто атрымаў Гран-пры Канскага кінафестывалю. У краіне кожны няцотны год праводзіцца «Фестываль кіно і тэлебачання краін Афрыкі» ў Уагадугу.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

Жанатан Пітруапа

Буркіна-Фасо прымала ўдзел у 9 летніх Алімпійскіх гульнях. Краіна дэбютавала на летніх Алімпійскіх гульнях у Мюнхене пад назвай Верхняя Вольта, аднак затым прапусціла Гульні ў Манрэалі, Маскве і Лос-Анджэлесе, вярнуўшыся ў алімпійскую сям’ю толькі ў 1988 годзе на Гульнях у Сеуле ўжо пад назвай Буркіна-Фасо. З тых часоў спартсмены Буркіна-Фасо ўдзельнічалі ва ўсіх летніх Гульнях. На жаль, у скарбонцы Буркіна-Фасо няма ніводнага алімпійскага медаля. Хочацца верыць, што краіна сумленных людзей абавязкова парадуе сваіх заўзятараў у 2020 годе ў Токіа.

Найболь папулярным відам спорту ў Буркіна-Фасо з'яўляецца футбол. Зборная Буркіна-Фасо па футболе ніколі не прабівалася на Чэмпіянат свету, але на афрыканскім ўзровені з канца 1990-х года выступае даволі паспяхова. Асноўныя поспехі прышліся на 2010-я: выхад у фінал Кубка афрыканскіх нацый 2013 года, дзе буркінійцы саступілі зборнай Нігерыі (0: 1); трэцяе месца на КАН было здабыта ў 2017, хоць ад выхаду ў фінал зборную аддзяліў адзін паспяховы 11метровы стрэл. Лідэрами зборнай у XXI стагоддзя з’яўляліся і застаюцца такімі гульцы як Жанатан Пітруапа, Мумунь Дага, Шарль Кабарэ, Ален Траарэ. Героямі Кубка Афрыканскіх нацый 2017 сталі Арыстыд Бансэ і Прэджус Накульма, якія падхапілі буркінійскі сцяг з рук траўмаванага Пітруапы. Амаль усе вядучыя буркінійскія гульцы атрымалі футбольную адукацыю ў французскіх клубах.

На тэрыторыі краіны праходзіць штогадовая міжнародная велагонка Тур ёй Фасо, якая з'яўляецца афрыканскім аналагам Тур дэ Франс.

Умовы прыезду[правіць | правіць зыходнік]

Дабрацца да сталіцы Буркіна-Фасо — Уагадугу можна праз сталіцы еўрапейскіх дзяржаў. Найбольш інтэнсіўная авіясувязь з Парыжам. Для ўезду ў Буркіна-Фасо абавязковыя: кароткатэрміновая віза (можна аформіць у аэрапорце Уагадугу на тэрмін да трох месяцаў) або доўгатэрміновая віза (афармляецца ва Упраўленні іміграцыйнага кантролю Міністэрства бяспекі на тэрмін да аднаго года). Абавязкова прышчэпка супраць жоўтай ліхаманкі, настойліва рэкамендуюцца прышчэпкі супраць дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, менінгіту А і C, тыфу, гепатыту А і B. Па прыбыцці ў краіну мэтазгодна звязацца з консульскай установай сваёй краіны (для грамадзян Беларусі гэта консульства Расіі ў Рэспубліцы Кот-д'Івуар) з тым, каб атрымаць рэкамендацыі па нормах асабістай бяспекі з улікам асаблівасцей унутранай сітуацыі ў краіне. Абмежаванняў на ўвоз і вываз замежнай і мясцовай валюты няма. Пры вывазе з краіны прадметаў старажытнасці патрабуецца дазвол Савета па ахове нацыянальных і культурных помнікаў.

Вялікая мячэць у Боба-Дыуласа

Некаторыя цікавінкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Пераклад назвы Уагадугу паводле красамоўнасці не саступае назве краіны. Уагадугу азначае «месца дзе людзі займелі пашану»
  • Сярод усіх непаўторных гарадоў Буркіна-Фасо архітэктурнай спадчынай вылучаецца Боба-Дыуласа. Тут можна ўбачыць мячэць канца пазамінулага стагоддзя і вакзал каланіяльных часоў, пабудаваныя ў Судана-Сахельскім стылі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]