Ложа акіяна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ложа акіяна

Ложа акіяна — найбуйнейшая планетарная мегаструктура, якая ўяўляе сабой усё акіянічнае дно, абмежаванае актыўнымі і пасіўнымі кантынентальнымі ўскраінамі. Адпавядае вобласці распаўсюджвання зямной кары акіянічнага тыпу. Уключае найбуйнейшыя формы рэльефу: сярэдзінна-акіянічныя хрыбты, глыбакаводныя катлавіны, акіянічныя жолабы, падводныя горы і хрыбты. У тыповым выпадку складаецца з падмурка, які ўтвораны ў верхняй частцы базальтамі, і чахла глыбакаводных асадкаў, прадстаўленых чырвонымі глыбакаводнымі глінамі, вапняковым біягенным глеем.

Ад восі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў у бакі катлавін дно паступова зніжаецца ад 2500—3000 да 5500-—6000 метраў. Рэзка расчлянёны рэльеф хрыбтоў змяняецца плоскай паверхняй абісальных катлавін. Магутнасць асадкавага чахла ўзрастае ад нулявой ля восі хрыбтоў да 600—1000 метраў у цэнтры катлавін, а ўзрост падэшвы асадкаў становіцца ўсё больш старажытным, аж да верхняга юрскага перыяду. Базальтавы падмурак нарошчваецца за кошт вылівання лавы ў вузкіх восевых зонах сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў. Асадкавыя матэрыялы паступова засыпаюць няроўнасці і згладжваюць рэльеф. У глыбакаводных жолабах ложа акіяна рэзка згінаецца і апускаецца да глыбінь у 8000—10 000 метраў, а месцамі і яшчэ глыбей. З боку акіяна глыбакаводныя жолабы суправаджаюцца краявымі валамі вышынёй да 500 метраў, ускладненыя лінейнымі вулканічнымі хрыбтамі і шматлікімі падводнымі гарамі. Большасць з іх мае вулканічнае паходжанне і ўзнікла з прычыны падводных вывяржэнняў.

Вяршыні некаторых гор і хрыбтоў выступаюць вышэй за ўзровень мора, утвараючы акіянічныя астравы (Гаваі, востраў Пасхі, Востраў Святой Алены, Азорскія астравы), іншыя ўвянчаныя каралавымі будынкамі (каралавыя атолы).

На вялікіх прасторах абісальных катлавін распаўсюджаныя жалезнамарганцэвыя канкрэцыі. Уздоўж ускраін некаторых кантынентаў (Афрыка, Паўднёвая Амерыка) фармуюцца фасфарыты. Уздоўж восі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў, паралельна са з’яўленнямі базальтаў, назіраецца інтэнсіўная гідратэрмальныя актыўнасць, з якой звязаныя адклады сульфідных руд у базальтавым пласце. З зонамі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў звязана вынясенне карысных кампанентаў у марскую ваду з далейшым адкладаннем у выглядзе металаносных адкладаў ва ўпадзінах каля іх (упадзіна Баўэрс у Ціхім акіяне).