Перайсці да зместу

Лоскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замак
Лоскі замак
54°15′44″ пн. ш. 26°26′05″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Стан не захаваўся
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ло́скі замак — абарончае збудаванне ў мястэчку Лоск у Вялікім Княстве Літоўскім (сучасная в. Лоск Валожынскага раёна). Існаваў у XIVXVIII ст. на прыродным узвышшы, паміж рэчкамі Казлоўка і Верасоўка (прытокі Бярэзіны). Мясцовая назва Замчышча, Замак[1].

Замак меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія стаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара 1621 года, было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Гародні мелі зверху баявыя галерэі з байніцамі і абламамі, накрытыя двухсхільнай гонтавай страхой. На дзядзінцы стаялі 2 двухпавярховыя палацы[2][3]. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На першым паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на другім, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар.

Захавалася замчышча на паўднёва-ўсходняй ускраіне в. Лоск. Яго пляцоўка авальная, памер 75x160 м, вышыня 12—15 м, схілы замкавай гары аплылі. Абследавалі ў 1956 годзе Л. Аляксееў, у 1985 годзе Я. Звяруга, раскопкі праводзілі ў 1987 годзе 3. Пазняк і М. Чарняўскі, у 1988—1989 гадах З. Пазняк і Г. Сагановіч, у 1990 годзе Г. Сагановіч і Ю. Бохан, у 1991 годзе Ю. Бохан. У 1990 і 1991 гадах у раскопках прымалі ўдзел студэнты будаўнічага атрада і клуба «Нашчадкі» Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

Даследавана каля 400 м², культурны пласт 1—2 м.

У перадмацерыковым пласце знойдзены фрагменты ляпнога посуду культуры штрыхаванай керамікі. Вышэй залягаюць раннесярэдневяковыя напластаванні. Знойдзены рэшткі гаршкоў (ёсць донцы са свастыкай), шматлікія жалезныя вырабы, асабліва цыліндрычныя замкі, кавалачкі керамічных плітак падлогі XIXIII стст.; больш за 10 фрагментаў рознакаляровых шкляных бранзалетаў кіеўскай і візантыйскай вытворчасці (гладкіх, гранёных і вітых), шкляныя пярсцёнкі і пацеркі, блізкія да візантыйскіх тыпаў, нарыхтоўкі і пацеркі з бурштыну, самшытавыя грабеньчыкі, шмат шыферных прасліц, кавалкі амфар, сярэбраныя нацельныя крыжыкі, касцяныя вырабы. Нарыхтоўкі і абрэзкі костак і рагоў сведчаць пра наяўнасць касцярэзнай вытворчасці. У познасярэдневяковых пластах выяўлены кухонны і сталовы посуд XIVXVII стст. (у асноўным непаліваныя гаршкі, міскі, макотры, рынкі, збаны і інш.), фрагменты кафлі (з зялёнай палівай і паліхромныя), жалезныя вырабы (нажы, шпоры і інш. рыштунак конніка), рэшткі рэйнскай каменнай вазы, багаты астэалагічны матэрыял — рогі тураў, аленяў, ласёў, іклы дзікоў і інш. Бліжэй да вала выяўлены груды рознапамерных камянёў. У пласце XIIXIII стст. ускрыты рэшткі драўляных пабудоў — зрубаў хат.

Вынікі археалагічных даследаванняў былі падсумаваны ў кандыдацкай дысертацыі і манаграфіі Ю. Бохана[4].

Зноскі