Любоў Мікалаеўна Уладыкоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Любоў Мікалаеўна Уладыкоўская
Дата нараджэння 14 лютага 1967(1967-02-14) (57 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Дзеці двое
Род дзейнасці культуролаг, грамадскі дзеяч
Навуковая сфера культуралогія[1], літаратуразнаўства[1] і рэдагаванне[d][1]
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар
Узнагароды

Любоў Мікалаеўна Уладыкоўская (англ.: Liubou Uladykouskaja; у 1990—2006 гадах — Любоў Мікалаеўна Канаплянік; нар. 14 лютага 1967, Падарэссе, Старадарожскі раён, Мінская вобласць) — беларускі культуролаг, грамадскі дзеяч, асветніца. Заснавальнік і генеральны дырэктар установы «Міжкультурны дыялог»[2], стыпендыят праграмы Фулбрайта (2014—2015, Універсітэт Фларыды, ЗША).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Беларуска, каталічка. Скончыла Паўстынскую сярэднюю школу (Слуцкі раён) з залатым медалём (1984), філалагічны факультэт БДУ з дыпломам з адзнакай (1989), аспірантуру на кафедры гісторыі беларускай літаратуры (1992) і дактарантуру на факультэце міжнародных адносін БДУ (2009). У 1993 г. абараніла дысертацыю «Канцэпцыя нацыянальнага светапогляду ў творчасці Янкі Лучыны»[3].

Працуючы ў Міністэрстве адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь у 1994—1998 гг., шмат зрабіла для беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў i пашырэння беларускай мовы і культуры ў сферы адукацыі і навукі[4][5], для ўмацавання беларускай ідэнтычнасці і дэмакратызацыі грамадства[6]. Дзеля распрацоўкі беларускай тэрміналогіі дамаглася стварэння Тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі і навукі (1995)[7].

Актыўна садзейнічала беларусізацыі Каталіцкага Касцёла. Ініцыявала зварот да Яна Паўла Другога з просьбай аб падтрымцы беларускай дзейнасці кс. Уладзіслава Завальнюка, у супрацоўніцтве з якім пазней стварыла хрысціянскі інтэлектуальны клуб і займалася асветніцкай дзейнасцю[8][9]. З Блаславення Кардынала Казіміра Свёнтка ў 1996 г. стала намеснікам старшыні Арганізацыйнага камітэта па стварэнні Каталіцкага ўніверсітэта ў Мінску[10]. Падтрымала ідэю стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта[11].

У снежні 1998 г., атрымаўшы падтрымку Вучонай Рады, узначаліла Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф.Скарыны, які набыў новае дыханне праз актывізацыю філасофскага і хрысціянскага напрамкаў[12][13]. Павялічылася колькасць навуковых тэмаў і асветніцкіх праектаў, быў створаны аддзел Праблем хрысціянства і нацыянальнага развіцця, у Цэнтр былі запрошаныя вядомыя беларусазнаўцы Віталь Скалабан, Іван Саверчанка, Леанід Лыч, Мікола Крукоўскі, Анатоль Грыцкевіч і інш., умацавалася матэрыяльная база[14]. Ініцыятыва распрацоўкі стратэгіі нацыянальна-культурнага і духоўнага развіцця Беларусі ва ўмовах глабалізацыі была падтрымана ЮНЕСКА[15]. Выступала ў мас-медыя з ідэяй стварэння Інстытута Беларусі[16][17]. У 2004 г. на хвалі барацьбы з беларушчынай пад маркай скарачэння колькасці юрыдычных асобаў Савет Міністраў рэарганізаваў Скарынаўскі цэнтр і далучыў яго да Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка[18][19]. У знак пратэсту ў чэрвені 2004 г. Любоў Уладыкоўская падала ў адстаўку.

З 2004 г. працавала на розных пасадах у Беларускім дзяржаўным універсітэце і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова». Перыядычна праходзіла навуковыя стажыроўкі і ўдзельнічала ў міжнародных праектах у Польшчы, Германіі, Літве, Украіне, Францыі, Нарвегіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША.

З 2008 г. пасля наведвання ЗША па праграме абмену амерыканскага ўрада пачала рапрацоўваць праблему захавання культурнай самабытнасці[20] і развіцця міжкультурнага дыялогу, прыцягнуўшы да гэтага пытання ўвагу інтэлектуальнай і творчай эліты Беларусі, дыпламатаў, бізнес-колаў, святароў[21]. У 2010 г. заснавала Цэнтр міжкультурнага дыялогу пры Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, у 2012 г — установу «Міжкультурны дыялог». З 2010 г. займаецца даследаваннем і папулярызацыяй амерыканістыкі ў Беларусі[22][23]. Рэалізавала шэраг міжнародных праектаў, сярод якіх „Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця” (2011—2012)[24].

Разам з В. Шалатоніным уключыла ў беларускі навукова-культурны кантэкст спадчыну Георгія Лахоўскага[25]. У цяперашні час працягвае даследаваць духоўныя ідэалы беларускага грамадства і паслядоўна выступае за яго нацыянальнае адраджэнне і маральнае аздараўленне[26].

Працы[правіць | правіць зыходнік]

Любоў Уладыкоўская — аўтар міжнародных праектаў і грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне беларускай суб’ектнасці і развіццё міжкультурнага дыялогу, а таксама некалькіх універсітэцкіх курсаў і каля 300 навуковых і навукова-папулярных прац, у тым ліку 7 аўтарскіх манаграфій.

Зноскі

  1. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Сайт установы «Міжкультурны дыялог»
  3. Уладыкоўская, Л., Беларусь існуе там, дзе жыве беларуская мова [Інтэрв’ю] // Часопіс Верасень № 2 (7), 2012.
  4. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Каб не ўмерлі / Л. Уладыкоўская-Канаплянік // Літаратура і мастацтва. — 1994. — 21 кастрычніка. — С. 5, 12
  5. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Верыць у Беларусь / Л.Уладыкоўская-Канаплянік // Літаратура і мастацтва. — 1997. — 26 снежня. — С. 5, 14 — 15.
  6. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Прыняць і падтрымаць беларушчыну / Л. Уладыкоўская-Канаплянік // Літаратура і мастацтва. — 1998. — 30 кастрычніка.
  7. Centrum Naukowo-Analityczne «Białoruska Perspektywa»: Kto jest kim w Białorusi. Białystok: Podlaski Instytut Wydawniczy, 2000, ISBN 83-913780-0-4.
  8. Уладыкоўская-Канаплянік, Л., кс. Завальнюк, У. Прыйшлі, каб служыць / Л. Уладыкоўская-Канаплянік, кс. У. Завальнюк // Літаратура і мастацтва. — 1998. — 29 мая.
  9. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Пераемнікі філарэтаў і філаматаў / Л. Уладыкоўская-Канаплянік // Літаратура і мастацтва. — 1998. — 20 сакавіка.
  10. Уладыкоўская, Л. Грыцкевіч ствараў такую Беларусь, якой яна павінна быць / Л. Уладыкоўская. — Рэжым доступу: https://www.svaboda.org/a/26805828.html. - Дата доступу: 21.01.2015.
  11. Уладыкоўская-Канаплянік, Л., Нацыянальны універсітэт і дзяржава патрэбны адзін аднаму. Інтэрв’ю // Звязда. — 2000. — 12 лютага., 2000.
  12. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. «Ад краязнаўства — да філасофіі культуры»: Інтэрв’ю / Зап. Кірылы Пазняка // Літаратура і мастацтва. — 2000. — 18 лютага.
  13. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Свядомы выбар беларускіх асветнікаў // Інтэрв’ю часопісу «Благодать». — 2001. — № 10 (64). — С.8 — 11.
  14. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Зірнем праўдзе ў вочы. Праблема нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі і роля Скарынаўскага цэнтра / Л. Уладыкоўская-Канаплянік // Літаратура і мастацтва. — 2000. — 7 ліпеня.
  15. Уладыкоўская-Канаплянік, Л., Зелянкоў, А., Стражаў, В. Асновы стратэгіі нацыянальна-культурнага і духоўнага развіцця Беларусі ва ўмовах глабалізацыі / Л. Уладыкоўская-Канаплянік, А. Зелянкоў, В. Стражаў // Беларусь — XXI ст.: нацыянальна-культурнае і духоўнае развіццё : матэр. Міжнар. навук.-практ. канф., Мінск, 10-12 снеж. 2003 г. / ННАЦ імя Ф. Скарыны; рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік і інш.. — Мінск : ННАЦ імя Ф. Скарыны, 2004. — С. 20 — 37.
  16. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Чаму патрэбны Інстытут Беларусі? // Народная газета. — 2002. — 7 мая., 2002.
  17. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Інстытут Беларусі — мара ці рэальнасць? / Л. Уладыкоўская-Канаплянік // Народная воля. — 11 верасня. — 2002.
  18. Аксак, В. Націск на Скарынаўскі цэнтр. Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/a/24835324.html - Дата доступу: 25.01. 2001.
  19. Ліквідацыя Цэнтра імя Ф. Скарыны ў Менску. http://www2.polskieradio.pl/eo/print.aspx?iid=9446 Дата доступу: 07.04.2004.
  20. Уладыкоўская, Л. Як захаваць культурную самабытнасць? / Л. Уладыкоўская. — Мінск, 2010. — 116 с.
  21. Уладыкоўская, Л. Міжкультурны дыялог: амерыканская парадыгма / Л.Уладыкоўская. — Мінск: Установа «Міжкультурны дыялог», 2014. — 92 с.
  22. Уладыкоўская, Л. Адкрыццё маёй Амерыкі, або навошта беларусам ЗША? / Л.Уладыкоўская. — Мінск: Тэсей, 2012. — 80 с. ISBN 978-985-463-492-0.
  23. Uladykouskaja, L. (2018). America through the eyes of Belarusians. Saarbrücken, Germany: Lambert Academic Publishing ISBN 6202199865, ISBN 978-6202199865.
  24. У Беларусі стартаваў міжнародны праект «Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця» . Рэжым доступу: http://zbsb.org/node/3260  — Дата доступу: 07.11.2018.
  25. Любоў Уладыкоўская, Валерый Шалатонін. Беларус, чалавек Сусвету: Георгій Лахоўскі.
  26. Беларускі народ не мае адваката. 8 фактаў трансфармацыі нацыянальнай культуры. Рэжым доступу: https://www.svaboda.org/a/28945943.html. - Дата доступу: 29 снежня 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]