Перайсці да зместу

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
(БДУ)
Міжнародная назва Belarusian State University (BSU)
Ранейшыя назвы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ім. У. І. Леніна
Дэвіз «Універсітэт – твой крок у будучыню!»
Заснаваны 1921
Тып Дзяржаўны
Рэктар Андрэй Дзмітрыевіч Кароль[1]
Студэнты больш за 24100
Дактары каля 300
Выкладчыкаў каля 3000
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск
Метро
Юрыдычны адрас 220030 Мінск, пр. Незалежнасці, 4
Узнагароды Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Сайт bsu.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) — найстарэйшы ўніверсітэт Беларусі, знаходзіцца ў Мінску, афіцыйна пачаў працу 30 кастрычніка 1921 года.

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

У комплекс БДУ ўваходзяць: 16 факультэтаў, 11 навучальных інстытутаў і адукацыйных устаноў[2]; 2 установы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі[3], 6 навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў[2], 42 навукова-даследчых лабараторый[2], 56 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый[4], 177 кафедр[3], 8 інавацыйных вытворчых прадпрыемстваў[2], 3 вучэбна-даследчыя станцыі[2], 6 музеяў[2]. У 2015 годзе да ўніверсітэта быў далучан Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя А. Дз. Сахарава, які стаў структурным падраздзяленнем БДУ.

Вышэйшую адукацыю ў БДУ студэнты атрымліваюць па 68 спецыяльнасцям на першай ступені навучання і па 48 — на другой[3]. З 2008 г. вядзецца навучанне студэнтаў у рамках Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі вядзецца ў аспірантуры па 134 спецыяльнасцях[3]. БДУ каардынуе дзейнасць універсітэтаў краіны па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння ўніверсітэцкай адукацыі па гуманітарных і прыродазнаўчых спецыяльнасцях.

Для паступлення ў БДУ неабходна паспяхова прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне і цэнтралізаваны экзамен. На некаторыя спецыяльнасці абітурыенты дадаткова здаюць уступныя экзамены.

Ва ўніверсітэце ў 2017—2018 навучальным годзе навучаецца 53298 чалавек, з іх студэнтаў — 28874, аспірантаў — 1101, дактарантаў — 106. Штогод звыш 3 тыс. чалавек праходзіць перападрыхтоўку па 45 спецыяльнасцях і каля 6 тыс. — павышаюць кваліфікацыю па 147 праграмах. У комплексе БДУ працуюць 8703 чалавека (з іх 413 — дактары навук, 1876 — кандыдаты навук), 461 навуковых супрацоўнікаў. У комплексе БДУ працуюць 5 акадэмікаў і 11 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі[3].

Універсітэт уваходзіць у структуру Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь[5].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XIX ст. расійскі ўрад вымушаны быў усё часцей звяртацца да пытанняў асветы, навукі, абмяркоўваць планы стварэння новых навучальных устаноў, у т. л. універсітэтаў. Да гэтага ўрад падштурхоўвалі звароты з месцаў, ад губернскіх і гарадскіх улад. Так, пад уплывам ліберальных настрояў 1860-х гадоў, калі пакрыху адыходзіла ў мінулае прыгонніцтва, віцебскае дваранства ўзняло пытанне пра неабходнасць адкрыцця ўніверсітэта ў беларускіх губернях. Але нават зварот да цара з боку міністра адукацыі на гэты конт застаўся без увагі. І ў пачатку XX ст. станоўча вырашыць набалелае пытанне не ўдалося, хаця мясцовыя ўлады рашуча запэўнівалі, што ўніверсітэт стане «трывалай апорай рускага пачатку супраць іншапляменнага ўплыву»[6]. Між тым у беларускім грамадстве добра ўсведамлялі высакародную місію ўніверсітэта як цэнтра не толькі спецыяльнай адукацыі, але перш-наперш агульнай, дасягненне якой якраз і павінна ісці праз адукацыю спецыяльную[7].

Царскія ўлады пабаяліся ствараць універсітэт ў Паўночна-Заходнім краі перш за ўсё з-за магчымасці разбудзіць тут праз студэнтаў, іх адукаванасць і павышаную грамадскую актыўнасць, заглушаныя рэцыдывы нацыяльна-палітычнай барацьбы. Да гэтай высновы прыйшла ў 1906—1907 гг. спецыяльная камісія Міністэрства асветы. Спробы з боку ўлад Смаленска, Мінска, Віцебска пераканаць царскі ўрад у адваротным, у тым, што ўніверсітэт стане «магутным рассаднікам рускай культуры на Беларусі», не далі вынікаў[8].

Першыя спробы стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Першыя рэальныя крокі да стварэння беларускага ўніверсітэта зрабіў урад (Народны сакратарыят) Беларускай Народнай Рэспублікі, заявіўшы аб сабе ў сакавіку 1918 года. Над праектам універсітэта пачалі працаваць вядомыя беларускія вучоныя, атрымаўшыя адукацыю і сфарміраваўшыяся як вучоныя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Першасная роля належала М. Доўнар-Запольсмкаму і Я. Карскаму. Вядома, што Я. Карскі у сваім выступленні на Усебеларускім кангрэсе 1917 года акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў розных колаў беларускага грамадства, узрушаных рэвалюцыйнымі падзеямі, на неабходнасці хутчэйшага стварэння на Беларусі свайго нацыянальнага ўніверсітэта[9]. Яго праект статута Беларускага ўніверсітэта скора быў надрукаваны ў газеце «Вольная Беларусь»[10]. Аднак ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі, разлікі на рэалізацыю ўніверсітэцкіх планаў зноў сталі нерэальнымі. Не мог быць рэалізаваны і план бальшавікоў аб замацаванні ў 1918 годзе за Беларуссю Юр’еўскага ўніверсітэта і пераводзе яго ў адзін з незанятых нямецкімі войскамі гарадоў — Віцебск ці Смаленск. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта — Беларускі народны ўніверсітэт. Але гэта былі не сапраўдныя ўніверсітэты і за межамі Беларусі.

У выніку рэвалюцыйных падзей да ўлады прыйшлі бальшавікі і Саветы, якія былі вымушаны ўлічваць імкненне народаў былой Расійскай Імперыі да рэалізацыі сваіх нацыянальных задач. Таму, адной з першых пастаноў ЦВК ССРБ стаў дэкрэт 25 лютага 1919 года, якім вызначаліся канкрэтныя меры па стварэнню ў Мінску ўніверсітэта. Для ўзгаднення арганізацыйных пытанняў у Маскву выехаў старшыня ЦВК А. Мяснікоў, які абгрунтаваў правамернасць лютаўскага дэкрэта «меркаваннямі эканамічнага, тэхнічнага і культурна-бытавога характару». Былі выдзелены грошы (1 млн рублёў), створана спецыяльная камісія пры губернскім камісарыяце народнай асветы пад кіраўніцтвам Я. Карскага[11]. У яе склад увайшлі А. Чарвякоў, В. Іваноўскі, Марэк, Андэрсан, Маслоўскі, Камінскі, Фрумкіна і інш. За 2 месяцы камісія арганізавала падрыхтоўчыя курсы для жадаючых паступаць ва ўніверсітэт. Аднак справу стварэння ўніверсітэта з-за абставін палітычнага характару, цэнтральныя органы ўлады палічылі за лепшае трымаць пад непасрэдным кантролем. Таму пры Народным камісарыяце асветы РСФСР была ўтворана і маскоўская камісія.

Будынак гімназіі Фальковіча, у якім размяшчаліся праўленне і бібліятэка БДУ
Будынак былога камерцыйнага вучылішча

Ужо 10 сакавіка 1919 года на пасяджэнні Мінскай камісіі па арганізацыі БДУ было разгледжана пытанне аб перадачы ўніверсітэту будынка былога камерцыйнага вучылішча, у якім размяшчаліся ваенныя курсы Заходняй дывізіі. Пад плануемы ўніверсітэт адвялі памяшканне былой мужчынскай гімназіі на рагу Губернатарскай і Падгорнай, будынкі духоўнай семінарыі на Аляксандраўскай вуліцы, былога жаночага духоўнага вучылішча на рагу вуліц Шырокай і Міхайлаўскай, былога ваеннага шпіталя, губернскай земскай бальніцы, рэальнага вучылішча Хайкіна, гімназіі Фальковіча і інш.[12] Але толькі ў 1921 годзе спецыяльнай пастановай Прэзідыума ЦВК ССРБ ад 18 красавіка быў афіцыйна зацверджаны спіс будынкаў, якія пераходзілі БДУ. Акрамя пералічаных будынкаў, у спіс былі ўключаны памяшканні фабрыкі «Вікторыя», яўрэйскай бальніцы, Рускага сходу, гаспадарка «Лошыца» з фальваркамі «Зацішша», «Дуброва», «Прылукі», лясная дача Ваньковіча[13]. Першае праўленне БДУ і бібліятэка размясціліся ў будынках гімназіі Фальковіча і вучылішча Хайкіна.

Даваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыйныя работы па адкрыцці ўніверсітэта зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Мінска. У маі 1921 года быў аб’яўлены прыём на рабочы факультэт, а 11 ліпеня на ўрачыстым пасяджэнні ў гарадскім тэатры быў абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 30 кастрычніка адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны пачатку заняткаў.

Першым рэктарам універсітэта Народны камісарыят асветы БССР прызначыў выдатнага гісторыка-славіста, выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ, прафесара Уладзіміра Іванавіча Пічэту, які ўзначальваў БДУ на працягу 8 гадоў. Прафесарска-выкладчыцкі склад у асноўным быў сфарміраваны кадрамі Маскоўскага, Казанскага і Кіеўскага ўніверсітэтаў. Першымі прафесарамі ўніверсітэта Дзяржаўны вучоны савет прызначыў В. Г. Кнорына (палітэканамія), У. М. Ігнатоўскага (гісторыя Беларусі), У. М. Іваноўскі (філасофія і педагогіка), І. М. Салаўёва (педагогіка); Д. П. Канчалоўскага, У. М. Перцава, М. М. Нікольскага, У. І. Пічэту, Д. А. Жарынава, С. З. Кацэнбогена, Ф. Ф. Турука, А. А. Савіча (гісторыя), М. А. Янчука (этнаграфія), С. Я. Вальфсона, В. В. Якуніна (эканоміка), Е. Е. Святаслаўскага (статыстыка), М. М. Андрэева (фізіка), Б. М. Беркенгейм (хімія), М. Б. Кроля (медыцына), П. І. Карузін (анатомія), А. У. Фядзюшына (заалогія) і інш.

1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах — рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук — пачаліся рэгулярныя заняткі для 1390 студэнтаў. На ўсіх факультэтах БДУ ў 1921—1922 гг. працавалі 14 прафесараў, 49 выкладчыкаў, 10 асістэнтаў, 5 лабарантаў і загадчыкаў кабінетаў.

У 1922 годзе са складу факультэта грамадскіх навук быў утвораны педагагічны факультэт. У сярэдзіне 1920-х гадоў ва ўніверсітэце было створана навуковае таварыства.

У лютым 1925 года ўніверсітэт выпусціў першых маладых спецыялістаў — 34 эканамісты і 26 юрыстаў. У кастрычніку 1927 года пры БДУ адкрылася аспірантура. Увосень гэтага ж года ў цэнтры Мінска пачалося будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка. Да 1930 года былі пабудаваны чатыры вучэбныя карпусы — для медыцынскага, анатамічнага, біялагічнага і хімічнага факультэтаў. Такім чынам, у складзе ўніверсітэта было ўжо 6 факультэтаў: рабочы, педагагічны, медыцынскі, народнай гаспадаркі, права і савецкага будаўніцтва, хіміка-тэхналагічны. Штат прафесараў і выкладчыкаў да гэтага часу значна павялічыўся: 49 прафесараў, 51 дацэнт, 44 выкладчыкі і больш за 300 навуковых супрацоўнікаў.

Да 1930 года выйшла 25 выпускаў навуковага выдання «Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», а таксама шэраг манаграфій яго вучоных. Былі наладжаны навуковыя кантакты вучоных універсітэта з калегамі з Польшчы, Чэхаславакіі, Літвы, Германіі, Францыі, Англіі, ЗША і Японіі.

Панарама Універсітэцкага гарадка
Галоўны корпус БДУ з боку Дома ўрада, 1930-я гады. (У перабудаваным выглядзе гэты будынак сёння частка педагагічнага ўніверсітэта)

У маі 1931 года Калегія Наркамасветы БССР прыняла пастанову аб стварэнні на базе БДУ пяці самастойных інстытутаў. За кароткі час пры актыўным удзеле БДУ ў беларускай сталіцы былі адкрыты новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы: Мінскі медыцынскі інстытут, Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут, Мінскі юрыдычны інстытут. ЦВК і СНК БССР канстатаваў, што за 10 гадоў свайго існавання БДУ стаў базай для стварэння ў рэспубліцы 12-ці ВНУ і шэрага НДІ. Акрамя таго, БДУ аказаў усялякую дапамогу ў стварэнні ў Мінску Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, Інстытута беларускай культуры, пераўтворанага ў кастрычніку 1928 года ў Акадэмію навук.

Сквер і садовы гадавальнік ва Універсітэцкім гарадку, 1930-я гг.

Пасля рэарганізацыі ў 1930 годзе ў складзе ўніверсітэта захаваліся факультэты (фізіка-матэматычны, хімічны, біялагічны), якія рыхтавалі малодшых навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў рабфакаў, тэхнікумаў і старэйшых класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання павялічыўся да 5 гадоў.

Сквер і фантан ва Універсітэцкім гарадку, 1930-я гг.

У 1934 годзе пасля пераўтварэння факультэта грамадскіх навук ва ўніверсітэце з’явіліся новыя факультэты — гістарычны і геаграфічны, а ў 1939 годзе — філалагічны з аддзяленнямі рускай і беларускай мовы і літаратуры. Вялікай падзеяй у жыцці БДУ стала стварэнне заалагічнага, геалагічнага і гісторыка-археалагічнага музеяў, аранжарэі з батанічным участкам.

У сакавіку 1937 года Вучоны савет універсітэта атрымаў права прыёму да абароны доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый і прысуджэння вучоных ступеняў.

З пачатку 1930-х гг. БДУ былі вымушаны пакінуць многія вядомыя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Некаторыя з іх былі арыштаваныя, у тым ліку і першы рэктар БДУ У. І. Пічэта. Такі ж лёс напаткаў і двух наступных кіраўнікоў ВНУ — Я. П. Каранеўскага (1929—1931) і І. Ф. Ермакова (1931—1933).

Колькасць студэнтаў у БДУ ў 1921—1934 гадах[14]:

Навучальны год 1921/22 1922/23 1923/24 1924/25 1925/26 1926/27 1927/28 1928/29 1929/30 1930/31 1931/32 1932/33 1933/34
Студэнтаў 1126 2092 2328 2298 2530 2550 2672 2552 2332 1579 437 528 635

Напярэдадні 1941 года БДУ складаўся з 6 факультэтаў і 33 кафедр, на якіх працавалі 17 прафесараў, 41 дацэнт, больш за 90 выкладчыкаў і асістэнтаў. У аспірантуры займалася 60 чалавек, на ўсіх факультэтах навучалася 1337 студэнтаў. Працавалі разнастайныя вучэбна-дапаможныя падраздзяленні: музеі, біястанцыі, лабараторыі, фундаментальная бібліятэка, аранжарэя і інш. За 20 гадоў універсітэт падрыхтаваў 5240 гісторыкаў, юрыстаў, эканамістаў, філолагаў, матэматыкаў, хімікаў, біёлагаў, географаў. У розныя гады БДУ скончылі вядомыя беларускія пісьменнікі: П. Глебка, К. Крапіва, П. Броўка і інш. Тут выкладалі народны пісьменнік Беларусі Я. Колас, вядомы вучань А. Эйнштэйна Якаў Громер.

У 1924—1941 гг. ва ўніверсітэце выходзіла некалькі газет: «Голас студэнта»[15], «Ленінскім шляхам», «За пралетарскія кадры», «За ленінскія кадры»[16].

У час Вялікай Айчыннай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Германскія бамбардзіроўшчыкі над Мінскам у раёне Універсітэцкага гарадка. У 1940 годзе адзін з карпусоў БДУ быў перададзены штабу БВА

21 чэрвеня 1941 года адкрылася юбілейная навуковая сесія, была разгорнута святочная выстаўка, а на наступны дзень, 22 чэрвеня, пачалася Вялікая Айчынная вайна. У першыя ж дні вайны 450 добраахвотнікаў з ліку выкладчыкаў і студэнтаў пайшлі на фронт. За мужнасць і храбрасць, праяўленыя ў барацьбе з фашыстамі, 12 супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза.

Галоўны корпус БДУ з даху Дома ўрада

15 мая 1943 года Саўнаркам СССР прыняў пастанову «Аб узнаўленні работы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Месца для яго было вызначана недалёка ад Масквы, на станцыі Сходня. Маскоўскі ўніверсітэт разам з іншымі ВНУ сталіцы перадаў БДУ вялікую колькасць вучэбнага і навуковага абсталявання, падручнікаў і наглядных дапаможнікаў, 18 тысяч тамоў навуковай літаратуры. У кастрычніку 1943 года за заняткі ўзяліся каля 300 чалавек.

Пасля вайны[правіць | правіць зыходнік]

Улетку 1944 года, пасля вызвалення Беларусі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта вярнуліся з Падмаскоўя ў Мінск. Начальнікам эшалона прызначылі франтавіка, лейтэнанта І. Мележа — пазней вядомага пісьменніка. У 1945—1946 навучальным годзе з 895 студэнтаў 121 чалавек быў дэмабілізаваны з арміі, 76 чалавек былі ўдзельнікамі партызанскага руху. Праз год ва ўніверсітэце навучаліся 300 былых франтавікоў і партызан. У 1975 годзе ў памяць пра тых, хто пайшоў з універсітэцкіх аўдыторый і навуковых лабараторый і загінуў на франтах вайны, партызанах і падполлі, устаноўлены абеліск у самым ажыўленым месцы ўніверсітэцкага гарадка — побач з уваходам у галоўны корпус універсітэта.

У пасляваенныя гады ў БДУ была арганізавана падрыхтоўка геолагаў, глебазнаўцаў, выкладчыкаў філасофіі. У студзені 1949 года БДУ у азнаменаванне 30-годдзя Беларускай ССР было прысвоена імя У. І. Леніна. Даваенная вучэбна-навуковая і вытворчая база ўніверсітэта ў асноўным аднавілася да 1950 г.

У 1955 годзе Мінскі юрыдычны інстытут быў рэарганізаваны ў юрыдычны факультэт універсітэта.

У 1957 годзе на 7 факультэтах БДУ (у 1944 годзе быў адкрыты факультэт журналістыкі) налічвалася 43 кафедры, на якіх працавала 339 супрацоўнікаў, з якіх 29 прафесараў і дактароў навук, 160 дацэнтаў, 150 выкладчыкаў і асістэнтаў.

У 1957 годзе рэктарам універсітэта стаў вядомы вучоны-фізік А. Н. Сеўчанка. Універсітэт ператварыўся ў найбуйнейшы навукова-адукацыйны цэнтр СССР. У 1967 годзе БДУ быў удастоены высокай урадавай узнагароды — ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Створаны адны з найбуйнейшых школ у галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі і лазернай фізікі.

У галіне вылічальнай матэматыкі пачатак сістэматычных навуковых даследаванняў у БДУ, як і ў краіне ў цэлым, звязаны з адкрыццём ва ўніверсітэце ў 1957 годзе кафедры вылічальнай матэматыкі. Заснавальнікам кафедры і кіраўніком усіх навуковых работ з’яўляўся акадэмік АН БССР У. І. Крылоў.

Асновы навуковай школы па даследаванні тэорыі элементарных часціц, аптычных і акустычных уласцівасцей крышталёў былі закладзены акадэмікам АН БССР, Героем Сацыялістычнай Працы Ф. І. Фёдаравым. З 1959 года пад кіраўніцтвам доктара юрыдычных навук, прафесара А. А. Галаўко пачала фарміравацца навуковая школа па тэарэтычных асновах дэмакратыі.

Адкрыўся факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі; матэматычны факультэт быў пераўтвораны ў механіка-матэматычны ў сувязі з адкрыццём падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці «Механіка». У 1976 годзе фізічны факультэт быў падзелены на фізічны факультэт і факультэт радыёфізікі і электронікі (цяпер факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій).

Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Дуброва»

Створаны НДІ прыкладных фізічных праблем (адкрыты ў 1971 г.), фізіка-хімічных праблем (1978 г.), ядзерных праблем (1986 г.).

У 1980 годзе каля вёскі Шчомысліца пад Мінскам адкрыўся корпус прыродазнаўчых факультэтаў[17]. Каля корпуса знаходзіцца батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Дуброва», які ў 1986 годзе атрымаў афіцыйны статус, перададзены пад ахоўнае абавязацельства БДУ і выкарыстоўваецца як дэндрарый батанічнага саду біялагічнага факультэта.

Бунт філосафаў[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1981 года студэнты аддзялення філасофіі БДУ В. Ламака, В. Залатар, І. Воіцкая, А. Малашчук, Л. Свярдлоў напісалі ліст, які змяшчаў прапановы, скіраваныя на ўзмацненне ўдзелу студэнтаў у жыцці факультэта: правы выбару спецкурсаў, ацэнка выкладчыкаў і г. д. Пад лістом на працягу двух тыдняў падпісалася каля 50 чалавек, 80 % з іх студэнты аддзялення філасофіі. Мэты акцыі бачыліся арганізатарамі як «паляпшэнне ўзроўню выкладання на факультэце». Ліст быў расцэнены кіраўніцтвам факультэта як «бунт філосафаў». Была заведзена справа ў КДБ, якая курыравалася непасрэдна ЦК КПБ. Акцыя стала актам супрацьстаяння студэнтаў таталітарна-рэпрэсіўнай машыне савецкай дзяржавы[18].

Былі запушчаны механізмы запалохвання і рэпрэсій: выклікі ў КДБ, разгляды на камсамольскіх і партыйных сходах, «зразанні» на сесіі. З універсітэта былі вымушаныя сысці А. Малашчук, І. Воіцкая, В. Залатар. У дачыненні да Л. Свярдлова ставілася пытанне аб выключэнні з камсамолу і з універсітэта. А. Малашчук пасля беспаспяховых спробаў аднавіцца ва ўніверсітэце публічна скончыў жыццё самагубствам — вясной 1985 года ён выкінуўся з 6 паверха галоўнага корпуса БДУ на плошчы Леніна, запрасіўшы на акт сваіх сяброў і знаёмых[18].

У выніку акцыі аддзяленне філасофіі пачало разглядацца як «ненадзейнае». Пры паступленні патрабавалася рэкамендацыя абкама КПБ. Быў скасаваны механізм «размеркавання», пачалася практыка выдачы «вольных дыпломаў»[18].

1980-я гг. — наш час[правіць | правіць зыходнік]

На пасяджэнні Вучонага савета ўніверсітэта (пратакол № 9 ад 23 снежня 1991 года) было прынята рашэнне аб перайменаванні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт[19].

У 1989 годзе быў адкрыты філасофска-эканамічны факультэт (праз дзесяць гадоў на яго базе былі створаныя факультэт філасофіі і сацыяльных навук і эканамічны факультэт), у 1995 годзе — факультэт міжнародных адносін, у 2003 годзе — Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ і ваенны факультэт, у 2004 годзе — Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, гуманітарны факультэт (зараз факультэт сацыякультурных камунікацый); у 2006 годзе — Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій, у 2007 годзе — Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, у 2008 годзе — Інстытут журналістыкі, у 2009 годзе — факультэт даўніверсітэцкай адукацыі.

З мэтай арганізацыі перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у БДУ былі адкрыты: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі, Інстытут тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ, Інстытут бесперапыннай адукацыі БДУ.

Навуковая і навукова-вытворчая база БДУ значна пашырылася за кошт стварэння шэрага навукова-даследчых цэнтраў: фізікі часціц і высокіх энергій (1993 г.); маніторынгу азонасферы (1997 г.); прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі (2000 г.), праблем чалавека (2000 г.), а таксама сеткі навукова-вытворчых унітарных прадпрыемстваў.

Ва ўніверсітэцкім дворыку быў створаны першы ў краіне своеасаблівы нацыянальны мемарыял — помнікі вядомым дзеячам беларускай навукі і культуры.

31 кастрычніка 2008 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Г. Лукашэнкі рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прызначаны прафесар, акадэмік С. У. Абламейка. У 2008 годзе ў БДУ быў створаны НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі.

1 верасня 2012 года пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі адбылася цырымонія адкрыцця новага корпуса факультэта міжнародных адносін БДУ[20], будынак размясціўся ў цэнтры Мінска, недалёка ад чыгуначнага вакзала і галоўнага корпуса БДУ.

28 верасня 2017 года рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў доктар педагагічных навук А. Д. Кароль[21].

БДУ ў рэйтынгах[правіць | правіць зыходнік]

З 2008 года БДУ ўдзельнічае ў адным з самых вядомых вебаметрычных рэйтынгаў — Webometrics Ranking of World Universities. За апошнія гады рэйтынг БДУ пастаянна расце. У ліпені 2009 года ўніверсітэт займаў 1916 пазіцыю, а ў ліпені 2012 года -- 596 пазіцыю, у жніўні 2015 года -- 609-ю пазіцыю[22], у сакавіку 2018 года — 487-е месца[23]. Сярод універсітэтаў краін СНД БДУ знаходзіцца на 4-м месцы, саступаючы Маскоўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя М. В. Ламаносава, Санкт-Пецярбургскаму і Томскаму ўніверсітэтам. У рэйтынгу Інтэрфакс ВНУ краін постсавецкай прасторы 2013 года займае 2-е месца[24].

Паводле рэйтынгу брытанскага агенцтва QS WUR, які праводзіцца з 2004 года, па стане на 2024 год БДУ ўваходзіць у топ-500 лепшых універсітэтаў свету, знаходзячыся на 387-й пазіцыі[25].

У рэйтынгу «World University Rankings» ад Times Higher Education за 2018 год БДУ падзяліў пазіцыі з 801-ю па 1000-ю. Самым лепшым паказчыкам універсітэта была названая міжнародная рэпутацыя (54,8 бала), а двума найгоршымі — даследаванні (9,9) і цытаванне работ супрацоўнікаў універсітэта (11,9 бала)[26].

У 2014 годзе агенцтва «Эксперт РА» прысвоіла універсітэту рэйтынгавы клас «B», які азначае «вельмі высокі» ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў[27].

Міжнародная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

БДУ з’яўляецца членам Еўразійскай і Еўрапейскай асацыяцый універсітэтаў, мае 324 міжнародныя пагадненні аб супрацоўніцтве з адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі з 50 краін свету. Да партнёраў БДУ адносяцца такія вядучыя ВНУ Еўропы, як Енскі і Бохумскі ўніверсітэты ў Германіі, Варшаўскі, Уроцлаўскі і Кракаўскі ўніверсітэты ў Польшчы, Карлаў універсітэт і ўніверсітэт ім. Масарыка ў Чэхіі; у краінах Балтыі — Віленскі і Латвійскі ўніверсітэты, універсітэты Тулузы і Савоі ў Францыі, Падуі, Трэнта, Перуджы — у Італіі, Барселоны, Гранады і Сарагосы — у Іспаніі[28].На базе БДУ працуюць Інфармацыйны цэнтр Еўрапейскага саюза, Інфармацыйны пункт Савета Еўропы, Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, Цэнтр міжнародных даследаванняў. Ва ўніверсітэце рэалізуецца штогод больш 40 міжнародных праектаў па лініі такіх праграмм, як ТЭМПУС, ІНТАС, Транзгранічнае супрацоўніцтва ЕС, 7-я Рамачная праграма ЕС, МНТЦ.

З 2012 г. рэалізуюцца 4 новыя праекты ТЭМПУС у наступных галінах: стварэнне міжуніверсітэцкіх цэнтраў падтрымкі студэнцкіх інавацыйных распрацовак, інтэграваная сістэма ўніверсітэцкага менеджменту, распрацоўка трэнінг-сеткі па паляпшэнню адукацыі ў галіне энергаэфектыўнасці, бяспека чалавека на тэрыторыях, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджвання. Па праграме акадэмічнай мабільнасці Эразмус Мундус рэалізуюцца 3 новыя праекты: «Развіцце навучання ў краінах ЕІДП на основе чыстых тэхналогій і навукова-даследчай дзейнасці», «Мабільнасць для інавацый і развіцця», «Уся Еўропа па-за межамі».

Па стане на 2023 год у БДУ навучаецца 4200 замежных грамадзян па праграмах даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі[3]. У БДУ навучаюцца студэнты з 50 краін свету, большасць студэнтаў-грамадзян замежных дзяржаў складаюць грамадзяне Кітая, Туркменістана і Расіі.

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Факультэты[правіць | правіць зыходнік]

Інстытуты[правіць | правіць зыходнік]

Музеі[правіць | правіць зыходнік]

Іншыя падраздзяленні[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

В. І. Болбас

Рэктары[правіць | правіць зыходнік]

Санкцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Плошчы 2010 Сяргей Абламейка, тагачасны рэктар БДУ, быў уключаны ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. У сваім рашэнні ЕС адзначыў, што Абламейка нясе адказнасць за выключэнне студэнтаў з універсітэта за тое, што яны ўдзельнічалі ў дэманстрацыях 19 снежня 2010 г. і ў іншых мірных дэманстрацыях у 2011 г.[29]

Студэнцкі гарадок[правіць | правіць зыходнік]

Студэнцкі гарадок БДУ ў Мінску

9 інтэрнатаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта забяспечваюць жыллём іншагародніх студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў універсітэта. Сумарная колькасць насельнікаў больш за 8000 чалавек[30]. У інтэрнаце пражывае каля 60—70 % іншагародніх студэнтаў першага курса[31]. Чатыры інтэрнаты размешчаны на Кастрычніцкай вуліцы, два ў філіяле БДУ ў раёне Шчомысліцы, два ў «студэнцкай вёсцы», па адным на вуліцах Свярдлова і на вуліцы Крапоткіна.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. https://sputnik.by/society/20170928/1031057717/prezident-smenil-rektora-bgu.html
  2. а б в г д е БДУ сёння. Дасягненні БДУ (руск.). Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
  3. а б в г д е Буклет аб універсітэце (руск.). Упраўленне міжнародных сувязяў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
  4. Пералік студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (руск.). Аддзел навукова-даследчай работы студэнтаў.
  5. Падпарадкаваныя арганізацыі . Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
  6. Иванов, А. Е. География российских университетов: реальность и планы (конец XIX — начало XX века) // Российские университеты в XVIII—XX веках: сборник научных статей / Воронежский государственный университет. Вып. 5: Посвящается 60-летию исторического факультета ВГУ / [редколлегия: В. И. Чесноков (отв. ред.) и др.]. — Воронеж: Издательство ВГУ, 1993. — 230, [2] с. — С. 89—90. — ISBN 5-7455-1117-6.
  7. Витебские губернские ведомости. — 1903. — 28 сентября.
  8. Иванов, А. Е. География российских университетов… — С. 97, 15.
  9. Кіпель, Я. Эпізоды = Episodes / Яўхім Кіпель; Пад рэд. І. Урбановіч, З. Саўкі. — Нью Йорк: Выдавецтва газеты «Беларус», 1998. — 305 с., [6] л. іл. — С. 79.
  10. Карскі, Е. Проект статуту Беларускага Універсітэту // Вольная Беларусь. — 1918. — № 35. — С. 256—260.
  11. Известия ЦИК Советов Белоруссии. — 1919. — 6 марта.
  12. Звезда. — 1919. — 23 марта.
  13. Школа и культура Советской Белоруссии. — 1921. — № 1—2. — С. 114—116.
  14. З хронікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. — Кн. 3. / укладальнікі: А. А. Ляўшэвіч, В. С. Семенякоў. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — С. 152—161. — ISBN 985-6302-60-9.
  15. «Голас студэнта» ў даведніку РНБ «Газеты ў сеціве і па-за яе» (руск.). Расійская нацыянальная бібліятэка.
  16. «За ленінскія кадры» ў даведніку РНБ «Газеты ў сеціве і па-за ёй» (руск.). Расійская нацыянальная бібліятэка.
  17. Университетоведение: учебно-методическое пособие / О. А. Яновский и др.. — Мн.: БГУ, 2011. — С. 213. — ISBN 978-985-518-460-8.
  18. а б в Ігар Бабкоў. Ліст студэнтаў-філёзафаў за акадэмічныя свабоды // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. / пад рэдакцыяй Алега Дзярновіча. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — 181 с. — ISBN 985-6374-08-1.
  19. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, г. Мінск (руск.). Фондавы каталог дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь.
  20. Сёння Прэзідэнт пабываў на факультэце міжнародных адносін БДУ, новы будынак якога стала падарункам для студэнтаў Архівавана 26 снежня 2013.
  21. Лукашэнка прызначыў новага рэктара БДУ і ўзгадніў прызначэнне яшчэ трох кіраўнікоў ВНУ (руск.). БелТА (28 верасня 2017).
  22. БДУ працягвае ўмацоўваць свае пазіцыі ў сусветным вэбаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў «Webometrics Ranking of World Universities» (руск.). Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (2 лютага 2016).
  23. Беларусь (англ.)(недаступная спасылка). Webometrics Ranking of World Universities. Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2018.
  24. Рэйтынг ВНУ краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі 2013 г. (руск.)(недаступная спасылка). Інтэрфакс. Архівавана з першакрыніцы 24 снежня 2013.
  25. Belarusian State University (англ.). Quacquarelli Symonds.
  26. Belarusian State University (англ.)(недаступная спасылка). Times Higher Education. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2018.
  27. Складзены свежы рэйтынг ВНУ Расіі і краін СНД (руск.). Рэйтынгавае агенцтва «Эксперт РА» (27 сакавіка 2014).
  28. БДУ сёння. Дасягненні БДУ (руск.)(недаступная спасылка). Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Архівавана з першакрыніцы 8 ліпеня 2019.
  29. Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus, EUR-Lex, 2012
  30. Студэнцкі гарадок . Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
  31. Пытанні, што часта задаюць (руск.)(недаступная спасылка). Абітурыент БДУ. Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]