Лявон Бароўскі
| Лявон Бароўскі | |
|---|---|
| | |
| Любіч | |
| Нараджэнне |
27 мая 1784 ці 24 чэрвеня (5 ліпеня) 1784 |
| Смерць |
4 красавіка 1846 (61 год), 4 (16) красавіка 1846 (61 год) ці 16 красавіка 1846[1] (61 год) |
| Месца пахавання | |
| Род | Бароўскія[d] |
| Грамадзянства | |
| Член у | |
| Адукацыя | |
| Дзейнасць | філалогія |
| Месца працы |
|
| Цывільны чын | стацкі саветнік |
Лявон Баро́ўскі або Леан Бароўскі (польск.: Leon Borowski; 27 мая 1784, Пінскі павет — 4 красавіка 1846, Вільня) — літаратуразнавец, філолаг, гісторык і тэарэтык літаратуры, педагог і публіцыст; адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю; член таварыства шубраўцаў (з псеўданімам Pergrubius).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 27 мая 1784 года ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
Скончыў гімназію ў Паставах. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, адначасова працаваў там сакратаром (1801—1807). У 1803 годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофіі. У 1807—1811 гадах выкладаў рыторыку і паэтыку ў Свіслацкай гімназіі.
У 1814 годзе, пасля смерці прафесара Эўсэбіюша Славацкага, пачаў выкладаць рыторыку, паэзію, філасофскую граматыку ў Віленскім універсітэце. У 1816 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі, з 1821 года — экстраардынарны прафесар, з 1823 года — ардынарны прафесар.
Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на Адама Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першым назваў геніям. Лекцыі Л. Бароўскага слухалі і іншыя будучыя пісьменнікі, у тым ліку Сімонас Даўкантас, Сімонас Станявічус, Юльюш Славацкі.
Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта (1832), у 1833 годзе прызначаны прафесарам гамілетыкі ў рымска-каталіцкую Віленскую духоўную акадэмію і да 1842 года выкладаў там гамілетыку і польскую літаратуру, пакуль Акадэмія не была пераведзена з Вільні ў Санкт-Пецярбург. Доўгі час служыў цэнзарам польскіх выданняў.
Памёр 4 красавіка 1846 года ў Вільні. Пахаваны ў Вільні на Бернардынскіх могілках. На тыльным баку надмагілля ў выглядзе скалы ў 1900 годзе была змешчана шыльда з тэкстам на польскай мове, дзе Леан Бароўскі названы першым, хто распазнаў у Адама Міцкевіча нацыянальнага генія, і тым, хто сфарміраваў самых выдатных польскіх паэтаў і празаікаў XIX стагоддзя. Помнік упрыгожаны таксама вершаванай эпітафіяй Марыі Канапніцкай.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Выгадаваны на літаратурных густах XVIII стагоддзя, Леан Бароўскі лічыцца адным з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам. Быў знаёмы з творамі класічных літаратур. Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову. Сярод перакладаў Бароўскага — камедыі Мальера «Скупы» і «Жанчыны філосафы», фрагменты твораў Шэкспіра, Мільтана, Байрана. Пасля Бароўскага застаўся ў рукапісе пераклад «Дон Кіхота» з іспанскага арыгінала. Выдаў паэму «Манахамахія» Ігнацыя Красіцкага са сваімі навуковымі каментарамі.
У 1815—1826 гадах супрацоўнічаў з часопісам «Dziennik Wileński», дзе публікавалася адна з галоўных прац Леана Бароўскага «Заўвагі пра паэзію і рыторыку з пункту гледжання іх падабенства і адрознення» (польск.: «Uwagi nad poezją i wymową pod względem ich podobieństwa i różnicy»). Аўтар прац па педагогіцы, біяграфіі Эўсэбіюша Славацкага, сачыненняў «Uwagi nad poezją i wymową» (1820); «Retoryka» (1824); «O poznawaniu zdolności umysłowych w młodzieży» (1826).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Visuotinė lietuvių enciklopedija Online Праверана 2 лютага 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy. Przechadzki po Wilnie. Zarzecze. Cmentarz Bernardyński. — Wilno: Efekt, 1997. — С. 49—50. — 132 с.
- Конан У. М. Бароўскі Лявон // Мысліцелі i асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 364—366. — 672 с. — 6000 экз. — ISBN 985-11-0016-1.
- Уладзімір Конан. Бароўскі Леан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 328—329. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Боровский, Лев // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907. (руск.)
- Algis Kalėda. Leonas Borovskis // Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. III (Beketeriai-Chakasai). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2003. — 371 p. (літ.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Лявон Бароўскі на Вікісховішчы |
- Нарадзіліся 27 мая
- Нарадзіліся ў 1784 годзе
- Нарадзіліся 5 ліпеня
- Нарадзіліся ў Берасцейскім ваяводстве
- Памерлі 4 красавіка
- Памерлі ў 1846 годзе
- Памерлі 16 красавіка
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя на Бернардзінскіх могілках
- Шубраўцы
- Выпускнікі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта
- Выкладчыкі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта
- Асобы
- Выкладчыкі Свіслацкай гімназіі
- Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
- Выкладчыкі Віленскай духоўнай акадэміі
- Філаматы
- Цэнзары Расійскай імперыі