Ліст да Эфесянаў Святога Апостала Паўла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ліст да Эфесянаў Святога Апостала Паўла

Апостал Павел піша лісты. Выява з сярэднявечных выданняў яго твораў
Раздзел: Новы Запавет
Вікікрыніцы: Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы

Тэкст на Вікікрыніцах

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ліст да Эфеся́наў Свято́га Апо́стала Па́ўла[1], Ліст да Эфе́сцаў[2], Пасла́ньне да Эфэся́наў[3] — адзін з лістоў апостала Паўла, які ўвайшоў у лік Новага Запавету.

Адрасат[правіць | правіць зыходнік]

Павел наведаў горад Эфес у канцы сваёй другой місіянерскай вандроўкі летам 52 года н.э. на шляху з Карынфа ў Іерусалім. Падчас трэцяй вандроўкі ў 54 годзе другі раз прыбыў у Эфес, дзе заставаўся на працягу двух гадоў. Павел распаўсюджваў Добрую вестку ў Эфесе і яго наваколлях, дзякуючы чаму вялікая колькасць людзей прыняла хрысціянства, і ўтварылася суполка вернікаў. Павел быў вымушаны пакінуць Эфес з-за беспарадкаў, якія былі ўчынены срэбранымі майстрамі. У сваіх лістах да вернікаў Карынфа ён піша, што ледзь там не загінуў. Але Павел заўсёды памятаў пра царкву ў Эфесе. Кіруючыся ў Іерусалім, Павел у Мілеце зрабіў прыпынак і сустрэўся са старшынямі эфескай абшчыны. Сустрэча скончылася слёзным развітаннем, паколькі Павел паведаміў, што хутка ён апынецца ў няволі і больш ім не давядзецца спаткацца.

Акалічнасці ліста і аўтарства[правіць | правіць зыходнік]

Ліст значна адрозніваецца ад іншых лістоў Паўла. Галоўныя тэмы багаслоўя Паўла — Закон, апраўданне за веру, хуткае Другое прышэсце Хрыста, — у лісце амаль адсутнічаюць, на першае месца выходзіць тэма Царквы і яе сутнасці, суадносінаў паміж Хрыстом і Царквой. Непадобны і стыль пісьма, ён велічны, літургічны; хутчэй нагадвае пропаведзь, чым ліст. Акрамя таго, трэцяя частка ліста паўторана ў лісце да Каласян, што прыводзіць некаторых даследчыкаў да высновы, што абодва лісты пісаліся амаль у адзін час. У лісце таксама шмат слоў і выслоўяў, якія нідзе больш у Новым Запавеце не сустракаюцца. Шэраг даследчыкаў лічыць ліст вяршыняй багаслоўскай думкі аўтара.

Змест ліста[правіць | правіць зыходнік]

Звяртаючыся да хрысціян, якія ў мінулым былі язычнікамі, Павел апавядае пра выбранне вернікаў яшчэ да стварэння свету, пра адпушчэнне грахоў і дараванне свабоды. Усё гэта Пан зрабіў праз свайго Адзінага Сына. Пан Бог ставіць мэтай аб’яднаць усё ў Хрысце, усё як на небе, так і на зямлі. Таму Хрыстос стварыў Царкву, знішчыўшы сцяну падзелу паміж язычнікамі і яўрэямі, зрабіўшы з абодвух адзінае. Хрыстос стаў галавой Царквы, а Царква — гэта Ягонае Цела, у якім поўнасць Бога. Хрыстос вышэйшы за любое валадаранне, Ён — яго Пан, Ён — пасрэднік паміж Творцам і тварэннем. Тэма яднання з Богам мае і практычны сэнс. Павел заклікае хадзіць згодна з высокім званнем хрысціян, захоўваць адзінства паміж сабой, ставячыся да іншых з цярплівасцю і лагоднасцю. Вернікі павінны адмовіцца ад спраў цемры, стаць дзецьмі святла — займець адзінства ў поглядах, святым жыцці, адмове ад гневу, зайздрасці, непрыстойных слоў. Любоў і мір павінны быць у жыцці кожнага верніка. Адносіны паміж мужам і жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж гаспадарамі і рабамі павінны будавацца на ўзаемнай любові і павазе. Інстытут шлюбу Павел робіць сімвалам адносін Хрыста да Царквы.

Месца і час напісання ліста[правіць | правіць зыходнік]

Ліст да вернікаў Эфеса быў напісаны ў турэмным зняволенні (як і лісты да філіпійцаў, каласянаў, Філімону, другі ліст да Цімафея). Традыцыйна лічыцца, што месца напісання — Рым, дзе Павел доўгі час знаходзіўся ў няволі, аднак такім месцам магла быць і Кесарыя, дзе апостал правел шмат часу, чакаючы адпраўкі ў Рым. Час напісання таксама дакладна вызначыць цяжка: гэта канец 50-х — пачатак 60-х гг. н.э.

Структура ліста[правіць | правіць зыходнік]

Ліст складаецца з 6 раздзелаў, якія можна падзяліць на дзве часткі. У першай частцы (раздзелы 1-3) апостал засяроджаны на Хрысце і Царкве. Ліст пачынаецца з малітвы да Бога. Далей Павел распавядае пра веліч Пана, дзякуючы Якому вернікі сталі законнымі дзецьмі Бога і маюць свабодны доступ праз веру. У другой частцы Павел дае практычныя парады адносна як грамадскага, так і асабістага жыцця.

Сціслы план ліста[правіць | правіць зыходнік]

  • Прывітанне (1:1-2)
  • Хрыстос і Царква (1:3-3:21)
  • Новае жыццё з Хрыстом (4:1-6:20)
  • Завяршэнне ліста (6:21-24)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
  3. Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]