Эрнст Сабіла

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Эрнст Сабіла
Эрнэст Сабіла
Род дзейнасці прэсвітар
Дата нараджэння 18 сакавіка 1932(1932-03-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 лютага 2022(2022-02-05) (89 гадоў)
Грамадзянства
Бацька Канстанцін
Альма-матар
Партыя
Узнагароды і прэміі
Медаль да стагоддзя БНР

Эрнст Сабіла (18 сакавіка 1932 — 5 лютага 2022) — беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 18 сакавіка 1932 года (паводле пашпарта — 31 снежня) у в. Дзегцяроўка Мінскага раёна ў БССР. Праз некалькі гадоў сям’ю як «нядобранадзейных» перасялілі далей ад мяжы — углыб тагачаснай БССР, у Бабруйск. Ад маленства далучыўся да эвангелістаў, чыя дзейнасць была легалізаваная падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну. На працягу 1943—1944 сям’я Сабілаў супрацоўнічала з адным з савецкіх партызанскіх атрадаў Бабруйшчыны.

У 1949 годзе, калі Эрнст Сабіла заканчваў Барысаўскую сярэднюю школу, на яго завялі справу савецкія карныя органы: ён хацеў стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў — такія думкі і паводзіны былі хутка заўважаны ва ўмовах савецкай школы.

Зняволенне[правіць | правіць зыходнік]

У першай палове 1951 года паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут[2]. Летам, будучы студэнтам, быў арыштаваны па артыкуле 72-Б Крымінальнага кодэксу БССР («актыўная агітацыя з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў»). Утрымоўваўся ў «амерыканцы». Праз два месяцы быў прысуджаны да расстрэлу[3], але расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў канцлагераў. Пра гэта Эрнст Сабіла ўспамінаў так: «Уся гэтая судзейска-гэбісцкая зграя ненавідзела мяне лютай нянавісцю. Бо ў мяне не было за што зачапіцца. Яны не разумелі — як так, з сялянаў, партызаніў, і пры гэтым агітаваў насуперак іхнай ідэалогіі. Я не ўпісваўся ў іхныя схемы, і гэтым выклікаў яшчэ большую нянавісць. Суддзя быў гатовы выканаць прысуд проста ў залі паседжанняў…».

З 1951 па 1956 год адбываў тэрмін зняволення ў лагерах Электрасталь (Падмаскоўе), Усць-Каменагорск (Паўночны Казахстан), Кемераўскай вобласці, а таксама ва Уладзімірскай турме. У 1953 і 1954 гадах ён двойчы рабіў спробы ўцёкаў, і, паводле ўласнага прызнання, толькі цудам застаўся ў жывых. У 1956 годзе судовая камісія ВС СССР рэабілітавала Эрнста Сабілу, але ён на волі ён быў толькі некалькі месяцаў, бо ў студзені 1957 года зноў стаў вязнем ГУЛАГа. Адносна прычынаў гэтага ён пазней казаў наступнае: "Тады пачаліся вугорскія падзеі. Нейкія тайныя ўказы былі, савецкія ўлады сталі вяртаць нядаўна вызваленых назад у лагеры. Рашэнне камісіі ВС СССР па маёй справе адмянілі «за цяжкасцю здзейсненага злачынства».

Ад гэтага моманту знаходзіўся ў Мардовіі. Там ён увайшоў у склад сябрыны беларусаў-зняволеных, сярод якіх былі такія асобы як Браніслаў Ржэўскі, Цімох Вострыкаў, а таксама афіцэры беларускага эскадрону Барыса Рагулі і іншыя. У 1959 годзе быў абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі (РПП), і правёў год пад следствам у Саранскай турме. Па справе РПП прайшло больш за сорак чалавек, але за недастатковасцю абвінавачванняў справа была закрытая — Эрнст Сабіла ўспамінаў: «Гэта абсурд. Я пісаў у сваёй заяве, маўляў, тады здымайце з мяне абвінавачванне ў беларускім нацыяналізме…».

Пасля вызвалення[правіць | правіць зыходнік]

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены. Вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці. Ад часу вызвалення знаходзіўся пад наглядам КДБ[3]. Задачай спецслужбаў было выцясненне Эрнста Сабілы з Мінску: яму не давалі мінскай прапіскі, імкнуліся перашкодзіць спробам знайсці працу. У 1969 годзе удалося ўладкавацца на Мінскі трактарны завод. У 1970-х гадах здолеў скончыць вячэрняе аддзяленне Мінскага інстытута замежных моваў. Напачатку 1970-х стаў казанікам адной з незарэгістраваных баптысцкіх грамадаў Мінску. Ад гэтага моманту і да канца 1980-х на яго трывала актыўна палявала КДБ: спецслужбы палявалі за вернікамі, праводзілі аблавы і ператрусы на кватэрах, дзе вяліся малебны і г.д. Тым не менш, паводле ўспамінаў, Эрнсту Сабіле штораз удавалася пазбегнуць арышту: «Заўжды знаходзіліся людзі, якія дапамагалі. Часцяком нам даводзілася ўцякаць праз суседнія балконы…». Пераследы паводле рэлігійных матываў савецкія ўлады спалучалі з цкаваннем на працы, аднак Сабіла не даваў ніводнай падставы для свайго звальнення з працы. Паводле Севярына Квяткоўскага, Эрнст Сабіла не ішоў на маральныя кампрамісы з уладамі, а ўласную актыўнасць скіроўваў на сплачэнне сваёй грамады ды вывад яе з-пад удараў камуністычнай дзяржавы.

«Адраджэнне»[правіць | правіць зыходнік]

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, рукапакладзены пастарам Васілём Чаропкам. З гэтага перыяду звяртаецца да актыўнай грамадскае дзейнасці, выступае ў сродках масавай інфармацыі і на мітынгах, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе як пастар асвяціў першы з’езд Беларускага народнага фронту: на першым з’ездзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асвячаючы палітычнае мерапрыемства.[4] У 1999 годзе ўзначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква. З сярэдзіны 1990-х найбольшыя намаганні аддаваў жыццю сваёй царквы. Выйшаў на пенсію і пачаў будаваць евангельскі храм у Асіповічах.

2000-я годы[правіць | правіць зыходнік]

З другой паловы 2000-х належыць да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, сябар яе Нацыянальнага савета.[5] У жніўні 2005 года суд зліквідаваў пратэстанцкую суполку «Беларуская Эвангельская царква» і патрабаваў, каб Эрнст Сабіла заплаціў 127 500 рублёў.[6] 30 мая 2006 года ўлады Беларусі пазбавілі Беларускую Евангельскую Царкву рэгістрацыі.[7]

2010-я годы[правіць | правіць зыходнік]

У 2012 годзе Эрнст Сабіла быў дапушчаны да палітвязня Сяргея Каваленкі і прабаваў пераканаць яго спыніць палітычную галадоўку, але той заявіў, што спыніць галадоўку, толькі пасля вызвалення.[8] Галадоўкі Сяргея Каваленкі агулам доўжыліся каля 3 месяцаў, за час якіх ён схуднеў на 40 кілаграмаў, патрапіў у Рэспубліканскі турэмны шпіталь і псіхіятрычную бальніцу ў Навінках, але ў выніку ён быў вызвалены — пасля прымусовага падпісання ім прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

У 2013 годзе, праз 15 гадоў пасля пачатку будаўніцтва царквы, была пабудаваная толькі палова, таму Эрнст Сабіла звярнуўся па дапамогу, бо камяніцу магла забраць дзяржава паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 520 «Пра некаторыя меры па ажыццяўленні адносінаў у галіне будаўніцтва, адабранне і выдзяленне зямельных дзялянак». У недабудаванай царкве, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, Эрнст Сабіла ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі. Для збору сродкаў на дабудову царквы адкрыў дабрачынны рахунак у «Беларусбанку».[9]

У 2015 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў інтэрв’ю «Белсату» заклікаў беларускіх патрыётаў аб’яднацца.[10]

Памёр 5 лютага 2022 года[11].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Эрнст Сабіла: «Мая вайна — на каленях перад Богам» // Наша Ніва. 1998. № 14.
  • Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста і Кніга Псалмоў / пераклад з грэцкага: Э. К. Сабіла, С. А. Малахаў. — Мінск : Царква Абуджэнне, 2018. — 528 с. ISBN 978-985-6184-57-7

Зноскі

  1. Біяграфія Эрнста Сабілы
  2. Пастар Сабіла Эрнст Канстанцінавіч. spadchyna.net. Праверана 9 сакавіка 2012.
  3. 3,0 3,1 Віншаванні з днём народзінаў Эрнста Сабілы. Пакаяньне. Праверана 9 сакавіка 2012.
  4. Да Каваленкі дапусцілі пастара Сабілу. Наша Ніва (9 сакавіка 2012). Праверана 9 сакавіка 2012.
  5. Сяргей Пульша. З’езд БХД абраў кіраўнікоў партыі, прыняў яе статут і праграму, БелаПАН (28 лютага 2009). Праверана 8 красавіка 2013.
  6. З пратэстанцкага пастара Эрнста Сабілы патрабуюць грошы за ліквідацыю суполкі
  7. Віншуем з 85-годдзем Эрнста Сабілу!
  8. Эрнст Сабіла: Каваленка спыніць галадоўку толькі ва ўласнай кватэры Архівавана 1 ліпеня 2020.
  9. Радыё Свабода. Эрнст Сабіла просіць дапамогі
  10. Размова Калінкінай. Эрнст Сабіла: У Беларусі ідзе бітва — трэба сціснуцца ў кулак! Архівавана 28 чэрвеня 2020.
  11. Памёр Эрнст Сабіла
  12. Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны пастару Эрнсту Сабілу

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]