Першы ліст Пятра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Першы ліст апостала Пятра

Апостал Пётр пэндзля Мазачыа
Раздзел: Новы Запавет
Вікікрыніцы: Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры

Тэкст на Вікікрыніцах

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Першы ліст апостала Пятра, Першы Сабо́рны ліст Свято́га Апо́стала Пятра́[1], Першае Сабо́рнае Пасла́нне свято́га Апо́стала Пятра́[2], 1-ы ліст Пётры[3], Пе́ршае пасла́ньне Пятра́[4] — адзін з лістоў апостала Пятра, які ўваходзіць у спіс кніг Новага Запавету. Змяшчаецца пасля ліста Якава перад другім лістом апостала Пятра.

Адрасат[правіць | правіць зыходнік]

У першым вершы аўтар звяртаецца да «прышэльцаў» — так у старадаўнія часы называлі яўрэяў, якія жылі у Дыяспары. Хутчэй за ўсё, апостал звяртаецца да хрысціян, у якіх няма зямной айчыны, большая частка якіх была з былых язычнікаў і якія жылі ў правінцыях Малой Азіі.

Аўтарства і асаблівасці ліста[правіць | правіць зыходнік]

Ліст напісаны Пятром, самым блізкім паслядоўнікам Ісуса Хрыста. Ліст напісаны на вельмі добрай грэчаскай мове. Вядома, што, знаходзячыся ў Рыме, Пётр выкарыстоўваў паслугі перакладчыка. Магчыма, у напісанні яму дапамагаў яго паплечнік Сільван.

Мэта напісання ліста[правіць | правіць зыходнік]

Абсалютная большасць хрысціян жыла ў варожым асяродзі і таму ўвесь час падвяргалася пераследванням і нападкам з боку суседзяў, былых сяброў, родных і гарадской беднаты. Таму апостал накіроўвае да вернікаў ліст натхнення, расповяд пра надзею, якая іх чакае на нябёсах. Ліст павінен прынесці вернікам мужнасць і дапамагчы ва ўзрастанні ў веры. Адначасова Петр звяртаецца і да біскупаў цэркваў, заклікаючы клапаціцца пра ўвераны ім Божы статак, тым самым ставячы за мэту падтрымаць арганізацыйную структуру маладой царквы.

Змест ліста[правіць | правіць зыходнік]

Апостал хоча паказаць сваім чытачам, як яны могуць пражыць хрысціянскім жыццём у варожых адставінах. Таму гэты ліст можна назваць лістом пра пакуты, але, у той жа час, ён і ліст пра хрысціянскую надзею. Паколькі пакуты звязаны з іспытам сапраўднасці веры, то хрысціяне павінны радавацца пакутам, паколькі яны судзейнічаюць у пакутах Хрыста на Галгофе. Але не кожным пакутам трэба радавацца: толькі тады, калі вернікі падвяргаюцца ганенням незаслужана, яны пакутуюць за Хрыста. Калі вернікі сталіся сапраўднымі хрысціянамі, то яны павінны жыць свята і годна, каб у іх жыцці праслаўляўся Пан і Хрыстос. Святасць хрысціян праяўляецца ў перайманні Хрысту, у цярпенні, у няўхільным выкананні правіл маральнасці, у добрых адносінах да ўсіх: не толькі да братоў, але і да ўсіх людзей, у тым ліку і ворагаў. Таксама важныя ўзаемаадносіны ў сям’і, паміж рабамі і панамі.

Пётр засцерагае старшынь суполак аб небяспецы ганарлівасці і жадання заўсёды быць першымі, таму што Божы Суд распачнецца з Божага народу і будзе больш жорсткім да кіраўнікоў, таму што на іх узведзены абавязак наглядаць за Божым статкам. Таму святары павінны быць прыкладам як у служэнні, так і ў жыцці.

Час і месца напісання ліста[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што ліст быў напісаны напярэдадні ганенняў Нерона, прыкладна ў 62-64 гг. н.э. Месцам напісання лічыцца Рым, таму што ў канцы ліста апостал перадае прывітанне з Вавілону, а менавіта так першыя хрысціяне называлі сталіцу Рымскай імперыі.

Структура ліста[правіць | правіць зыходнік]

Ліст падзелены на 5 раздзелаў. Ён пачынаецца з традыцыйнага прывітання і ўдзячнай малітвы да Бога. Потым аўтар звяртаецца да тэмы Выратавання і неабходнасці святога жыцця, павольна пераходзячы да тэмы пакутаў. Асаблівую ўвагу Пётр звяртае на практычнае жыццё вернікаў, пра іх абавязкі перад грамадствам, дзяржавай і Царквой. Тэма пакут праходзіць праз увесь ліст: у мінулым вернікі ўжо спазналі ганенні, але ў будучыні іх чакаюць новыя выпрабаванні. Таму яны павінны быць пільнымі, бо набліжаецца Божы Суд, калі кожны атрымае згодна таму, што ён рабіў. Ліст скончваецца парадамі да старшынь ды моладзі, а таксама прывітаннямі.

Сціслы план ліста[правіць | правіць зыходнік]

  • Прывітанне (1:1-2)
  • Выратаванне вернікаў(1:3-12)
  • Заклік да святасці (1:13-2:10)
  • Жыццё ў свеце і непазбежнасць пакут (2:11-4:19)
  • Настаўленні старшыням і моладзі(5:1-11)
  • Завяршэнне ліста (5:12-14)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. — Мінск: Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора: Медыял, 2017. — 544 с. — ISBN 978-985-6594-63-5 ISBN 978-985-6914-45-7.
  3. Біблія кананічная. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2017. — 928+336 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-6183-14-3.
  4. Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Жан Кальвин. Толкование на 1-е Петра, 1-е Иоанна, 1-е и 2-е послание к Фессалоникийцам. Мн., 2011.
  • Толковый Апостол. Соборные послания, изъясненные Епископом Михаилом. - М.: Правило веры, 2009. - 769 с. ISBN 978-5-94759-099-9
  • Эдмунд П. Клоуни. Первое послание Петра. - М.: ХЦ «МИРТ», 2001. - 239 с. ISBN 5-88869-106-2
  • Мэтью Генри. Толкование на книги Нового Завета. Том 5: Послания от Иакова — Коринфянам. 1999. 406 с.