Літавец
| Мэмарыяльны комплекс «Літавец» | |
|---|---|
| | |
| Заснаваны | 1986 |
| Заснавальнік | С. Гарбунова, В. Яўсееў, В. Здасюк і інш. |
| Адкрыты | 5 ліпеня 1987 года |
| Дата закрыцця | 14 студзеня 1943 |
| Краіна | |
| Месцазнаходжанне | ур. Літавец, Дзяржынскі раён Мінская вобласць Беларусь |
Літаве́ц (трансліт.: Litaviec) — былая вёска (урочышча) на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. У студзені 1943 года знішчана нямецкімі акупантамі разам з жыхарамі падчас карнай аперацыі «Якаб». За 53 км ад Мінска, 34 км ад Дзяржынска, 7 км на захад ад вёскі Радзіма.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядома з 1620 года, згадана ў інвентары зямель князя Радзівіла, потым перайшла ва ўладанне графа Чапскага[1].
У 1930—1941 гадах насельніцтва Літаўца вырасла амаль на 40 працэнтаў. Да 1939 года ўваходзіла ў склад Зенькавіцкага сельсавета Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У вёсцы жыло 208 чалавек, быў калгас «Ударнік», старшыня — Міхаіл Аляксандравіч Лімантаў. З кастрычніка 1939 года вёска ўваходзіла ў склад Станькаўскага сельсавета Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. У 1941 годзе ў лясная вёсцы паўднёваўсходняй часткі Дзяржынскага раёна было 42 хаты, 227 жыхароў.
Ляснымі дарогамі вёска была злучана з вёскамі Александрова, Самадураўшчына (з 1964 года — в. Радзіма), Баркі і Данілавічы.
Напачатку вайны 12 мужчын пайшлі ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе яшчэ 10 пайшлі ў партызанскія атрады Нікіціна, 25-годдзя Кастрычніка, імя Варашылава і ў атрад «Баявы». З лета 1942 года вёска лічылася партызанскай, тут дыслакаваўся атрад «Баявы» пад камандаваннем старшага лейтэнанта Б. В. Жаўрыда.
20 снежня 1942 года паблізу вёскі быў бой, загінула 4 немцы і 2 партызаны — камандзір атрада «Баявы» Б. В. Жаўрыд і камандзір дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант Міхіл Запольскі.
Карная аперацыя
[правіць | правіць зыходнік]8 студзеня 1943 года на тэрыторыях, прылеглых да Станькаўскага лесу з боку Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, пачалася карная аперацыя «Якаб». Мэтай аперацыі было знішчэнне партызанскіх атрадаў у паўднёвым, паўднёваўсходнім і ўсходнім кірунках ад Мінска, расправа з насельніцтвам шматлікіх партызанскіх зон. Для правядзення аперацыі былі зняты баявыя часткі з фронту, таксама ў ёй удзельнічалі сілы батальёнаў СС, жандармерыі і паліцэйскія мясцовыя падраздзяленні.
Гісторыя Літаўца скончылася 14 студзеня 1943 года, выратавалася толькі некалькі чалавек.
9 чэрвеня 1943 года ў 14 выпуску падпольнай малафарматнай газеце «Патриот Родины» быў апублікаваны верш «Адпомсцім»[2]:
Літавец, Літавец, знаёмая вёска.
Ні даўно ты садамі цвіла,
Ні даўно вечарамі гармоніка
Збірала на танцы дзяўчат!
Ты скажы мне, дзе дзеліся хаты,
І куды тваі людзі пайшлі?
Папалілі ўсе сволачы, каты,
І людзей папалілі жывых.
Напіліся крыві чалавечай,
Дзяцей напаілі слязой,
А тыгры ў шкуры авечай,
Па краіне гуляюць з касой.
Дзе іх сэрца, фашысцкія гады,
Дзе душа іх, паганая кроў,
Каб дзіця вырываць з рук у маткі,
І паліць на вачах у бацькоў.
А пасля нападаць і на матку,
Што ад страху губляе чуццё,
Што стаіць на каленях і просіць:
«Падаруйце, панок, мне жыццё».
Гэты «пан» нікому не даруе
Яму плацяць за слёзы і кроў.
Дык дарэмна ж народ лямантуе
І дарэмна цалуе «паноў».
На адплату, браты беларусы,
На адплату за нашых дзяцей,
За жанчын, за сірот на адплату
Падымайцеся брацця жывей!
Мемарыяльны комплекс
[правіць | правіць зыходнік]
У 1986 годзе на месцы спаленай вёскі пабудаваны мемарыяльны комплекс «Літавец» (скульптар С. Гарбунова, архітэктары В. Яўсееў і В. Здасюк, мастацтвазнавец У. Пракапцоў, тэкст-прысвячэнне паэта Рыгора Барадуліна).
Узведзены ён на грамадскіх пачатках, у будаўніцтве ўдзельнічалі камсамольцы Дзяржынскага раёна. Вялікі ўклад уняслі камсамольцы і моладзь Дзяржынскага доследна-механічнага завода (сакратар В. Трышкін), Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса (сакратар А. Юргенсан), саўгаса імя Марата Казея (сакратар М. Маскаль), завода жалезабетонных маставых канструкцый (сакратары Ф. Стрыкаў, А. Змачынскі).
Мемарыял быў адкрыты 5 ліпеня 1987 года.
Скульптар Святлана Гарбунова стварыла цэлую барэльефную кампазіцыю. На лясной паляне пастаўлены ўязны знак, побач — бэлькі, паднятыя над зямлёй. Яны сімвалізуюць рэшткі хаты, спаленай фашыстамі. На адной з бэлек — назва вёскі, на другой — тэкст, які распавядае пра трагедыю. Пракладзеная «вуліца» вядзе да цэнтра былой вёскі — да цэнтральнага барэльефа, дзе паказана мірнае жыццё: стары пляце кошык, маці з сынам, які ўсміхаецца і робіць першыя свае крокі ў жыцці, на іх глядзяць дзеці, што ляжаць на печы.
На барэльефе словы тэкст-прысвячэнне паэта Рыгора Барадуліна:
Ні жудасць не астудзіць, ні мароз зямлю,
Дзе крык жывы травой прарос.
Агонь у напаміне, ва ўспаміне.
Прыйдзі, адчуй, што прысак тут не стыне.
Каля спаленых хат пасаджаны дрэвы — сімвалы жыцця, але на адным з іх буслінае гняздо без птушак — напамінак аб трагічным лёсе вёскі. Многія сваякі пабудавалі абеліскі на месцы спаленых хат. А ля дарогі — лаўкі-пліты.
На ўскраіне вёскі — помнік партызанам атрада «Баявы». Тут пахаваны камандзір асобнага партызанскага атрада «Баявы» старшы лейтэнант Б. В. Жаўрыд і начальнік дыверсійнай групы гэтага атрада лейтэнант М. Запольскі, якія загінулі падчас бою з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 20 снежня 1942 года.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч прысвяціў памяці землякоў, спаленых нямецкімі фашыстамі ў Літаўца верш «Голас слухайце, пакаленні».
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Віктар Пятровіч Тоўсты (1914—1993) — генерал-лейтэнант войск сувязі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Сестры Хатыни — Дзержинская районная централизованная библиотечная система. dzerlib.by. Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2024. Праверана 28 лютага 2024.
- ↑ Патриот Родины #14(1943) - Периодические издания времени Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.). Репозиторий ЦНБ НАН Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 29 лютага 2024. Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 494. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Валахановіч А.І. Дзержинщина: прошлое и настоящее. — Минск: Наука и техника, 1986. — С. 148, 151-152. — 197 с.
- Валахановіч А.І. За што іх спалілі // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2005. — С. 3.
- Валахановіч А.І. Памяць: Дзяржынскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск: БЕЛТА, 2004. — С. 293-294. — 701 с. — ISBN 985-6302-64-1.
- Вашкевич Г. Сестра Хатыни // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2008. — 19 студзеня — С. 3.
- Довнар Л. Цветы – к обелискам // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2009. — 7 лютага — С. 3.
- Ждановіч В. Літавец // Маладосць. — 1987. — В. 10. — С. 149-153.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 1. — С. 171. — 284 с.: іл.
- Іовенка М. ...Прысак тут не стыне // газета «Сцяг Кастрычніка». — 1987. — 9 ліпеня
- Лысак І. Сляды фашысцкіх зверстваў на Дзяржыншчыне // газета «Сцяг Кастрычніка». — 1991. — 11 красавіка — С. 3,4.
- Лобанок В. Е. и др. Нацистская политика геноцида и "выжженной земли" в Белоруссии. 1941-1944. — Минск: Беларусь, 1984. — С. 50. — 271 с.
- Малашэвіч Я. В. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. Дзень за днём: ілюстраваная храналогія. — Мінск: Беларусь, 2004. — С. 81. — 230 с. — ISBN 985-01-0514-3.
- Новікаў М. Дарогамі памяці // газета «Сцяг Кастрычніка». — 1982. — 6 сакавіка — С. 2.
- Падаляк Т.У. Нашчадкі вогненных вёсак: дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — С. 167. — 192 с. — ISBN 985-694-102-4.
- Пашков Г.П. и др. Иллюстрированная хронология истории Беларуси. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 1998. — С. 380. — 420 с. — ISBN 985-11-0116-8.
- Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 624 c.: іл. — ISBN 985-11-0011-0.
- Пяць вёсак Дзяржынскага раёна таксама напаткала Хатынская трагедыя // газета «Узвышша». — 2013. — 30 сакавіка — С. 4.
- Пашков Г.П. и др. Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т.. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — Т. 5. — С. 343. — 752 с.
- Савинов Б. Дзержинские сестры Хатыни // газета «Узвышша». — 2018. — 23 сакавіка — С. 7.
- Трагедыя беларускіх Хатыняў: Памяці спаленых вёсак Дзяржынскага раёна. — Дзяржынск: ДУ "Дзяржынская раённая цэнтралізованная бібліятэчная сітэма", 2018. — С. 25-44.
- Трыгубовіч В. Акно ў народную памяць // Мастацтва Беларусі. — 1987. — В. 10. — С. 66-67.
- Халдеева А. Неугасающая память // газета «Узвышша». — 2018. — 23 чэрвеня — С. 3.
- Черненко О. И пепел стучит в сердца // газета «Сцяг Кастрычніка». — 2000. — 21 чэрвеня — С. 2.
- Шушкевіч С. Голас слухайце, пакаленні: верш // Выбранае: вершы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — С. 73. — 414 с.