Магілёўскі аўтамабільны завод
Магілёўскі аўтамабільны завод (МаАЗ) — беларускі вытворца земляройна-транспартнай тэхнікі. Выпускае аўтамабільную тэхніку, прызначаную для кар’ерных работ, падземных распрацовак рудных матэрыялаў, а таксама будаўніцтва дарог, плацін, тунэляў і мастоў.
Створаны ў 1935 годзе як аўтарамонтны завод. За мінулы перыяд некалькі разоў мяняў профіль вытворчасці. Сваю сучасную назву — Магілёўскі аўтамабільны завод (МаАЗ) імя С. М. Кірава — прадпрыемства атрымала 28 сакавіка 1966 года.[1]
З 2006 года завод з’яўляецца філіялам ААТ «БелАЗ».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Магілёўскі аўтамабільны завод быў створаны ў 1935 годзе як аўтарамонтны завод. У канцы 1930-х гадоў Магілёўскі АРЗ фактычна быў абаронным прадпрыемствам — значную частку яго праграмы складалі спец. замовы. Ён быў асноўнай рамонтнай базай для аўтамабільных і бранятанкавых частак Заходняй Асобай Ваеннай акругі. У час Вялікай Айчыннай Вайны завод быў эвакуіраваны ў Заволжа і стаў часткай маторабудаўнічага гіганта, які вырабляў авіярухавікі для знакамітых ІЛ-2.
У пасляваенны перыяд завод выпускаў парасілавыя ўстаноўкі магутнасцю ад 10 да 100 л.с. Устаноўкі прызначаліся перш за ўсё для электрыфікацыі і цеплафікацыі сельскай гаспадаркі і мясцовай прамысловасці.
З 1955 года па 1968 год завод выпускаў электрамаставыя краны грузападымальнасцю 5 тон і маслазапраўшчыкі на базе аўтамабіляў ГАЗ.
У красавіку 1958 года было прынята рашэнне ўрада аб спецыялізацыі ў аўтамабільнай прамысловасці. Адным з пунктаў гэтага рашэння загадвалася перадаць вытворчасць аднавосевых цягачоў і скрэпераў, распрацаваных на Мінскім аўтазаводзе, заводу пад’ёмна-транспартнага абсталявання імя С. М. Кірава Мінцяжмаша СССР у Магілёве, які да гэтага часу выпускаў электрамаставыя краны, парасілавыя ўстаноўкі і маслазапраўшчыкі на базе аўтамабіляў ГАЗ-51.
З чэрвеня 1958 года на магілёўскім заводзе наладжваецца «адвёрткавая» зборка мадэрнізаваных аднавосевых колавых цягачоў МАЗ-529В з двухмеснай кабінай і рухавіком ЯАЗ-М206А магутнасцю 180 к.с. З 2 верасня 1958 года пачынаецца выраб ўстановачнай партыі машын, які завяршаецца да канца года. Паступова завод пераабсталявалі для паўнавартаснай серыйнай вытворчасці[1].
З 1960 года перайшоў на вытворчасць земляройна-транспартнай і аўтамабільнай тэхнікі.
Пераход на вытворчасць земляройна-транспартнай і аўтамабільнай тэхнікі ажыццяўляецца з непасрэдным удзелам Мінскага аўтамабільнага завода, цесная сувязь з якім працягваецца да цяперашняга часу.
У 1960 годзе з Мінскага аўтазавода была пераведзена група канструктараў, якая стала асновай стварэння канструктарска-эксперыментальнай базы завода. З 1966 года — аўтамабільны завод, з 1975 года — у складзе вытворчага аб’яднання «БелаўтаМАЗ»[2].
Прадукцыя
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі відамі выпускаемай прадукцыі заводам з'яўляюцца:
- самаходныя скрэперы;
- франтальныя пагрузчыкі;
- падземныя аўтацягнікі
- аўтабетоназмешвальнікі;
- каток самаходны
На базе асноўных вузлоў выпускаецца цэлае сямейства ўніфікаваных машын:
- аэрадромныя цягачы
- трайлеры для перавозкі буйнагабарытных грузаў
- спецыяльная тэхніка для падземных работ
- спецыяльныя шасі для абсталявання вібраўстаноўкай і абсталявання крана;
- мініпагрузчыкі з вялікай гамай навяснога абсталявання
- аўтамабілі-смеццявозы
- электракары
- аўтабульдозеры
Больш за 85% усёй прадукцыі завода адпраўляецца ў Расію і краіны СНД.
Зноскі
- ↑ а б Одноосный тягач МАЗ-529 (руск.)
- ↑ Беларусь 1995.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Магілёўскі аўтамабільны завод // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 451. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Магілёўскі аўтамабільны завод
- МоАЗ — история завода Архівавана 5 чэрвеня 2010. (руск.)