Майкопская археалагічная культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Майкопская культура
Бронзавы век
Кромлех кургана 4 тысячагоддзя да н. э.
Геаграфічны рэгіён Усходняя Еўропа
Лакалізацыя Паўночны Каўказ
Датаванне 3700 да н.э. — 3000 да н.э.
Тып гаспадаркі жывёлагадоўля, земляробства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Майкопская культура — археалагічная культура бронзавага веку ва Усходняй Еўропе. Ахоплівала значную частку Паўночнага Каўказа і суседніх тэрыторый. Перыяд існавання — каля 3700 — 3000 гг. да н. э.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Майкопская культура была вылучана ў якасці асобнай у 1951 г. савецкім археолагам Яўгенам Ігнатавічам Крупновым, аднак даследаванні яе помнікаў пачаліся яшчэ ў канцы XIX ст. Назва была дадзена паводле кургана Ашад на тэрыторыі горада Майкоп, дзе раскопкі вяліся з 1897 г.

Марыя Гімбутас уключыла Майкопскую культуру ў склад Курганнай культуры, якая па яе меркаванню належала да продкаў індаеўрапейцаў. Беларускі археолаг Эдуард Міхайлавіч Загарульскі, які прытрымліваўся Армянскай (або Анаталійскай) гіпотэзы, таксама разглядаў Майкопскую культуру як протаіндаеўрапейскую, прычым сцвярджаў яе першынство ў дачыненні да стэпавай Ямнай культуры. Амерыканскі даследчык Дэвід Энтані ў 2007 г. прапанаваў выключыць Майкопскую культуру са складу протаіндаеўрапейскіх. Леў Самуілавіч Клейн звязваў фарміраванне культуры са з'яўленнем на Паўночным Каўказе продкаў чаркесаў.

Археагенетычнае даследаванне рэштак носьбітаў Майкопскай культуры, апублікаванае ў 2019 г., паказала, што яны з'яўляліся нашчадкамі аўтахтоннага насельніцтва Каўказа (адрознага ад сучаснага, па паходжанню блізкага да людзей, якія жылі на поўдні Сібіры ў эпоху верхняга палеаліта). Аўтары адверглі значны ўплыў выхадцаў з неалітычнай Анатоліі або носьбітаў Ямнай культуры.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі заняткамі носьбітаў Майкопскай культуры былі ручное земляробства і прыдомная жывёлагадоўля. Пра вырошчванне збожжавых культур кажуць знаходкі збожжатарак. Трымалі свінняў, кароў, у меншай ступені — авечак і коней. Жытлы ўяўлялі сабой авальныя або круглыя простыя канструкцыі з прутоў і дошак, некаторыя часткова або цалкам тынкаваныя глінай. Земляную падлогу пасыпалі друзам. У цэнтры або каля сцен у яме ўладкоўвалі агмень з глінянымі борцікамі. Некаторыя будынкі займалі плошчу каля 70 м².

Носьбітам Майкопскай культуры была знаёма апрацоўка металаў: ліццё па васковай мадэлі, коўка з размякчэннем высокатэмпературнымі адпаламі, інкрустацыя бронз срэбрам і золатам, срэбранне і г. д. Бронзавыя вырабы паступалі ў выніку абменна-гандлёвых кантактаў са стэпам. Мясцовыя вырабы часцей складаліся з мыш’яковых сплаваў. Распаўсюджаныя прылады працы: двухбаковыя сякера-цёслы, вушныя цяслы і плоскія сякеры. Відавочна, вырабам керамікі займаліся прафесіянальныя майстры, паколькі на пасудзіны ставілі клеймы. Пасудзіны мелі пляскатае, вострае або круглае дно, былі слаба абпалены. Частка з іх ляпілася ўручную, але карысталіся і ганчарным колам. Маюцца знаходкі невялікіх алебастравых сасудаў, якія паўтараюць формай керамічныя.

Для перамяшчэння ўжывалі вазы з масіўнымі драўлянымі коламі, меркавана запрэжаныя валамі. Баявых калясніц не выраблялі.

Памерлых хавалі ў курганах, знутры якіх ладзіліся каменныя магільні. У кургане Ашад магільня ўяўляла яміну глыбінёй да 1,5 м. Дно было выкладзена каменнем і пасыпана чырвонай фарбай. Ёй пасыпалі таксама і нябожчыкаў. Магільня падзялялася драўлянымі перагародкамі на тры часткі. Галоўны нябожчык-мужчына быў пакладзены ў паўднёвую, большую частку. Дзве іншыя часткі займалі другасныя жаночыя пахаванні. У магільне былі знойдзены прадметы з каштоўных металаў, медны посуд, кераміка і прылады працы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]